Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: Шашлык у рэжымнай зоне


Гарадзенцы абмяркоўвалі будучы ІХ Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культур зь недаверам: «На “сьвята” будуць зноў амапаўцы цераз турнікеты, як злачынцаў, прапускаць? І ўсе ператворацца ў статак авечак у загоне. Не пайду!!!».

Як у ваду глядзелі! Абвешчана, што на фэсьце будзе «створаная рэжымная зона», на кожным кроку будуць «кантрольна-прапускныя і фільтрацыйныя пункты, на якіх будзе ажыцьцяўляцца асабісты догляд грамадзян». Хто адмовіцца ад вобыску, «на сьвята дапушчаны ня будзе», – папярэдзілі афіцыйна.

«Паліцэйскі рэжым»


Я таксама зацікаўлена сачыў за падрыхтоўкай да «інтэрфэсту», над якім ламалі галовы ажно трыццаць рэжысэраў! Часам рабілася ніякавата, часам сьмешна. Напрыклад, упершыню будзе ўдзельнічаць сталічны гурт вэнэсуэльскага народнага танцу, у якім «займаюцца танцам пятнаццаць беларусаў».

Сёньня найбольш уразіла, што расьце лічба людзей, хто адмаўляецца ад такога сьвята з паліцэйскім душком. Яскравыя камэнтары:

«А фэст увогуле — санкцыянаваная акцыя? І хто арганізатар?»

«Пры фашысцкай акупацыі, напэўна, прасьцей было па горадзе перамяшчацца».

«Я, канечне, разумею: бясьпека і ўсё такое… Але гадоў пяць таму абыходзілася без мэталашукальнікаў і «кантрольна-прапускных і фільтрацыйных пунктаў», і нейк спакойна ўсё праходзіла і вясёла».

«Я лепей у заапарк схаджу».

«Правяду чалавека або групу людзей на фэстываль культур. Вопыт маю, Ваня Сусанін».

«А рэжым, дарэчы, строгі ці агульны будзе?»

Адзін афрыканец


Фэст у Горадні, гэта — каля тысячы чалавек ў фальклёрных адзежах на квадратны кілямэтар плюс, напэўна, ня менш людзей у міліцэйскім і ў цывільным. І на ўсіх адзін афрыканец!..

Размаўляем з удзельнікам нацыянальнай суполкі ў эпіцэнтры будучага сьвята, ён кажа: Усе вушы пражужжалі гэтым «афрыканцам». На мінулым тыдні ў адным з гарадзенскіх унівэрсытэтаў было сьвята «нацкультур», сваё, усё было цудоўна, танчылі і сьпявалі, і прадстаўнікоў Афрыкі было аж некалькі. Але начальству пра гэта, мабыць, нічога невядома. Ведаеш чаму так? Таму што начальству трэба, каб сам зьявіўся, папрасіўся, прапанаваў, тады паставяць на ўлік, у сьпіс унясуць, а «голай самадзейнасьці» ім ня трэба.

Местачковае месіянства


Начальства спрабуе скочыць вышэй галавы: заяўляе, што такога, як у Горадні, сьвята няма нідзе ў Эўропе і ў цэлым сьвеце нават! Зноў сёньня чытаем: «Унікальнае ў Эропе сьвята». Вось толькі самой Эўропе нічога пра гэта невядома. Колькі ж яна страціла! Другое пытаньне: што само начальства ведае пра Эўропу? Пра бэрлінскі фэст нацыянальных культур, напрыклад? Непараўнаўча больш людны, што датычыць удзельнікаў, за гарадзенскі, між іншым.

Танцы трактараў


Мяне вельмі разьвесяліла, калі начальства з гонарам паведаміла: гледачоў упершыню чакаюць на сьвяце ў Горадні «выстава народнай гаспадаркі Беларусі» і «паказальны выступ беларускай тэхнікі». Мне адразу ўявіліся танцы трактараў у фальклёрных кашулях. Пачатковы досьвед быў летась у сталіцы: на «дзень рэспублікі» публіку на парадзе радавалі «трактар-хлопчык» і «трактар-дзяўчынка», якім зрабілі вялікія вочы…

Грошы ёсьць, але іх... няма


Спаткаў вядомага скульптара: быў у Стакгольме, там у адным горадзе ўбачыў столькі скульптуры вулічнай, колькі ня бачыў ні ў адной краіне. У іхнім «гарвыканкаме» ёсьць аддзел, які займаецца помнікамі і бюстамі. У Горадні нагадаў начальству аб сваёй прапанове: да кожнага сьвята нацыянальных культур ставіць памятны знак ці бюст. Сказалі: грошай няма!

Я не паверыў сваім вушам: пасьля нашай размовы начальства заявіла — «прапрацоўваем пытаньне запрашэньня такіх выканаўцаў, як Земфіра, Ёлка, Патап і Насьця Каменскіх». На гэта грошы ёсьць… Але якія адносіны ў гэтых Ёлак да нацыянальнай культуры, да фальклёру? Хто адкажа?!
На сьвяце ў Горадні сьпяваюць удзельніцы нямецкай суполкі
На сьвяце ў Горадні сьпяваюць удзельніцы нямецкай суполкі

Гэй, Эўропа!


Начальства папярэдзіла, што «сёлета робіцца стаўка на прыцягненьне замежных турыстаў» на гарадзенскі нацфэст. Варта было пацікавіцца ў саміх замежнікаў: ці хочацца немцам, палякам ды іншым французам, каб іх абшуквалі на кожным кроку перад тым, як дапусьціць у чаргу па шашлык?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG