Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Алены Каваленкі закрыюць?


Алена Каваленка
Алена Каваленка

Алена Каваленка не выключае, што адміністрацыйную справу супроць яе і актывісткі Алены Семенчуковай перакваліфікуюць ці ўвогуле закрыюць.

30 траўня ў Кастрычніцкім судзе Віцебску меўся адбыцца адміністрацыйны працэс супроць жонкі Сяргея Каваленкі Алены і віцебскай грамадзкай актывісткі Алены Семенчуковай, на якіх склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні. Суд быў адкладзены. Алене Каваленцы напярэдадні працэсу паведамілі, што судзьдзя Іна Грабоўская адправіла справу на дапрацоўку ў райаддзел міліцыі. Паводле зьвестак з суду, справу перакваліфікуюць на новы артыкул — з дробнага хуліганства на пашкоджаньне маёмасьці ў нязначным памеры. Алена Каваленка спадзяецца, што ў выніку справу ўвогуле закрыюць:

«Яна сказала, што лёс справы будзе вырашацца ў РАУС. Што яны адправілі справу на дапрацоўку, але з райаддзелу міліцыі яна ўвогуле можа не вярнуцца. У мяне склалася ўражаньне, што судзьдзя проста ня хоча падстаўляцца на такой слабой справе», — сказала Алена Каваленка.
У мяне склалася ўражаньне, што судзьдзя проста ня хоча падстаўляцца на такой слабой справе.

Раніцай 18 траўня Алену Каваленку і Алену Семенчукову затрымалі каля Віцебскага абласнога суду, калі яны пісалі на асфальце словы «Свабоду Каваленку!». Амаль суткі жанчын пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку.

Напярэдадні суду Алена Каваленка казала, што больш хвалюецца не за сябе, а за актывістку Алену Семенчукову, якая можа пацярпець з-за салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам.

Алена Каваленка распавяла, што якраз сёньня, 30 траўня, атрымала ад мужа першае пасланьне з Магілёўскай калёніі:

«Ён ня ліст напісаў, а прыслаў дзьве паштоўкі. Адну для сына Валіка, другую — мне зь вершамі, якія прысьвечаныя мне і дзецям. Але ліста пра сябе няма».

Алена не выключае, што ліст са зьвесткамі пра турэмнае жыцьцё не прапусьціла цэнзура ў калёніі.

Як дзейнічае такая цэнзура, на сабе зноў спраўдзіў Мікалай Статкевіч. Як ён паведамляе, амаль усе лісты ад сяброў-аднадумцаў да яго не даходзяць — прыходзяць толькі пустыя капэрты. Экс-кандыдат на прэзыдэнта паскардзіўся ў пракуратуру і на тое, што яму не перадаюць выпісаныя газэты «Наша ніва» і «Новы час». Які вынік? Распавяла жонка палітвязьня Марына Адамовіч:

«Дагэтуль нават не атрымаў адказаў на свае скаргі, што ў турме прысабечылі ягоную маёмасьць — маюцца на ўвазе газэты, якія ён выпісаў. Не адказваюць, і ўсё».


Алега Воўчака ў ізалятары на Акрэсьціна, куды праваабаронца трапіў на мінулым тыдні, наведаў адвакат. Калега Воўчака, праваабаронца Раіса Міхайлоўская паведаміла падрабязнасьці:

«Учора ў яго была адвакат. Ён падпісаў скаргу, якую сёньня падалі ў Менскі гарадзкі суд на рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску. Перадалі яму цёплыя рэчы, ваду, а заўтра павязу яму яшчэ і спальнік. Хай хоць апошнія тры дні арышту нармальна пасьпіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG