Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы на тое, каб выкупіць Статут ВКЛ, сабралі


Музей гісторыі Магілёва сабраў 45 тысяч даляраў, каб выкупіць арыгінальнае выданьне Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году.

«Грошы на куплю Статуту цалкам сабраныя. У адказ на зварот Нацыянальнага банку адгукнулася фінансавая кампанія „Альпары“, якая сёньня пацьвердзіла сваю гатоўнасьць выдзеліць $30 тысяч на дадатак да ўжо сабраных сродкаў. Сумарна ў нас ёсьць неабходныя для куплі Статуту рэсурсы», — заявіў Інтэрфаксу дырэктар музэю Аляксей Бацюкоў.

Сума прыватных ахвяраваньняў складала больш як 16,5 тысячы даляраў ЗША, зь якіх каля 9 тыс. пералічылі на дабрачынны рахунак музэю жыхары Беларусі, яшчэ 4,5 тысячы ахвяраў магілёўскі прадпрымальнік, які пажадаў застацца невядомым, 100 тысяч расейскіх рублёў (каля 3 тысяч даляраў) пералічыў расейскі прадпрымальнік зь беларускімі каранямі Павал Бераговіч, заснавальнік і фундатар беларускай літаратурнай прэміі «Дэбют».

Раней Нацбанк Беларусі прапанаваў камэрцыйным банкам ахвяраваць грошы на Статут.

«Беларускія банкі не адгукнуліся», — канстатаваў Бацюкоў.

Ён таксама распавёў, што «адзін зь беларускіх апэратараў мабільнай сувязі спачатку выступіў з ініцыятывай цалкам аплаціць куплю Статуту, але потым адмовіўся ад сваёй прапановы».

Адмыслоўцы налічваюць у сьвеце каля 60 асобнікаў усіх трох выданьняў Статуту, зь іх 29 — выданьня 1594–1595 гадоў. Яны ёсьць у Вялікабрытаніі (1), Літве (6), Польшчы (6), Расеі (11), Украіне (5), а ў Беларусі няма ніводнага. І прыватныя асобы, і дзяржаўныя інстытуты краіны ўжо рабілі спробы выкупіць асобнік Статуту, аднак беспасьпяхова.

Статут 1588 году быў распрацаваны падканцлерам ВКЛ і старастам магілёўскім Львом Сапегам і выдадзены за ягоныя асабістыя сродкі ў друкарні, заснаванай у Вільні Пятром Мсьціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG