Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вітаўт Кіпель


Вітаўт Кіпель


Вітаўт Кіпель — дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, доктар геалёгіі, вучоны-бібліёграф, вядомы грамадзка-культурны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.

Ён толькі 8 гадоў жыў у Беларусі: першыя шэсьць год ад нараджэньня і потым два гады за нямецкай акупацыяй. У 1933 годзе Марыя Кіпель з шасьцігадовым сынам Вітаўтам выехалі ў Расею, дзе адбываў пакараньне бацька. Вярнуліся толькі ў вайну. У 1944 годзе сям’я Кіпеляў выехала на Захад. «Нас чакала альбо сьмерць, альбо Сыбір», — казаў Вітаўт Кіпель.

Спачатку Кіпелі апынуліся ў Нямеччыне, потым у Бэльгіі. У Лювэнскім унівэрсытэце Вітаўт атрымаў спэцыяльнасьць геоляга. Так склаўся лёс, што Кіпель стаў супрацоўнікам Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі.

Спадар Кіпель супрацоўнічаў зь беларускай службай Радыё Свабода, браў удзел у выданьні газэты «Беларус». У 1982 годзе Кіпель узначаліў Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Колькасьць выдадзеных кніг за дырэктарствам Кіпеля вырасла ў некалькі разоў.

Старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская кажа:

«Сапраўды, ён — Беларус зь вялікай літары. На зьездах беларусаў сьвету вельмі шмат навукоўцаў з Расеі, іншых краінаў заўважалі, што ёсьць вельмі шмат прагалаў у гісторыі беларускай эміграцыі, асабліва тое, што тычыцца ўсходу ад Беларусі. Але дзякуючы такім людзям, як Вітаўт Кіпель, гэтыя прагалы ўсе запоўненыя адносна беларускага жыцьця ў ЗША, у Эўропе. Са спадарыняй Зорай яны зрабілі проста велізарную працу па дасьледаваньні бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе. І мы можам толькі ганарыцца, што Вітаўт Кіпель — пастаянны сябра нашага Згуртаваньня, сябра вялікай рады. І што дзякуючы Кіпелю пабачылі сьвет шмат цікавых кніг пра гісторыю беларускай эміграцыі».

Дзясяткі бібліятэк у Беларусі маюць у фондах эміграцыйныя калекцыі дзякуючы таму, што Вітаўт Кіпель сам асабіста іх туды перадаваў ці дасылаў, часьцяком за свае ўласныя грошы. Зора і Вітаўт Кіпелі шмат зрабілі для зьбіраньня эміграцыйных беларускіх пэрыёдыкаў і друкаў. Найбагацейшая калекцыя склала 171 скрыню і была перададзеная на захаваньне ў Нью-Ёрскую публічную бібліятэку. Гэты збор стаў асновай унікальнай фундамэнтальнай працы «Беларускі друк на Захадзе: Бібліяграфія».

Мовазнаўца Зьміцер Саўка доўгі час працаваў разам зь Вітаўтам Кіпелем:

«Для мяне гэты чалавек паўстаў як волат беларушчыны ў Амэрыцы, як жывое ўвасабленьне беларускай традыцыі, якая ніколі не памірала. Разам мы стваралі бібліяграфію „Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі“, былі і іншыя праекты. Гэта чалавек, які ўмее пераняцца тваім клопатам, пераняцца тваёй праблемай. Гэта чалавек, у якога, калі нешта з табою здарылася няўдалае, заўсёды знойдуцца словы падбадзёрыць. Гэта чалавек, які жыве справаю і здольны свой няўёмны імпульс перадаць кожнаму, хто ёсьць побач. Для мяне гэта волат ня толькі беларушчыны. Гэта волат духу, эмацыйных сілаў. Я вельмі ўдзячны лёсу, што зьвёў мяне зь Вітаўтам».

XS
SM
MD
LG