Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выключаць Беларусь з «Эўравізіі»?


Паводле швэдзкай газэты Dagens Nyhetter, дыктатарскія і аўтарытарныя краіны, дзе парушаюцца правы чалавека, могуць быць выключаныя з конкурсу песьні «Эўравізія». Швэцыя, Данія, Фінляндыя і Вялікабрытанія прапануюць прыняць новыя этычныя правілы для Эўрапейскага зьвязу вяшчаньня (EBU).

Акрамя таго, скандынаўскія краіны заклікаюць BBC і шэраг нямецкіх і аўстрыйскіх радыё- і тэлевізійных станцыяў быць больш жорсткімі ў дачыненьні да краінаў, якія хочуць уступіць у Эўрапейскі зьвяз вяшчаньня (EBU). Яны таксама патрабуюць, каб EBU магла выключаць чальцоў або прымаць санкцыі да тых краінаў, дзе парушаюцца этычныя патрабаваньні.

Мы павінны прыняць ясныя санкцыі супраць кампаніяў у краінах-сябрах зьвязу, якія парушаюць этычныя і дэмакратычныя правілы EBU. А для новых чальцоў павінна быць патрабаваньне, каб яны мелі выразныя і ясныя каштоўнасьці дэмакратыі, — кажа ў інтэрвію Dagens Nyhetter Ханс-Торэ Б'еркас з нарвэскай тэлекампаніі NRK.

Генэральная дырэктарка швэдзкага тэлебачаньня SVT Ева Гамільтан бачыць некалькі краінаў, якія не задавальняюць новым патрабаваньням. Паводле яе словаў, гэтыя краіны могуць быць выключаныя ўвогуле, або іх удзел можа быць абмежаваным.

«Давер да Эўрапейскага зьвязу вяшчаньня падрываецца некаторымі яго сябрамі — радыё- і тэлевізійнымі кампаніямі, якія знаходзяцца пад кантролем сумнеўных рэжымаў, — кажа Ева Гамільтан. — Разам зь некалькімі іншымі буйнымі эўрапейскімі кампаніямі, SVT патрабуе прыняць санкцыі ў дачыненьні да кампаніяў, якія парушаюць свабоду слова і журналісцкую этыку».

Афіцыйнае прыняцьце новых правілаў для Эўрапейскага зьвязу вяшчаньня (EBU) мае адбыцца ў Страсбуры напрыканцы чэрвеня.

У чэрвені 2011 году ў Боне падпісанае пагадненьне паміж Эўрапейскім зьвязам вяшчаньня (EBU) і Радай Эўропы, у якім гаворыцца, што EBU прыкладзе намаганьні ў прамоцыі правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону. У тэксьце гаворыцца, што радыё- і тэлевізійныя кампаніі «павінны працаваць дзеля свабоды і плюралізму, каб падтрымліваць ролю мэдыяў у дэмакратычным грамадзтве».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG