Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малочная вайна» яшчэ не пачалася, а ахвяры ўжо ёсьць


Візыт прэзыдэнта Расеі Пуціна ў Менск адбываецца на фоне пагрозы чарговай малочнай вайны.

Нацыянальны саюз вытворцаў малака Расеі запатрабаваў прыпыніць пастаўкі беларускага сухога малака і масла з 4 чэрвеня да 1 сьнежня, абгрунтоўваючы гэта абаронай інтарэсаў айчынных вытворцаў, якія церпяць ад беларускага дэмпінгу

Тым часам беларускія малаказаводы ўжо цяпер абмяжоўваюць закуп малака з прыватных падворкаў, спасылаючыся на ягоную нізкую якасьць. Для вясковых людзей продаж малака — істотная частка даходу, асабліва ўлічваючы нізкія калгасныя заробкі.

Нягледзячы на тое, што за апошнія гады ў вёсках на Гарадзеншчыне значна зьменшылася колькасьць кароў на прыватных падворках, людзі надалей лічаць, што карова ў гаспадарцы — асноўная карміцелька.

Чыноўнікі, зь якімі даводзілася размаўляць, казалі, што, здаючы малако дзяржаве, праз кожныя дзесяць дзён можна атрымаць за яго жывыя грошы. Інакшы досьвед мае спадарыня Алена зь Лідзкага раёну. Яна кажа, што апошнім часам аплаты сталі рабіць нерэгулярна:

«І ведаеце, аддаём малачко ўсяго па 2550 за літар. І вось сёньня нам заплацілі толькі за першую дзесяцідзёнку траўня. Прычым ніякай надбаўкі, нічога цяпер не даюць. Апошнім часам дрэнна разьлічваецца малочны камбінат, і ніякіх надбавак за якаснае малако».

Спадарыня Вера з Астравецкага раёну распавядала, што апошнім часам малочны завод вяртае людзям малако, спасылаючыся на дрэнную якасьць. І на ўзроўні кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства ніяк не вырашаецца застарэлая праблема з нарыхтоўкай кармоў і выганам для кароў:

«Вось утрымаць карову сапраўды цяжка. Калгас не дае ніякіх кармоў. От, калі здаеш цяля ў калгас, то яшчэ воз сена дадуць — і ўсё, а інакш трэба самому недзе ісьці шукаць і касіць. І паша слабая, ніхто не падкормлівае траву, як яна парасла, так і застаецца».

Спадарыня Алена зь Лідзкага раёну таксама распавядае, што найцяжэй — гэта ўтрымаць кароўку. Шмат хто, маўляў, нават хто жыве адзін у вёсцы, хацеў бы мець кароўку, але не заводзяць, бо ня могуць нарыхтаваць кармоў:
Вось ёсьць жанчыны адзінокія, яны б трымалі кароўку, а як ёй пакасіць, як прывезьці?

«І накасіць няма каму. Вось ёсьць жанчыны адзінокія, яны б трымалі кароўку, а як ёй пакасіць, як прывезьці? Дый калі за малако дадуць той сенакос? Хіба як тая трава здрацянее, узімку тая скаціна ўжо ня хоча яе есьці».

З Пухавіцкага раёну, што на Меншчыне, патэлефанаваў сёньня на «Свабоду» жыхар вёскі Блонь Міхаіл Мартышэнка. Ён паскардзіўся, што тутэйшыя прыватныя гаспадаркі не забясьпечаныя пашай для кароў. Таму вяскоўцы пачалі збываць жывёлу.

Перадусім Міхаіл Мартышэнка пералічвае сваю жывёлу:

«На сёньняшні дзень маем шэсьць кароў, тры цяляці, два кані. Трымаем таксама сьвіней, ёсьць каза, гусі й куры. Плянуем разьвесьці качак… Але няма цяпер пашы, бо старшыня сельсавету абмануў нас і перадаў усе сельсавецкія ўчасткі ў мясцовы саўгас. Бяз пашы засталася наша жывёла, хоць лішкі малака здаём дзяржаве — кожны месяц больш як паўтоны малака…»

Старшынюе ў Блонскім сельсавеце Мікалай Кірпічоў. І ў гутарцы зь ім высьвятляецца, што пакрыўдзіў людзей ягоны папярэднік. Той зараз вызвалены ад пасады й абвінавачваецца Менскай абласной пракуратурай у атрыманьні хабару за незаконнае выдзяленьне зямельных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва жыхарам Менску й райцэнтру.

Мікалай Кірпічоў: «Сапраўды, перадалі гэтую пашу ў карыстаньне племзаводу „Індустрыя“. А ў гаспадарцы гэтую пашу перааралі й засеялі…»

Наконт магчымага вяртаньня пашы сельсавету яго старшыня мае сумневы:

«Сёньня вярнуць зямлю з калгаснага ворыва вельмі складана. У сельсавеце цяпер толькі самапіска й тэлефон. У нас няма адпаведнай тэхнікі, каб даглядаць пашу належным чынам… А яшчэ, ведаеце, гэтая паша знаходзіцца ў цэнтры вёскі, а сюды часта наведваюцца розныя кіраўнікі. Прыедуць, а тут… трава не падкошваецца… Таму, магчыма, і з-за гэтага перадалі…»

Далей распытваю пухавіцкага фэрмэра Віктара. Ён спраўджвае чуткі, што мясцовая ўлада самаўпраўна распараджаецца зямлёю, якая была некалі выдзелена для разьвіцьця фэрмэрства й прыватных гаспадарак. Меркаваньне суразмоўцы:
На мой погляд, хутка ў Беларусі нават будуць даплачваць за тое, каб узялі зямлю.

«Калі зямля запатрабаваная, то, адпаведна, за яе будуць спрэчкі. Гэта — мясцовыя праблемы. А ў нас тут шмат зямлі не запатрабавана, бо калгасы не даюць рады яе апрацоўваць. На мой погляд, хутка ў Беларусі нават будуць даплачваць за тое, каб узялі зямлю…»

Сёлета 13 красавіка, наведваючы Столінскі раён на Берасьцейшчыне, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня будзе разганяць калгасы й саўгасы, а прыватнікам й фэрмэрам трэба раздаваць няўдобіцы й пустуючыя землі.
XS
SM
MD
LG