Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесін пра продаж «Белтэхэкспарту»: «Прадалі толькі абалонку»


Белтэхэкспарт

Белтэхэкспарт

Беларускі бізнэсовец, фігурант «чорнага сьпісу» ЭЗ Уладзімер Пефціеў прадаў кампанію «Белтэхэкспарт», якая займаецца экспартам узбраеньняў і вайсковай тэхнікі, расейскаму бізнэсоўцу Дзьмітрыю Гурыновічу. Што за гэтым стаіць?

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін лічыць, што пасьля таго, як кампанія «Белтэхэкспарт» трапіла пад санкцыі Эўразьвязу і ЗША, яна не магла ўжо выступаць сур’ёзным пасярэднікам у справе гандлю беларускай ваеннай маёмасьцю. Таму прадалі проста абалонку, стварылі іншыя структуры, празь якія цяпер вядзецца пасярэдніцкі гандаль:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Насамрэч „Белтэхэкспарт“ гандляваў дзяржаўнай маёмасьцю: зброяй з арсэналу беларускай арміі, боепрыпасамі, вайсковай маёмасьцю. Я думаю, яго існаваньне было абумоўлена тым, што дзяржаве неабходна было адхрысьціцца ад некаторых, так бы мовіць, нязручных апэрацыяй па продажы зброі ў нязручныя кропкі плянэты. І гэта была свайго роду шырма такая. Але калі яна неаднаразова засьвяцілася ў санкцыях, яна, вядома, ужо не магла выконваць сваю ролю — ролю прыкрыцьця паставак беларускай спэцыяльнай маёмасьці. Таму, я думаю, гэтую абалонку — юрыдычны адрас, рахунак — прадалі. І арганізавалі шэраг іншых структур такога ж кшталту, але якія яшчэ не засьвечаныя.

Насамрэч ня можа расейскі бізнэсовец рэгуляваць экспарт беларускай вайсковай маёмасьці, зброі. Гаварыць пра тое, што з продажам „Белтэхэкспарту“ беларускі ваенны экспарт перайшоў пад кантроль Расеі, відавочна, не выпадае. Гаворка ідзе пра продаж абалонкі».

Кампанія «Белтэхэкспарт» была створаная ў 1993 годзе, калі міністрам абароны быў Павал Казлоўскі. І даволі доўгі час яна квітнела, было створана багата прадпрыемстваў, якія прыносілі велізарныя прыбыткі.

«Наехала Эўропа, ці паўплывала гэта? Я ня думаю. Рынак звужаецца. І, напэўна, Пефціеў палічыў, што тых сродкаў, якія ён назапасіў, цалкам дастаткова, каб весьці нейкі іншы бізнэс. Я магу толькі меркаваць: ці то прадалі яны ўсю яе цалкам, ці толькі даччыныя, падначаленыя падразьдзяленьні ў тым ліку — а іх больш за 300 (па прэсе праходзіла). Таму ў гэтым, я думаю, галоўная прычына: вяршкі зьнятыя, усё распрададзена, што можна было прадаць. Цяпер можна і адпачываць на Канарах».


Кампанія «Белтэхэкспарт» была створана 26 студзеня 1993 году.

«Белтэхэкспарт» займаецца пастаўкамі, мадэрнізацыяй і рамонтам авіяцыйнай тэхнікі, узбраеньня і ваеннай тэхнікі войскаў СПА і сухапутных войскаў, аказвае шырокі спэктар паслуг.

Вядомы беларускі бізнэсовец, кіраўнік кампаніі «Белтэхэкспарт» Уладзімер Пефціеў занесены ў сьпісы неўязных у Эўразьвяз, супраць некалькіх ягоных кампаніяў уведзеныя эканамічныя санкцыі ЭЗ: ЗАТ «Белтэхэкспарт», ПУП «БТ Тэлекамунікацыі» і ЗАТ «Спорт-пары».

Паводле беларускіх СМІ, Пефціеў таксама ўладальнік ПУП «Сен-КА», ПУП «БТ Інвест», СП ТАА «Дзелавая сетка», мінарытарны акцыянэр ААТ «Пріорбанк», ААТ «Белзьнешэканомбанк», адзін з уласьнікаў СТАА «Малінаўшчызьненскі сьпіртагарэлачны завод «Аквадзіў» (праз даччыныя структуры).
XS
SM
MD
LG