Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Der Spiegel: «Новы Boeing Лукашэнкі — у ангары стамбульскага аэрапорту»


Зь нядаўняга часу ў адным з ангараў стамбульскага аэрапорту Sabiha Gökcen зьявілася новая VIP-машына — Boeing 767-300ER. Раней гэты самалёт клясу люкс належаў колішняму «бацьку ўсіх туркмэнаў» Сапармурату Ніязаву. Цяпер, згодна з інфармацыяй міжнародных авіярэгістраў, у машыны новы гаспадар — «беларускі бацька» Аляксандар Лукашэнка. Пра месцазнаходжаньне самалёту стала вядома журналістам нямецкага выданьня «Der Spiegel».

Як падае «Spiegel Online», неабходны тэхнічны кантроль новы лукашэнкавы Boeing прайшоў на тым жа стамбульскім аэрадроме 8 траўня. Машына абсталяваная ўсімі вядомымі відамі ўрадавай сувязі, сыстэмай прадухіленьня паражэньня ракетамі клясы «зямля-паветра» і «паветра-паветра», парашутным рыштункам.

Самалёт можа ляцець без дазапраўкі да 10.400 км, што дастаткова, напрыклад, для візытаў у Вэнесуэлу або Кітай.

Што да побытавых момантаў, дык тут і шыкоўныя белыя скураныя крэслы ды канапы, і драўляныя панэлі, і залатыя фіранкі. Душавая ў самалёце ўпрыгожаная каштоўнымі мэталамі ды камянямі. Без уліку складанай «электроннай начынкі» Boeing Лукашэнкі, паводле экспэртаў, можа каштаваць сама меней 124–160 мільёнаў даляраў, зь ёю — нашмат даражэй.

Колькі рэальна заплаціў за свой новы самалёт беларускі кіраўнік, невядома, — піша «Spiegel Online» і працягвае: — «У любым выпадку былая савецкая рэспубліка, якая мае вялікую запазычанасьць ды рост інфляцыі больш як на 100%, усё больш паглыбляецца ў эканамічны крызіс. За свае месячныя заробкі беларусы могуць набыць усё меней і меней. Хакейны фанат Лукашэнка пэрыядычна заклікае насельніцтва тужэй зацягнуць паясы і кажа, што нават сам мусіў адмовіцца ад новых канькоў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG