Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Роля Лукашэнкі ў сырыйскім канфлікце – зь першых вуснаў


Горад Хула. Пасьля атакі урадавых войскаў знойдзеныя целы прынамсі 90 чалавек, у тым ліку 32 дзяцей. 26 траўня 2012 г.

Горад Хула. Пасьля атакі урадавых войскаў знойдзеныя целы прынамсі 90 чалавек, у тым ліку 32 дзяцей. 26 траўня 2012 г.

Якія сувязі паміж Асадам і Лукашэнкам? Якая сытуацыя ў Сырыі сёньня? Сябра Нацыянальнай пераходнай рады Сырыі Усама Мунаджыд адказаў на пытаньні журналіста Радыё Свабода.

26 траўня ў сырыйскім горадзе Хула пасьля нападу ўрадавых войскаў знойдзены целы прынамсі 90 чалавек, у тым ліку 32 дзяцей. У адказ на гэта Францыя, Нямеччына, Вялікабрытанія і іншыя краіны выслалі сырыйскіх паслоў. Амбасадар Сырыі ў Беларусі працягвае сваю працу.

Усама Мунаджыд выступіў на Форуме Свабоды ў Осла, 07 траўня 2012

Усама Мунаджыд выступіў на Форуме Свабоды ў Осла, 07 траўня 2012

30 траўня паўстанцкая свабодная армія Сырыі выставіла прэзыдэнту Башару Асаду ультыматум. Яны прапануюць цягам 48 гадзінаў выканаць умовы мірнага пляну Кофі Анана: вывесьці свае войскі з населеных пунктаў, дзе працягваецца супрацьстаяньне, спыніць вагонь і пачаць перамовы з апазыцыяй. У адваротным выпадку паўстанцы здымаюць зь сябе ўсю адказнасьць за наступнае кровапраліцьце.

Усама Мунаджыд, адзін зь лідэраў паўстанцкай пераходнай рады Сырыі, адказаў на пытаньні журналіста Радыё Свабода Франка Вячоркі.

Вячорка: Згодна з дакладам Стакгольмскага інстытуту дасьледаваньняў праблемаў міру, Беларусь да 2011 году зьяўлялася другім пасьля Расеі экспартэрам узбраеньняў у Сырыю?

Мунаджыд: Гэта вельмі сумна. Лукашэнка ня толькі асьмельваецца дыктаваць, як жыць беларусам, але ўмешваецца ў забойствы й гвалт над іншымі народамі. Мы ведаем, Беларусь залежыць ад Расеі, Расея цісьне на Беларусь, каб тая пастаўляла ўзбраеньне Асаду. Беларусь экспартуе ў Сырыю зброю і боепрыпасы. А сырыйскі ўрад выкарыстоўвае іх, каб забіваць дзяцей, старых людзей, цывільнае насельніцтва ў Сырыі.

Вячорка: Якая сытуацыя цяпер у Сырыі?

Мунаджыд: Ад сакавіка мінулага году было забіта 17 тысячаў чалавек, і каля 56 тысячаў чалавек зьніклі бязь вестак, амаль 60 тысячаў — уцекачы ў Турцыі, Лібане і Ярданіі. Некаторыя гарады зраўнялі зь зямлёй, выглядаюць як Бэрлін у 1945. У нас 1,5 млн людзей, якія страцілі жытло альбо вымушаныя былі пераехаць, пакінуць дамы, працу, гарады. Шмат хлопчыкаў і дзяўчатак згубілі сваіх бацькоў. Сілы Асада пра зачыстцы, калі сустракаюць кагосьці старэйшага за 14 гадоў, — то забіваюць. Старых забіваюць на вачах дзяцей. Рэжым не зьбіраецца спыняць гвалт.

Два дні таму (інтэрвію бралася 9 траўня 2012 г. рэд.) горад узялі ў аблогу, бо працягвалася дэманстрацыя супраць Асада, патрабавалі яго адстаўкі. Дык вайскоўцы аблажылі горад, адключылі электрычнасьць, газ, камунікацыі. Яны нават праніклі ў хлебапякарні й зьнішчылі зерне, каб у людзей не засталося ежы. Некалькі сьмелых актывістаў уратавалі мяшкі зь зернем, папрасілі сьпячы хлеб. Калі хлебапякарні выстраілася чарга. Адзін мужчына чакаў з малой дачкой. А на дахах усіх гарадоў — снайпэры, якія атрымалі загад страляць па ўсіх аб’ектах, якія рухаюцца. Дык вось снайпэр застрэліў мужчыну, які быў у чарзе. Галава ад кулі разарвалася на вачах у яго дачкі, дзяўчынка пачала плакаць, людзі пачалі супакойваць. Тады снайпэр стрэліў у галаву дзяўчынцы. Усе, хто набліжаўся да гэтых двух целаў — снайпэры стралялі. У выніку, усе хто былі ў чарзе — празь некалькі хвілінаў былі мёртвыя. Усё гэта задакумэнтавана і апублікавана на youtube. Гэта вам не галівудзкая фантастыка, гэта суворая рэальнасьць.

Аляксандр Лукашэнка і Башар Асад, у Менску 26 ліпеня 2010

Аляксандр Лукашэнка і Башар Асад, у Менску 26 ліпеня 2010



Вячорка: Прадстаўнікі пераходнай рады Сырыі наведалі Маскву. Якія вынікі? Ці расейскі ўрад памяняў сваё меркаваньне наконт сытуацыі ў Сырыі?

Мунаджыд: Для Расеі усё адназначна. Яна працягне падтрымліваць рэжым Асада. Для Расеі Сырыя — гэта апошняя магчымасьць уплываць на сытуацыю ў рэгіёне. Калі Эгіпэт у 70-х памяняў альянс, пачаў супрацоўнічаць з ЗША, тады Расея згубіла вялікую частку ўплыву на сытуацыю ў Паўночнай Афрыцы. Для Расеі Сырыя — стратэгічны партнэр, і калі рэжым Асада ўпадзе — яны страцяць які-кольвек уплыў на Блізкім Усходзе. Гэта раз. Па-другое, усе сырыйскія спэцслужбы праходзілі падрыхтоўку ў КДБ раней і ў ФСБ цяпер. У прыватнасьці, вайсковая контрвыведка. Сырыйская армія пабудаваная па расейскай мадэлі. Сырыйская армія карыстаецца расейскім узбраеньнем — баявымі самалётамі, гелікоптэрамі, танкамі, боепрыпасамі і амуніцыяй — усё расейскае! Для Расеі Сырыя важны імпартэр зброі і магчымасьць уплыву ў рэгіёне.

Вячорка: А што наконт Кітаю? Чаму Кітай блякуе санкцыі і жорсткія рашэньні па Сырыі ў межах ААН?

Мунаджыд: Кітай паводзіць сябе так усьлед за Расеяй. Вельмі сумна назіраць, як Кітай блякаваў прыняцьце рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН. Там нічога не было ў ёй, толькі асуджэньне гвалту з боку Асада. Міжнародная супольнасьць была вымушаная сфармаваць альянс па-за межамі Рады Бясьпекі ААН — «Сябры Сырыі». Я сустрэўся зь імі ў Тунісе, пасьля ў Токіё, у Францыі. Немагчыма мець справу з Радай бясьпекі ААН, калі яна знаходзіцца пад уплывам Расеі і Кітаю.

Калі Расея зьменіць пазыцыю, Кітай таксама. Кітайскі ўрад не захоча быць адзінай краінай, якая бароніць Асада. Кітай дапамагае сырыйскаму рэжыму тэхналёгіямі, сыстэмамі назіраньня, інструмэнтамі. Мы спадзяемся, што яны ўсё ж памяняюць сваю пазыцыю. Паўплываць на пазыцыю Кітаю прасьцей, чым на Расею.

Галоўнае, што павінны зразумець Расея і Кітай — рэжым Асада закончыўся, усё, яму канец. Гэта можа заняць некалькі тыдняў, месяцаў, можа, нават гадоў, але яму канец. І яны павінны дапамагчы сырыйцам зьнішчыць злачынны рэжым. Калі яны мысьляць стратэгічна, яны павінны стаць на бок сырыйскага народу, які ніколі не забудзе тых, хто яму дапамагае.

Вячорка: Чаму ў Сырыі зьмены маюць крывавы характар? Чаму ў Тунісе альбо Эгіпце ўсё адбылося хутчэй і неяк прасьцей?

Мунаджыд: Ёсьць розьніца. У Тунісе і Эгіпце была дзяржава, урад, краіна. Сырыя пабудаваная іншым чынам: вакол аднае сям’і, толькі каб сям’я Асада утрымлівала ўладу. У Сырыі меншасьць кіруе большасьцю. Асад успрымае ўсю краіну як спадчыну ад бацькі, як у Паўночнай Карэі. Усе сырыйцы — гэта рабы на яго фэрме. Калі ты спрабуеш скінуць Асада з пасады — нібыта хочаш пазбавіць яго маёмасьці. Таксама ў Эгіпце і Тунісе арміяй кіравалі людзі, але не дыктатары. У Сырыі ўсе кіраўнікі спэцслужбаў прадстаўляюць клан Асада. Так ужо 50 гадоў. Яны ня вельмі добрыя ў эканоміцы і сацыяльным забесьпячэньні, у адукацыйных рэформах, але яны вельмі добрыя ва ўнутранай бясьпецы, яны выдатна ведаюць як здушваць паўстаньні. Яны рабілі гэта ў 80-х, раней, у 2011, калі рэвалюцыя пачалася. Мы ня бачым супраціву з боку амбасадараў, вайсковых камандзіраў — яны ўсе пад кантролем спэцслужбаў.

Адзінае, што можа спыніць рэжым — інтэрвэнцыя. Ёсьць розныя інтэрвэнцыі. Але сьвет павінен дапамагчы спыніць гвалт, як было ў Югаславіі, у Лібіі. Лепей цяпер, чым пазьней. А ў нас 300 назіральнікаў ААН, якімі сырыйскі ўрад гуляе ў футбол. У Югаславіі было 10000 узброеных назіральнікаў, яны не змаглі спыніць гвалт. Як 300 назіральнікаў зробяць Сырыю бясьпечнейшай? Рэжым працягне забіваць, забіваць, забіваць, каб заставацца пры ўладзе так доўга, як можа. Але ўсе ведаюць, што дні гэтага рэжыму палічаныя.

Вячорка: Што можаце сказаць беларусам?

Мунаджыд: Я бы не хацеў, каб пакуты, празь якія праходзяць людзі ў Сырыі, давялося перажыць беларусам. Спадзяюся, што перамены ў Беларусі будуць прасьцейшыя і мякчэйшыя. Пакуль Расея будзе кіравацца і практыкаваць старыя камуністычныя мэтады ціску на іншыя краіны, у Беларусі ня будзе свабоды. Але я поўны надзеі, што каляровыя рэвалюцыі, якія адбыліся ў іншых краінах Усходняй Эўропы, дойдуць і да Беларусі. Гэтаксама, як і падзеі Арабскай вясны, таксама адгукнуцца ў Беларусі.

Інтэрвію запісанае 9 траўня 2012

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG