Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народ ня можа сказаць гэтай уладзе ні „так“, ні „не“...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 30 траўня 2012 году

Ці здольныя эканамічныя санкцыі з боку Захаду паўплываць на палітыку беларускага рэжыму, схіліць яго да лібэралізацыі і паважлівага стаўленьня да правоў чалавека? Размовы на гэтую тэму зноў загучалі ў сувязі з судовым працэсам наконт закліку да санкцыяў, які адбыўся ў Менску на мінулым тыдні. Работніца Мазырскага НПЗ Марына Цыбліенка судзілася з апазыцыйным дзеячам Віктарам Івашкевічам. Падставай для пазову стала тое, што Івашкевіч заклікаў эўрапейскія кампаніі байкатаваць беларускія нафтапрадукты. Цыбліенка палічыла, што гэта нанесла ёй маральныя страты, і запатрабавала ад Івашкевіча кампэнсацыі і выбачэньняў. Суд прагназавана стаў на бок актывісткі афіцыйных прафсаюзаў.

На тэму заклікаў да пашырэньня санкцыяў Захаду супраць беларускага рэжыму выказваюцца ў сваіх лістах многія слухачы «Свабоды». Пачну з аднаго такога допісу. Наш даўні сябар Віктар Рамейка зь Менску піша:

«Я зусім ня з тых, хто абараняе цяперашняга прэзыдэнта. Многае і мне не падабаецца ў сёньняшняй нашай рэчаіснасьці. Але што зробіш? Так ужо склалася наша жыцьцё і так яно ў нас цягнецца. Калі народ ня можа сказаць ні „так“, ні „не“, найлепшы доктар — толькі час.

А што ж санкцыі? Як яны, на думку іхных аўтараў, павінны ўзьдзейнічаць, каб народ, вобразна кажучы, узяўся за вілы ды сякеры і зьмяніў уладу? Адказ тут відавочны. Такое можа здарыцца толькі ў тым выпадку, калі народ дойдзе да галечы і яму ня будзе чаго губляць. Такім чынам, формула простая і зразумелая: чым горш — тым лепш. Але горш каму? Зусім не апазыцыі, а менавіта народу.

Як жа трэба не любіць гэты самы народ, каб дайсьці да такіх пажаданьняў...

Бедны мой беларускі народ. Стагоддзямі яго душылі ды прыгняталі і з Захаду, і з Усходу. А сёньня яшчэ і свае, родныя імкнуцца душыць. Але такая накіраванасьць палітыкі апазыцыі бясплённая. Больш за тое: як толькі эканамічныя санкцыі наўпрост зачэпяць Беларусь — тут жа магутны прапагандысцкі апарат зробіць усё магчымае, каб у выгадным для сябе сьвятле паказаць так званую „пятую калёну“. І народ зразумее ўсё так, як патрэбна ўладзе.

Пішу вам таму, што неабыякавы да таго, чым жыве мая Беларусь. І таму, што, пастаянна слухаючы „Свабоду“, часам не пагаджаюся з тым, пра што гаворыцца ў вашых перадачах»
.

Вы, спадар Віктар, агучылі афіцыйную вэрсію, якая ўжо даўно распаўсюджваецца афіцыйнай прапагандай. Маўляў, апазыцыя заклікае Эўропу да санкцыяў, каб давесьці народ да галечы і такім чынам справакаваць яго на пратэсты супраць уладнага рэжыму. Малюецца гэткае варожае і агрэсіўнае аблічча Захаду, які хоча наклікаць бяду на галовы простых беларусаў толькі з той прычыны, што яму не падабаецца Лукашэнка. Пры гэтым, заўважце, старанна замоўчваецца сапраўдная ўмова, пры якой ЗША і Эўразьвяз гатовыя адмовіцца ад увядзеньня новых санкцыяў і сесьці за стол перамоваў. І што гэта за такая невыканальная ўмова? Вызваленьне з турмаў палітычных зьняволеных і спыненьне іх перасьледу з боку ўладаў. Чаму кіраўнікі сёньняшняй Беларусі лічаць магчымым рызыкаваць дабрабытам уласнага народу дзеля таго, каб трымаць у турме людзей, уся віна якіх толькі ў тым, што яны дамагаюцца зьмены гэтай улады шляхам свабодных і дэмакратычных выбараў?

Наш слухач Валеры Грыцук зь Менску адгукнуўся на грамадзкія пратэсты ў менскім раёне Ўручча супраць так званага «ўшчыльненьня» старой забудовы — будаўніцтва некалькі новых шматпавярховых дамоў у маляўнічай мясьціне. Спадар Валер нагадвае, што жыхары Ўручча змагаліся супраць намераў гарадзкіх уладаў і раней — у сярэдзіне 90-х гадоў. І тады змаганьне было больш плённым. Слухач піша:

«Знайшоў у сваім архіве старую ўлётку, якую БНФ распаўсюджваў ва Ўруччы ў 1997 годзе. У ёй, у прыватнасьці, пісалася: „Падпольнае рашэньне аб будаўніцтве элітных дамоў было прынята насуперак закону... Падрыхтоўка будаўніцтва пачалася за вашы грошы, бо за ўсе камунікацыі заплацілі вы з вашых заробкаў. Цэлы год вам абяцалі разабрацца і вадзілі за нос. А тым часам нечакана пачаліся работы, зьнішчаецца чарговы лапік зялёнай зоны. Толькі ваш масавы пратэст і пагроза радыкальных дзеяньняў прымусілі начальства паабяцаць разабрацца. Бач ты, 13 месяцаў ім не хапіла. Хапіла, толькі яны спадзяваліся на вашу памяркоўнасьць“ (канец цытаваньня).

Не магу супакоіцца, зноў перачытаўшы гэты тэкст і ўспомніўшы колішнія падзеі, сьведкам і ўдзельнікам якіх я быў. Адметна, што ў
1997-м там пратэставалі каля 20 чалавек. І мы перамаглі, адбілі ўсе атакі. А цяпер — толькі чацьвёра...».

Людзей, якія праводзілі сходы, пісалі лісты чыноўнікам, зьбіралі подпісы, было ў часе гэтых пратэстаў значна больш, спадар Валер — зусім не чацьвёра і нават ня два дзясяткі. Чаму ім не ўдалося тое, што ўдалося вам 15 год таму? Бо зьмяніўся час, іншым стала стаўленьне ўлады да такіх пратэстаў. У 97-м годзе аўтарытарны рэжым яшчэ не ўвабраўся ў поўную сілу: захоўвалася сякая-такая апазыцыя ў парлямэнце, чыноўнікі з большай увагай ставіліся да грамадзкай думкі.

А сёньня старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька ў адказ на ўсе пратэсты гучна заяўляе, што горад «ушчыльняецца і будзе ўшчыльняцца» і што гэта, маўляў, «імпульс для разьвіцьця тэрыторыі». Напэўна, жывучы ў загарадным асабняку, высокапастаўленыя чыноўнікі ня надта добра бачаць, ува што ператварыліся двары шматпавярховых дамоў у выніку гэтага «ўшчыльненьня», памножанага на некампэтэнтнасьць пры праектаваньні аўтамабільных парковак. Існавалі б у Беларусі свабодныя выбары мэраў — спадар Ладуцька вельмі хутка пашкадаваў бы пра гэтыя свае заявы. Але пры цяперашняй сыстэме ўлады кіраўнікі гораду ці вобласьці мала залежаць ад меркаваньня тых, кім кіруюць.

Нашага слухача Аляксандра Раткевіча зь Вялейскага раёну цікавяць маладасьледаваныя старонкі Другой усясьветнай вайны — у прыватнасьці, дзейнасьць савецкіх партызанаў на акупаванай тэрыторыі. Афіцыйна ў Беларусі прынята толькі ўслаўляць партызанскае мінулае. Але сьведкі і відавочцы тых падзеяў часта распавядаюць і пра іншае. Спадар Аляксандар у сваім лісьце на «Свабоду» піша:

«У роднай бацькавай вёсцы Чарвякі Вялейскага раёну немцы зьявіліся ўжо на трэці дзень вайны, але спачатку значнага гвалту зь іхнага боку не назіралася. Прыяжджалі раз на тыдзень і толькі ўдзень, забіралі ў каго яйкі, у каго курыцу, а ў каго і парася. Але каб сказаць, што ўсё падчыстую — то не. А вось уначы спаць спакойна не даводзілася. Вакол вёскі ў лясах было шмат груповак, якія складаліся ў асноўным з савецкіх акружэнцаў. Яны называлі сябе партызанамі, але дзеяньні іхныя былі часта бандыцкія. Уначы яны ў мясцовых людзей адбіралі ўсё, што толькі можна. Хто не аддаваў добраахвотна — забіралі прымусова. Часам ставілі да сьцяны і стралялі вышэй галавы, паступова ўсё больш апускаючы ствол. Такім чынам чалавека прымушалі аддаваць апошняе. А тых, хто адважваўся пратэставаць ды скардзіцца, каралі, і часьцяком лютай сьмерцю. Такі лёс напаткаў Пятруся Юшкевіча. Спачатку зьдзекаваліся зь яго ўсяляк, а ўрэшце дабілі шомпалам у вуха — і кінулі ў студню на хутары Зароўскага.

А Іванца Кастуся вывелі за вёску на рэчку, расстралялі і кінулі ў ваду. Сустрэлі нейкага хлапчука бяз зброі і дакумэнтаў, расстралялі як нямецкага шпіёна на Лявонавым хутары.

А самая жудасная трагедыя адбылася ў
42-м годзе, калі была расстраляна цэлая сям’я Валовіка Сьцяпана, роднага пляменьніка маёй бабкі Паўлінкі. Сьцяпан усё жыцьцё працаваў лесьніком і пры Польшчы, і пры саветах. Застаўся працаваць і пры немцах. Што не спадабалася начным «мсьціўцам» — так і засталося невядомым.

Як звычайна, уначы ўварваліся ў хату Сьцяпана і з кулямёта перастралялі ўсіх, хто толькі там быў: Сьцяпана, яго жонку Сашку і двух іх маленькіх дзетак, дзьвюх Сьцяпанавых сясьцёр — Надзю і Кацю, а таксама састарэлую маці Марыльку. Засталася з усёй сям’і толькі адна Ксеня, сястра Сьцяпана, якая ў той час жыла ў Лукаўцы ў радні Анкудаў.

У гэтую ж ноч расстралялі і суседак Сьцяпанавых, Барвічыху Стасю і яе сястру, за тое, што быццам бы яе сын служыў у паліцыі.

Гэта далёка ня ўсё, з чым давялося сутыкнуцца маім родным і ня толькі. У суседніх Навасёлках такім чынам была расстраляна сям’я Мардаса зь дзевяці душ, у тым ліку і дзеткі-немаўляты!

Вайна шмат пакалечыла жыцьцяў. І, на вялікі жаль, гэтая агульная наша трагедыя нагадваецца ўсё радзей і радзей. Некаторыя мэтанакіравана намагаюцца не надаваць гэтай памяці якога-небудзь значэньня. Гінулі ні за што мірныя людзі, якія толькі працавалі, каб пракарміць свае сем’і і тых жа самых «мсьціўцаў». А іх за гэта забівалі. І ня толькі іх, а ні ў чым не вінаватых дзетак. Мінула з таго часу ўжо сем дзесяцігодзьдзяў, а сьледзтва наконт гэтага так ніхто і не распачаў«
.

Ён таксама даслаў фатаздымкі надмагільных помнікаў па расстраляных партызанамі сем’ях.

Так, спадар Аляксандар, гэта — балючая тэма для многіх беларускіх сем’яў, для ўнукаў і праўнукаў тых, хто не перажыў вайну. За камуністамі гэтая тэма была фактычна пад забаронай. Дый цяпер найменшыя спробы ўсумніцца ў тым, што савецкія партызаны займаліся ня толькі барацьбой з акупантамі, сутыкаюцца з глухім раздражненьнем і процідзеяньнем з боку ўладаў. Але ўспаміны жывых сьведак тых падзеяў і многія архіўныя дакумэнты сьведчаць ня толькі пра подзьвігі, але і пра сумнеўныя ўчынкі, падобныя да злачынстваў. Думаю, што рана ці позна настане час, калі стане вядомая ўся праўда і пра гэтую старонку беларускай гісторыі.

І на заканчэньне — ліст-падзяка, ліст-пажаданьне ад нашай даўняй слухачкі Вольгі Гарбатавай зь Віцебску, якая зьвяртаецца ад імя ўсёй сваёй сям’і. Яна піша:

«Рэклямныя каляндарыкі, дасланыя са „Свабоды“, раздарыла знаёмым і незнаёмым. Прынялі з удзячнасьцю.

У вашай працы мяне ўсё задавальняе. На „Свабодзе“ вельмі адукаваныя, прафэсійна падрыхтаваныя людзі. Мы ўсёй сям’ёй слухаем вас дзясяткі гадоў. Дасюль памятаю перадачы
90-х гадоў — пераломных для незалежнасьці Беларусі. Памятаем вялікага беларуса Васіля Быкава: цяпер па „Свабодзе“ ідзе паўтор ягоных перадач з 96-га году. Гэта вельмі добра і правільна.

Пазнаём вас усіх па галасах: і Алену Радкевіч, і Алену Ціхановіч, і Вячаслава Ракіцкага, і Яна Максімюка, і Аляксандра Лукашука, і майго земляка Міхася Скоблу — усіх не пералічыць. Вы мне — як родныя. Хай гучаць вашы галасы доўга! Хай сьпявае Данчык!

І паўторы, за якія вас некаторыя крытыкуюць, рабіць трэба. Слухаем з задавальненьнем. Слухаем — і маем надзею дажыць да свабоды. І мы самі таксама пастараемся быць на належным узроўні. Без „Свабоды“ нам проста немагчыма»
.

Дзякуй вам, спадарыня Вольга, за гэтыя шчырыя, пранікнёныя словы. Яны нас да многага абавязваюць і вельмі дапамагаюць у прафэсійнай дзейнасьці. Мы таксама ўдзячныя ўсім слухачам, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG