Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства эканомікі адказала МВФ праз Радыё Свабода


Экспэрты Міністэрства эканомікі Беларусі адказалі на запыт Радыё Свабода наконт магчымага ўплыву высокіх паказьнікаў эканамічнага росту і заработнай платы на новы віток раскручваньня інфляцыі і дэвальвацыі, на стварэньне пагрозы сярэднетэрміновай устойлівасьці бюджэту і зьнешняга доўгу.

Менавіта пра такія наступствы эканамічнай палітыкі папярэджвалі кіраўніцтва краіны аналітыкі Міжнароднага валютнага фонду па выніках кансультацый і постпраграмнага маніторынгу.

У атрыманым «Свабодай» адказе гаворыцца: эканамічная гісторыя ведае прыклады таго, што працяглы і высокі эканамічны рост, які прыводзіць да росту дабрабыту насельніцтва, хоць і спрыяў зьмене маштабаў цэн у эканоміцы, аднак не насіў крытычнага характару. Асноўны фактар захаваньня раўнавагі ў такой эканамічнай сытуацыі — гэта каб рост заробкаў суправаджаўся яшчэ больш дынамічным ростам прадукцыйнасьці працы. У сувязі з гэтым яшчэ на стадыі падрыхтоўкі Праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2011–2015 гады ў аснову росту дабрабыту беларусаў была закладзеная неабходнасьць значнага, прарыўнога росту прадукцыйнасьці працы ў эканоміцы, паляпшэньня дзелавога клімату, што спрыяе падвышэньню канкурэнтаздольнасьці беларускіх вытворцаў. Таксама ў якасьці асноўнай задачы ставілася неабходнасьць зьніжэньня выдаткаў вытворчасьці (матэрыяла- і энэргазьберажэньне), што дазваляе павялічваць заробную плату без істотных зьменаў кошту тавару.

Міністэрства эканомікі адзначае, што цяпер, сапраўды, у беларускай эканоміцы захоўваецца інэрцыйнасьць інфляцыйных працэсаў. У той жа час ведамства адзначае значнае зьніжэньне інфляцыйных чаканьняў. За студзень-красавік інфляцыя склалася на ўзроўні 6,8%, у красавіку — 1,7%. У мэтах стрымліваньня інфляцыйных працэсаў да вызначанага прагнознага ўзроўню спынена эмісійнае крэдытаваньне дзяржаўных праграмаў.

Ключавы апэратыўны інструмэнт грашова-крэдытнай палітыкі — стаўка рэфінансаваньня, якая дазваляе праводзіць досыць гнуткую працэнтную палітыку, своечасова рэагаваць на зьмену сытуацыі ў зьнешнім гандлі, рэальным сэктары эканомікі і на фінансавых рынках, забясьпечваючы пры гэтым станоўчы ўзровень працэнтных ставак у эканоміцы. З улікам антыкрызісных захадаў, якія рэалізуюцца ўрадам, падтрыманьня суадносінаў паміж ростам прадукцыйнасьці працы і заработнай платы, а таксама ўмоў функцыянаваньня валютнага рынку і манэтарных фактараў існуе рэальная магчымасьць у 2012 годзе дасягнуць у Беларусі ўзроўню інфляцыі 19–21%.

Палітыка заробнай платы сёлета шмат у чым зьвязаная з рэзкім павелічэньнем дыспарытэту заробкаў паміж Беларусьсю і іншымі дзяржавамі-ўдзельніцамі Адзінай эканамічнай прасторы. Таму ўрад ставіць задачы забясьпечыць скарачэньне такога разрыву, каб захаваць кадравы патэнцыял краіны і зьнізіць міграцыю кваліфікаванай працоўнай сілы ў сумежныя дзяржавы.

У аснову палітыкі заробнай платы закладзены падыход, пры якім падвышэньне заробкаў работнікаў бюджэтнага сэктару будзе ажыцьцяўляцца не аўтаматычна, шляхам цэнтралізаванага падвышэньня тарыфнай стаўкі, а з улікам ліквідацыі перакосаў у аплаце працы па сэктарах і асобных групах занятых, падвышэньня аб’ёму і якасьці паслугаў, якія прапаноўваюцца бюджэтнымі ўстановамі, а таксама скарачэньня колькасьці работнікаў бюджэтных установаў.

Рашэньне гэтай задачы немагчымае без паэтапнага падвышэньня ўзроўню кампэнсацыі насельніцтвам выдаткаў на жыльлёва-камунальныя паслугі з выхадам на канец 2013, 2014 і 2015 году на 40%, 50% і 60% кампэнсацыі адпаведна, а таксама павелічэньня тарыфаў на паслугі транспарту з поўнай ліквідацыяй да канца 2014 году субсыдыяваньня пасажырскіх перавозак. Такім чынам, рост заробкаў ня будзе прыводзіць да ціску на спажывецкі рынак.

Безумоўна, рост тарыфаў паўплывае на рост індэксу спажывецкіх цэнаў, аднак гэтае падвышэньне ня будзе адбівацца нэгатыўна на ўзроўні канкурэнтаздольнасьці беларускіх таваравытворцаў.

Што да ўстойлівасьці зьнешняга доўгу, то яна вызначаецца магчымасьцю дзяржавы своечасова і ў поўным аб’ёме расплачвацца па сваіх абавязаньнях. Цяперашні ўзровень золатавалютных рэзэрваў дастатковы для ажыцьцяўленьня заплянаваных на 2012 год выплат па дзяржаўных пазыках. У гэтай сувязі кароткатэрміновая ўстойлівасьць доўгу сумненьняў не выклікае.

Асноўныя выплаты па зьнешнім дзяржаўным доўгу прыпадаюць на 2013–2014 гады. У гэты час краіна мусіць штогод выплачваць звыш 3 мільярдаў даляраў. У мэтах забесьпячэньня сярэднетэрміновай устойлівасьці доўгу ўрад і Нацыянальны банк нарошчваюць золатавалютныя рэзэрвы краіны. Актывізуецца працэс прыцягненьня наўпроставых замежных інвэстыцый, сфармаваныя ўзважаныя падыходы да прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці. Рэалізацыя гэтых захадаў разам са стабілізацыяй сальда бягучага рахунку плацёжнага балянсу дазволіць забясьпечыць сярэднетэрміновую ўстойлівасьць доўгу.

Міністэрства эканомікі запэўнівае, што ўрад і Нацбанк і надалей будуць праводзіць адзіную эканамічную палітыку, накіраваную на стрымліваньне інфляцыйных працэсаў, падтрыманьне ўстойлівага функцыянаваньня ўнутранага валютнага рынку і забесьпячэньне макраэканамічнай раўнавагі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG