Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рубель працягвае здаваць пазыцыі адносна асноўных валют, адкаціўшыся да паказьнікаў канца 2011 году.

Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы рубель патаньнеў яшчэ на 60 пунктаў у параўнаньні з учорашнім днём, зафіксаваўшыся на адзнацы 8410 рублёў за даляр. Такім чынам, цяпер даляр каштуе столькі ж, колькі ў сьнежні мінулага году.

Доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка кажа, што такі адкат нацыянальнай валюты цалкам прагназаваны. Паколькі беларускі рубель фактычна прывязаны па ўсіх парамэтрах да рубля расейскага, любыя ваганьні ў суседзяў наўпрост адбіваюцца на фінансавым рынку Беларусі:

«Трэба сказаць, што праблема гэтая вельмі складаная. Найперш у тым сэнсе, што, як выявілася, наш рубель зьмяняе свой курс у залежнасьці ад таго, як пачувае сябе рубель расейскі. Вось у чым прычына ўсіх апошніх ваганьняў. І калі расейцы ўправяцца зь цяперашняй праблемай, то пэўны аптымізм могуць захоўваць і нашы фінансавыя ўлады. Паглядзіце: у іх курс ужо больш як 33 рублі за даляр. І гэта вельмі значная лічба, калі ўлічыць, што не адзін месяц гэты паказьнік круціўся ў межах нават меней за 30 рублёў — 28-29 рублёў, ня болей. А тут раптам такі ўсплёск. Таму для Беларусі надзвычай важна тое, як справіцца з гэтымі цяжкасьцямі Расея».

Меней чым за тыдзень расейскі рубель абясцэніўся ажно на два пункты — ад 31 рубля за даляр да 33-х, упершыню так істотна аслабеўшы ад ліпеня 2009 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG