Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унучка Мікіты Хрушчова Ніна, прафэсар Новай школы ў Нью Ёрку, навуковы супрацоўнік Інстытуту сусьветнай палітыкі асэнсоўвае ўмовы, у якіх пачынаецца трэцяе прэзыдэнцтва Ўладзіміра Пуціна.

Новы прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна толькі пачаўся, але выглядае ён як пачатак канца, піша Ніна Хрушчова на старонках Project Syndicate.

Ва ўсе часы, калі б расейскі народ масава ні выходзіў на вуліцы, як гэта ён робіць цяпер, гэта ніколі не азначала нічога добрага для ўлады. У 1917-м расейскі імпэратар Мікалай ІІ на хвалі масавых пратэстаў вымушаны быў адмовіцца ад пасаду, расчысьціўшы шлях для бальшавіцкай рэвалюцыі. У 1991-м Савецкі Саюз, здавалася б непарушны маналіт, разваліўся на працягу некалькіх месяцаў. Сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы, каб перашкодзіць перавароту супраць гарбачоўскай перабудовы.

Цяпер настала чарга Пуціна. Па прыкладзе руху Occupy Wall Street у Амэрыцы у Маскве ўзьнік рух Occupy Abai (у раёне помніка казахскаму паэту Абаю Кунанбаеву). Працы паэта, раней вядомага рэгіянальна, вокамгненна сталі хітом расейскага інтэрнэту. Пратэсты пашыраюцца і ў іншых гарадах, узмацняючы той самы заклік: Пуцін павінен сысьці.

Расейцы вядомыя сваёй цярплівасьцю і доўгай раскачкай да паўстаньняў. І хто іх папракне? На працягу стагодзьдзяў бунты дрэнна канчаліся для расейскіх уладаў, але яшчэ больш катастрафічны вынік быў для саміх паўстанцаў. У 1917 вызваленьне ад абсалютнай манархіі абярнулася яшчэ больш дэспатычнай формай абсалютызму. Пасьля 1991-га, у выніку «дзікай» ельцынскай прыватызацыі мільёны людзей скаціліся ў галечу, а карумпаваныя алігархі дарваліся да кіраваньня.

І нават добра ведаючы сваю гісторыю, расейцы, калі ўжо пасадзяць некага на трон, ня спыняцца, пакуль яго ня скінуць. Гісторыя абвяргае міт Пуціна пра тое, што большасьць насельніцтва краіны падтрымлівае яго, бо хоча стабільнасьці і што пратэсты, кіраваныя «заходнімі марыянэткамі», нібыта сьціхаюць. Яны ня будуць сьціхаць. Негвалтоўная сіла бярэ верх, а танкі ня могуць спыніць інтэрнэт.

Таксама малаверагодна, што Пуцін, вяртаючыся на сваю пасаду, адмовіцца ад сваёй вульгарнай антызаходняй рыторыкі і стане рэфарматарам, зразумеўшы, што толькі дэмакратычная Расея можа захаваць сваю тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт. Прычына таго, што ён ня пойдзе на рэформы, у тым, што ён проста ня можа. Старая ісьціна, што абсалютная ўлада абсалютна разбэшчвае, пацьвярджаецца яшчэ раз. Пасьля больш як дзесяцігодзьдзя ва ўладзе расейскія лідэры няздольныя ствараць новую палітыку. Іх пэрсанальныя інтарэсы і багацьце занадта залежаць ад падтрыманьня статусу-кво.

У студзені 2000 году, пачынаючы тагачасны тэрмін, прэзыдэнт Пуцін у шматлікіх інтэрвію расейскаму тэлебачаньню падкрэсьліваў важнасьць вяршэнства закону і абяцаў не заставацца на сваёй пасадзе ні дня больш за два свае канстытуцыйныя тэрміны, ці нават сысьці ў выпадку калі ён страціць народную падтрымку. Гэта былі, паводле яго, «правілы гульні, дэмакратыі». Пасьля двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў і наступнага прэм’ерскага, Пуцін распачынае трэці прэзыдэнцкі тэрмін пры тым, што сорак працэнтаў насельніцтва жадаюць яго сыходу. Гісторыя паказвае, што колькасьць гэтых людзей будзе толькі расьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG