Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы фотапраект «Свабоды» — «Беларускія дзеці»


Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаецца штогод 1 чэрвеня.

Гэтае сьвята было заснаванае ў лістападзе 1949 году ў Парыжы рашэньнем кангрэсу Міжнароднай дэмакратычнай фэдэрацыі жанчын.

Упершыню «Міжнародны дзень абароны дзяцей» адзначылі ў 1950-м годзе.

«Свабода» прадстаўляе падборку фотаў: дзе жывуць беларускія дзеці, пра што яны мараць і кім хочуць стаць у будучыні.

Люба, 8 гадоў.



Я хачу быць альбо вэтэрынарам, альбо коньніцай. Таму што люблю жывёлаў. Больш за ўсё я люблю коней. Адзін раз я ўжо спрабавала катацца на кані.

Я хачу, каб у трэцім клясе ў мяне былі добрыя адзнакі. У другім клясе мне яшчэ адзнак ня ставілі. А больш за ўсё я хачу проста на кані пакатацца. У нас можна ў парку пакатацца альбо недзе яшчэ, я ня ведаю. Я папрашу маму, і яна мяне пакатае.

Цімафей, 10 гадоў


Я хачу стаць міліцыянтам. Можа, яшчэ касманаўтам. Міліцыянтам — каб ніхто не парушаў хуткасьць на дарозе. Бо шмат розных аварыяў і авіякатастрофаў. Хаця міліцыянт за гэта не адказвае. А калі на касманаўтаў вучаць, то на цэнтрыфузе раскручваюць да трох балаў. І скафандры надзяваюць і апускаюць пад ваду.

Я хачу здаць іспыты і перайсьці ў пяты кляс. Куды-небудзь за мяжу хачу паехаць, на экскурсіі. Альбо куды-небудзь, дзе можна добра паесьці. А болей нікуды нібыта ня хочацца.

Дзям’ян, 6 гадоў


Я хачу быць вынаходнікам. Хачу вынайсьці самалёт. Я яшчэ ані разу не лятаў на самалётах. І гоначную машыну. Яна будзе ехаць з хуткасьцю дзьвесьце кілямэтраў у гадзіну.

Я хачу пайсьці ў школу. Я ўмею чытаць і трохі лічыць. А ў школе будуць яшчэ матэматыцы вучыць. Яшчэ я хачу паехаць у лягер.

Аня, 6 гадоў


Я хачу быць мастачкай. Буду маляваць пэйзажы і партрэты. Мы ў садочку малюем. Там цікава.

Я летам паеду ў Гішпанію. Я хачу там пабачыць прыгожых рыбаў. Буду за імі ныраць. Я ўмею ныраць з маскай. І ў школу я таксама хачу пайсьці. Я хачу вучыцца. Я ўжо ўмею лічыць і чытаць па складах.


Міраслава, 10 гадоў


Я хачу стаць вэтэрынарам. Таму што я люблю жывёлаў і хачу ім дапамагаць, калі ім зробяць кепска. На вэтэрынара, напэўна, доўга вучыцца і цяжка.

У мяне будуць іспыты ў гімназію. Я думаю, што я іх здам. Ня ведаю, але думаю так. Хачу ў Польшчу паехаць. Па парках пахадзіць, у заапарк схадзіць, у розныя замкі. Яшчэ я люблю коней і хачу займацца конным спортам. У нас у Ратамцы і ў Тарасаве можна пакатацца. Каня мець — гэта вельмі дорага. Думаю, што ён каштуе дзьве тысячы даляраў. Але там можна проста пакатацца. Там многа коней, могуць даць.


Пётрык, 4 гады


Я буду доктарам. Я буду лячыць Мацьвея. Буду рабіць яму ўколы.

Мне хочацца паехаць на возера. На цягніку. На самалёце я не лятаў, але хачу паляцець.


Мар’ян, 8 гадоў



Я хачу быць скульптарам. Ён робіць статуі з гліны, каменю, дрэва.

Я мару езьдзіць па розных краінах. Хачу ў Польшчу, у Афрыку.


Уршуля, 6 гадоў


Я буду мастаком. Буду маляваць кветкі. Больш за ўсё я люблю туліпаны.

Я хачу ў Польшчу паехаць, там мая сястра. А летам я хачу зь сябрамі гуляцца. Паедзем у Заслаўе. Там шмат сяброў.


Караліна, 16 гадоў


Я хачу стварыць вялікую сям’ю, нарадзіць шмат дзяцей. Каб на падабенства нашай сям’і. У мяне шмат розных ідэяў наконт прафэсіі — ці нешта з геаграфіяй зьвязанае, ці з гісторыяй, ці з мастацтвам.

Я хачу болей быць на прыродзе. У Заслаўе хачу паехаць і шмат ткаць паясоў. Прадаваць іх буду на кірмашах. Грошы зьбіраю на вандроўкі.

Кандрат, 4 гады


Я яшчэ ня ведаю, кім я буду, калі я вырасту.

Я люблю ў бабулі Тані зьбіраць хмарачосы з канструктара. А Мсьціслаў у мяне страляе. І ён мне рабіў татуіроўку.


Ганна Казіміра, 6,5 году


Я хачу быць гімнасткай. У мяне грамата ёсьць. Я на першым месцы па ушу.

Я пакуль ня ведаю, чым буду далей займацца. У школу зьбіраюся.


Мсьціслаў, 8 гадоў


Я хачу быць салістам. Буду сьпяваць. Я займаюся музыкай, граю на флейце і на фартэпіяна.

Мы на лецішча паедзем — тое самае, як дача. За мяжу таксама хацеў бы паехаць. У любую краіну. Асабліва хацеў бы Германію пабачыць. Я проста за мяжою ніколі яшчэ ня быў. У мяне, дарэчы, таксама грамата ёсьць. Я яе атрымаў, бо сьпяваў песьню на сьвяце і быў вядучым. А гэтая грамата — за «проявленную активность, профессионализм и талантливое воплощение сценических образов».

Жэня, 10 гадоў


Я хацела б быць дызайнэрам мэблі і жыць у Лёндане. Бо я люблю вельмі маляваць. Хацела б паехаць у Лёндан і там сабе завесьці ката.

А цяпер мне хочацца паехаць у Гомель да бабулі. А на наступны год я хацела б атрымліваць добрыя адзнакі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG