Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашук: Нельга быць беларусам, жыць у Празе і не выдаваць кнігі


Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода даў інтэрвію тыднёвіку «Новы час».

Радыё «Свабода» — легендарная радыёстанцыя. Пра яе Васіль Быкаў гаварыў: «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю «Свабоду». Тое сталася звычкаю і патрэбаю душы». Да эфірнай славы Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода ад пачатку новага тысячагодзьдзя надбудоўвае славу выдавецкую. Менавіта Беларуская служба заснавала сэрыю «Бібліятэка Свабоды», у якой можна знайсьці творы, што распавядаюць пра багацьце і самавітасьць беларускай нацыі, пра складаны шлях Беларусі да незалежнасьці. Справы выдавецкія і гуманістычныя з дырэктарам Беларускай службы, заснавальнікам «Бібліятэкі Свабоды» Аляксандрам Лукашуком абмяркоўвалі Аляксей Кароль і Вольга Хвоін.


Аляксей Кароль: Выданьне кніг — не тыповая справа для радыё. Гэта, каб працягнуць у часе тое, што жыве на радыё імгненьне? Як увогуле зьявілася ідэя выдавецкай дзейнасьці на Радыё Свабода?

Аляксандар Лукашук: Я б адказаў проста — нельга быць беларусам, жыць у Празе і не выдаваць кнігі, бо адсюль пачынаў сваю дзейнасьць Скарына. У сярэдзіне 1950-х гадоў Радыё Свабода выдала першую кнігу, прысьвечаную пачатку вяшчаньня. То быў збор першых перадач. На пачатку ХХІ стагодзьдзя Беларуская служба Радыё Свабода распачала выдавецкую справу. Беларусь была адзінай краінай у Эўропе, дзе Радыё Свабода ніколі ня мела ўнутранай рэтрансьляцыі на FM. Кароткія ж хвалі — не найлепшы спосаб дастаўкі інфармацыі да слухача, і таму кнігавыдавецтва для нас ёсьць яшчэ адной мэдыяплятформай, на якой можна даставіць да нашай аўдыторыі інфармацыйны прадукт. У 2001 годзе былі прэзыдэнцкія выбары, і мы зьвярнуліся да слухачоў з прапановай дасылаць нам свае вершы на тэму свабоды. Усяго атрымалі больш за тысячу вершаў. Потым з дапамогай ПЭН-цэнтру да гэтага праекту далучыліся аўтары больш чым трыццаці краін. Сярод іх былі і паэты ў выгнаньні, і нобэлеўскія ляўрэаты, і пачаткоўцы. Самаму маладому аўтару было дзесяць гадоў, а найстарэйшаму — дзевяноста два. І стала зразумела — гэта такое багацьце, што нельга яго ня выдаць кнігай.

Калі мы выдалі першую кнігу і напісалі на ёй «Бібліятэка Свабоды», гэта значыла, што мы ўзялі на сябе абавязак выдаваць кнігі. Але якая будзе наступная, я ніколі ня ведаю. Тэмы вырастаюць з радыёперадач. Пасьля кнігі «Верш на Свабоду» была «Дарога праз Курапаты» — гісторыя абароны ад зруйнаваньня месца масавых пахаваньняў расстраляных ахвяраў камунізму падчас будаўніцтва менскай кальцавой дарогі. На мой погляд, гэта ўнікальны ў гісторыі беларускай журналістыкі дакумэнт штодзённага рэпартажу з аднаго месца на працягу васьмі месяцаў. Наша журналістка Ганна Соўсь, напрыклад, выйшла ў эфір зь лягеру абаронцаў больш за дзьвесьце разоў. Калі мы склалі ўсе матэрыялы разам, то пабачылі, што атрымалася кніга аднаго рэпартажу.

Трэцяя кніга была ўжо відавочная. У 2003 годзе мы разьвіталіся з Васілём Быкавым. Ён быў вялікім сябрам «Свабоды», шмат разоў удзельнічаў у круглых сталах, зь ім былі гутаркі. Ён начытаў для нас сваю кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» — каля сарака гадзінаў запісу. Кніга «Быкаў на Свабодзе» стала клясыкай.

А. К.: «Бібліятэка Свабоды» — гэта своеасаблівы летапіс сучаснай гісторыі з экскурсамі ў мінулае. Фактычна, усе выданьні аб’яднаныя адной тэмай — гісторыя Беларусі на пакручастым шляху да свабоды. Разам з тым ёсьць момант мазаічнасьці. Гэта нармальна, ці будзеце імкнуцца да тэматычнай цэласнасьці?

А. Л.: Наша бібліятэка — жывы арганізм, які разьвіваецца. Галоўная яго рыса — творы, якія зьвязаныя з эфірам Радыё Свабода і працай нашых журналістаў. Магчыма, самая вядомая наша кніга рэпартажу — «Плошча», пра падзеі 2006 году. Гэта чатыры дні 24-гадзінных рэпартажаў, здымкаў, званкоў слухачоў у часе намётавага лягеру на плошчы Каліноўскага. Такім чынам паўстала нацыянальная акустыка гэтай падзеі. Кнігу мы надрукавалі невялікім накладам тысяча асобнікаў. А матэрыялы кнігі з сайту Радыё Свабода былі спампаваныя больш за пяцьдзесят тысяч разоў. Для любой палітычнай кнігі ў Беларусі наклад 50 тысяч проста нерэальны. У Гомелі быў выпадак, калі людзі загрузілі тэксты з сайту, раздрукавалі і пераплялі іх — самвыдат у эпоху інтэрнэту.

А. К.: Хто ваша аўдыторыя, ці маглі б вы ацаніць ролю і ўплыў гэтых выданьняў на грамадзтва?

А. Л.: У «Бібліятэцы Свабоды» можна выдзеліць некалькі сэнсавых накірункаў. Пра рэпартажны мы ўжо гаварылі. Другі кірунак — літаратурны. Напрыклад, Вінцэсь Мудроў напісаў сьмешную кнігу «Альбом сямейны», у якім згадаў розныя словы эпохі савецкага часу: міні-спадніца, палітбюро, ад палёту Гагарына да выбуху ў Чарнобылі. І да кожнага слова была міні-навэла. Гэтая перадача была вельмі папулярная. Рыгор Барадулін цэлае лета распавядаў розныя показкі пра людзей, зь якімі некалі сустракаўся, пісаў эсэ, эпіграмы, і ў выніку выйшла кніга «Дуліна ад Барадуліна». У ёй ёсьць і легендарнае эсэ «Як беларусы сэксам займаюцца». Ёсьць кнігі, зьвязаныя з успамінамі. Некалькі гадоў у нас была перадача мэмуараў — больш за дваццаць чалавек напісалі свае ўспаміны пра яшчэ нядаўняе мінулае. Некаторыя потым выдалі свае кнігі. У гэтай сэрыі ў нас выйшла кніга першага амбасадара Беларусі ў Нямеччыне, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Пятра Садоўскага «Мой шыбалет». Напісалі свае кнігі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, супрацоўніца першай рэдакцыі Радыё Свабода Галіна Руднік. Галіна Руднік — з Бабруйску, перажыла ў Менску вайну, потым выехала ў Нямеччыну.

Калі глядзіш на жыцьцё гэтых людзей, то папросту дзіву даесься, якія фантастычныя, проста мітычныя бываюць выпадкі. Напрыклад, бацька Галіны Руднік быў расстраляны ў 1937 годзе, маці прайшла праз ГУЛАГ. Калі дачка Сталіна ўцякла на Захад і напісала свае ўспаміны, перадала іх у Нью-Ёрскую рэдакцыю для начытаньня, то спачатку твор начытала дачка Шаляпіна, але яе нізкі голас не спадабаўся дачцэ Сталіна. Потым начытала Галіна Руднік, і дачка Сталіна сказала, што акурат такі голас і патрэбны. Так успаміны дачкі найвялікшага тырана ХХ стагодзьдзя вярнуліся праз голас члена сям’і, якая пацярпела ў тых рэпрэсіях.

Мы самі зьдзіўляемся кожнай кнізе, якая выходзіць. Усе гэтыя кнігі знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, некаторых бібліятэках краіны, у бібліятэцы Кангрэсу ЗША, у бібліятэках іншых краінаў. Нашы слухачы дасылаюць нам лісты-заяўкі, і мы перадаём ім кнігі, пакуль яны ёсьць. Я вам прачытаю ліст ад нашага слухача зь вёскі ў Гарадзенскай вобласьці: «Паважаная «Свабода»! Жадаю атрымаць кнігу Сяргея Дубаўца «Як», каб зь яе дапамогай выхоўваць сваіх бацькоў і дзядоў. Яе тэксты з маіх вуснаў яны ўжо будуць слухаць напэўна».

Усе кнігі выдавалі накладам ад адной да дзьвюх тысяч, усе яны разьляцеліся за месяц-два пасьля выданьня. Але жыцьцё кніг працягваецца, бо нашы слухачы спампоўваюць кнігі з сайту і маюць іх на сваіх электронных носьбітах. Як сьведчыць сусьветная культура, любая кніга можа мець незвычайны і цікавы ўплыў і на чалавека, і на хаду падзеяў.

На гэты момант мы рыхтуем 35-ю кнігу. Гэта «Слоўнік Свабоды». Кніга, як ні дзіўна, магла быць самай першай у нашай бібліятэцы. Яна пабудаваная на перадачы, што выходзіла ў 1999 годзе. Мы зьвярнуліся да розных людзей з просьбай напісаць эсэ пра словы і паняцьці мінулага стагодзьдзя. Матэрыялы гэтай перадачы выдаў часопіс «ARCHE». Гэта быў вельмі пасьпяховы выпуск часопіса, яго выкарыстоўвалі падчас выкладаньня ва ўнівэрсытэтах, у дысэртацыях. І вось гэтым «Слоўнікам Свабоды» мы хочам адзначыць дзесяцігодзьдзе «Бібліятэкі Свабоды».

А. К.: У газэце «Новы час» ёсьць рубрыка «Валадары думак». Каго б з герояў і аўтараў «Бібліятэкі Свабоды» вы б аднесьлі да гэтай кагорты?

А. Л.: Думаю, з тых, каго з намі няма, гэта Васіль Быкаў. З тых, хто ёсьць, — Рыгор Барадулін. Вельмі важную кнігу напісаў Уладзімер Арлоў. Ён выбраў тры зь нечым сотні імёнаў людзей, якія нешта зрабілі для свабоды, дэмакратыі ў Беларусі. Ён меў толькі тры хвіліны часу эфіру на кожную асобу. І гэтае патрабаваньне мы пакінулі для кнігі. Кніга «Імёны Свабоды» мела фэнамэнальны посьпех. Камэрцыйныя выдаўцы яе некалькі разоў перавыдавалі, і яна проста разьляцелася па чытачах. Гістарычная літаратура ўвогуле запатрабаваная ў Беларусі, яна вельмі добра ўспрымаецца.

А.К.: А радыёстанцыя «Свабода» як творчы калектыў, на ваш погляд, валадар думак?

А.Л.: Мы жывём у час, калі няма манаполіі на аўтарытэт, на інфармацыю, свабоду выказваньня. Мы жывём у час інтэрнэту. І нельга цяпер заявіць, што мы ці нехта яшчэ валадар думак. Але эмацыйная, інфармацыйная афарбоўка рашэньняў, якія прымаюць людзі, ёсьць з аглядкай на нас. Калі меркаваць зь лістоў да нас, людзі найбольш цэняць ясную маральную пазыцыю, пазыцыю салідарнасьці, што можна пачуць на нашых хвалях. У «Бібліятэцы Свабоды» ёсьць выданьне, якое стаіць крыху асабняком — гэта перадача «Галасы салідарнасьці». Яна выходзіла ў эфір пасьля разгону маніфэстацыі ў сьнежні 2010 году ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў, калі семсот чалавек знаходзіліся за кратамі. Мы зьвярнуліся да знакамітых людзей з просьбай прачытаць па дзесяць імёнаў людзей, якія сустракаюць Новы год у турмах. Адкрываў чытаньні прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, а закрываў Вацлаў Гавэл. Гэта быў выпадак, калі я вучыў прэзыдэнта ЗША беларускаму вымаўленьню. Я казаў яму па тэлефоне: «Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі». І Буш паўтараў: «Кан-ды-да-ты ў прэ-зы-дэн-ты Бе-ла-ру-сі». Некаторыя імёны мы паўтаралі двойчы. Праз год акцыя паўтарылася. Буш і Гавэл напісалі калядныя віншаваньні беларускім палітвязьням. Дарэчы, гэтае віншаваньне было апошнім лістом Вацлава Гавэла: у пятніцу ён напісаў ліст, а ў нядзелю яго ня стала. Ведаю, што многія слухачы, сем’і палітвязьняў высока ацанілі гэты ўчынак вядомых людзей сьвету.

А. К.: Памятаю, як больш за дваццаць гадоў таму пачыналася ваша творчасьць, доступ да закрытых архіваў Інстытуту гісторыі партыі. Я назіраю гэтыя гады фармаваньне некалькіх асобаў у адным Аляксандры Лукашуку: арганізатар-мэнэджэр розных спраў, журналіст, вядучы «Белсата» і пісьменьнік. Як ужываюцца ў адной асобе гэтыя іпастасі?

А. Л.: Ой, зь цяжкасьцю! Бадай што прасьцей за ўсё яны ўжываліся ў часы, калі я быў кіраўніком радыё «Свабодны Афганістан». Праца была адно, астатняе — іншае. Але насамрэч гэтыя розныя заняткі дапаўняюць адно аднаго. Канечне, мне хацелася б пісаць больш. Некалі вы, Аляксей Сьцяпанавіч, дапамаглі апублікаваць адну з самых важных працаў, што я рабіў, — дасьледаваньне жыцьця і сьмерці расстралянага ў 1937 годзе сакратара ЦК КПБ(б) Шаранговіча. Менавіта ваша станоўчая рэцэнзія дазволіла пасьля некалькіх месяцаў боўтаньня гэтага тэксту ў розных аддзелах ЦК надрукаваць яго на старонках газэты. Пасьля выйшла кніга, прадмову да якой напісаў Васіль Быкаў. Але колькі ўсяго недасьледаванага ёсьць у беларускіх архівах! Калі я прыяжджаю ў Менск, заўжды стараюся сустракацца з рознымі дасьледчыкамі, кансультавацца зь імі. Шмат зроблена, але застаецца яшчэ больш! Мая апошняя кніга «Сьлед матылька. Освальд у Менску» пра жыцьцё Лі Гарві Освальда ў Менску. Гэта самая дасьледаваная справа забойства — больш за чатыры мільёны аркушаў дакумэнтаў апублікавана. Але нават у такой справе можна напісаць цэлую кнігу пра невядомыя акалічнасьці! Новы накірунак нон-фікшн дакумэнтальнай літаратуры надзвычай важны.

Вольга Хвоін: Большасьць кніг з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» так ці інакш адсылаюць да гісторыі. Нават падзеі 1990-х гадоў для маладых беларусаў — гэта ўжо гісторыя. Ці не плянуеце вы крыху асучасьніць гэтую сэрыю?

А. Л.: Мы сапраўды гэта робім. Альгерд Бахарэвіч — малады бліскучы пісьменьнік, які цяпер жыве ў Гамбургу. Летась мы выдалі яго кнігу «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча» — антынавуковае выданьне для дактароў-самавукаў, як вызначыў тэму сваіх эсэ пра свабоду і цела аўтар. Кніга выйшла ў фінал прэміі імя Ежы Гедройца. Другі наш аўтар — Лявон Вольскі. У нас ён робіць сатырычны музычны дуэт «Саўка ды Грышка», мы ўжо выдалі адзін дыск. Цяпер Лявон працягвае свой праект, і напрыканцы году мы, відаць, выпусьцім другі дыск. Мы запрашаем творчую моладзь браць удзел у нашых праграмах, праектах.

Два гады ў нас была перадача «Начная чытанка» — усяго каля ста чалавек прачыталі свае творы, і мы выпусьцілі дыск зь іх галасамі. Аналягічная праграма была зь беларускімі бардамі. І мультымэдыйны DVD-дыск «Сто бардаў Свабоды» проста разьляцеўся. Моладзь для нас сапраўды вельмі важная.

В. Х.: Вам не падаецца, што агульная энэргетыка гэтых твораў — гэта энэргетыка калянізаванай нацыі, і нават калі і ёсьць сьмех, то ён скрозь сьлёзы. Беларушчыне наканавана быць сумнай, дэпрэсіўнай?

А. Л.: Праблема правільная, але знак наш іншы. Мы, наадварот, даводзім, што наша гісторыя моцная, самадастатковая, пазытыўная. Узяць бы кнігі Вячаслава Ракіцкага «Беларуская Атлянтыда» ці Міхася Скоблы «Вольная студыя» — яны фантастычныя па сваёй стваральнай энэргетыцы! Неўзабаве выйдзе кніга «Майстроўня» пра беларускую ініцыятыву, што як цуд паўстала ў 1980-я гады і заклала парасткі нашай незалежнасьці. Мне здаецца, што пазытыўныя і важныя кнігі — нават такія, як «Адзін дзень палітвязьня». Быццам бы сумныя кнігі — людзі сядзяць у турмах, але гэта кнігі пра іх сем’і. Людзі старэйшага пакаленьня памятаюць, як у 1990-х гадах зьявіліся першыя праблемы з рэжымам, зь яго стаўленьнем да незалежнасьці, беларускай культуры. Адзін з аргумэнтаў у якасьці тлумачэньня быў такі: у Беларусі за савецкім часам не было нацыянальнага супраціву, не было сваіх дысыдэнтаў, якія б заплацілі за незалежнасьць сваёй барацьбой, пакутамі. Беларускія палітвязьні, асобы, якія апошнія 16 гадоў ахвяруюць сваім здароўем, працай, вучобай, калі паглядзець на ўсё гэта з гістарычнага погляду, то мы знаходзімся ў цэнтры моцнага, аптымістычнага руху, што будзе відавочным крыху пазьней! Мы яго адлюстроўваем, і, можа, не ўсё прыгожа выглядае, але ў гістарычнай пэрспэктыве ўсё надзвычай пазытыўна!

В. Х.: У нашых умовах стаць беларусам — гэта праца. І да вас пытаньне як да мэнэджэра, выдаўца: што можна зрабіць, каб кожны малады беларус зразумеў, якая багатая наша гісторыя, колькі ў нас выбітных людзей?

А. Л.: Гэтую задачу немагчыма вырашыць толькі кнігамі. Найперш, гэта ў кампэтэнцыі адукацыі, дзяржпалітыкі, падтрымкі нацыянальнай культуры. Я згадваю кнігу Ўладзімера Арлова — як важна знайсьці сучасную мову, што будзе зразумелая для пакаленьня facebook і ВКонтакте, што прыцягвае да праблемы ці тэмы. Трэба рабіць сваю працу самай высокай якасьці і на сусьветных узроўнях. Нашая праца мусіць быць канкурэнтаздольнай па-за межамі Беларусі. Ня толькі народ мусіць цягнуцца да творцы, але і творца да народа.

В. Х.: Цяпер многія гавораць, што зьмяніць сытуацыю ў Беларусі можна толькі ў выпадку, калі будзе зьмененая мэнтальнасьць, сьветаўспрыманьне людзей тут. Атрымліваецца, што вы, як і іншыя творцы, ня можаце гэтага зрабіць. Такое пад сілу толькі дзяржаўнай сыстэме?

А. Л.: На мой погляд, асноўная роля належыць сыстэме адукацыі. Я б сюды дадаў яшчэ Царкву і Касьцёл — гэта істотныя нацыяўтваральныя моманты. Кнігі пісаліся ва ўсе часы, але вялікі пласт гуманістычнай літаратуры ў Нямеччыне і ў Расеі не змаглі спыніць зьяўленьня Гітлера і Сталіна. Я ўсё ж думаю, што адна культура ня можа вырашыць гэтую праблему. Роля незалежнай дэмакратычнай дзяржавы тут незаменная.

Тым, хто пытаецца, навошта Радыё Свабода займаецца выдавецкай справай, я адкажу словамі Францыска Скарыны, якімі ён амаль пяцьсот гадоў таму адкрываў у Празе свой першадрук: «Бібліятэка свабоды» выкладзеная беларускай службай са слаўнага месца ў Празе Богу на славу і людзям паспалітым для добрага навучаньня. Бо лепш і ня скажаш!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG