Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў польскім Уроцлаве пачынае працу трэці штогадовы Глябальны форум — канфэрэнцыя палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў і бізнэсоўцаў з Эўропы і Злучаных Штатаў, якія сабраліся, каб абмеркаваць ролю Цэнтральнай Эўропы ў сусьветнай палітыцы, яе значэньне як партнэра ЗША ва ўмацаваньні міжнароднай бясьпекі і трансатлянтычнага адзінства.

Уроцлаў прыводзяць у парадак. На Ратушнай плошчы і вакол — рыштаваньні з надпісам «рэканструюецца для фанаў Эўра-2012». Прамы сэнс зразумелы — горад робіць апошнія прыгатаваньні да чэмпіянату Эўропы па футболе, які менш чым праз тыдзень пачынаецца ва Ўкраіне і ў Польшчы, гульні чэмпіянату пройдуць і ў Уроцлаве.

Але ў рыштаваньнях і ў надпісе можна ўбачыць і сымбалічны сэнс. Рэканструкцыі, зьменаў, адказаў на выклікі часу патрабуе сама Эўропа для яе жыхароў і фанаў эўрапейскіх ідэяў.

Пошуку шляхоў гэтай рэканструкцыі ўласна і прысьвечаны штогадовы Глябальны форум, які трэці год запар зьбіраецца ў Уроцлаве.

Галоўны арганізатар форуму — Атлянтычная рада — міжнародная грамадзкая арганізацыя, якая спрыяе ўмацаваньню сувязяў паміж Эўропай і Злучанымі Штатамі. Суарганізатарамі форуму выступаюць рада горада Уроцлава, міністэрства замежных справаў Польшчы, пасольства ЗША ў Варшаве і асноўныя польскія дасьледчыя цэнтры ў галіне міжнародных зносінаў.

Лёс праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» і сытуацыя ва Ўкраіне, масавыя рухі і крызіс дэмакратычнага капіталізму, постмядзьведзеўская Расея і дыгітальная дэмакратыя — вось толькі некаторыя тэмы — якія будуць абмяркоўваць удзельнікі форуму.

У параўнаньні зь леташнім форумам атмасфэра цяперашняга далёкая ад эйфарыі, што адлюстравана нават у назьве: «Вынаходжаньне Захаду: працьвітаньне, бясьпека і дэмакратыя пад пагрозай?» Напрыканцы пытальнік, але пытаньне — палова адказу. А без пытальніка гучыць як старажытнарымскае «Ганібал ля брамы».

Заўтра ў межах форуму адбудзецца ўручэньне ўзнагародаў Свабоды. Летась гэтую ўзнагароду сярод іншых атрымаў кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які неўзабаве пасьля форуму быў арыштаваны і адбывае шматгадовае пакараньне ў турме.

Падчас цырымоніі ўручэньня сёлетніх узнагародаў адбудзецца адмысловая акцыя салідарнасьці з Алесем Беляцкім, у якой возьме ўдзел ягоная жонка.

Сёлета ляўрэатамі стануць Амэрыканскі Фонд падтрымкі дэмакратыі, віцэ-прэзыдэнт італьянскага Сэнату і кіраўніца фонду арабскай дэмакратыі Эма Баніна і Ўладзіслаў Барташэўскі, былы міністар замежных справаў Польшчы, старшыня міжнароднай рады Нацыянальнага музэю Асьвенціма. Акрамя таго ўзнагародай Свабоды будзе завочна ўганараваны прэзыдэнт Тунісу Мунсыф Марзукі.

Пасяджэньні форуму адкрыюцца прамовай патрыярха эўрапейскай палітыкі, колішняга лідэра легендарнай Салідарнасьці і экс-прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы.

Летась Беларусь была адной калі не з галоўных, то важных тэмаў форуму, адбылося адмысловае пасяджэньне, прысьвечанае сытуацыі ў Беларусі. Сёлета, так выглядае, з краін рэгіёну ў цэнтры ўвагі — Украіна. Сярод выступоўцаў — першы віцэ-прэм’ер Украіны Валер Харашкоўскі, дарадца прэзыдэнта Януковіча Ганна Герман і знакаміты спартовец Віталь Клічко.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG