Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанка Жаклін Вудгаўз за грубую лаянку ў мэтро ў п’яным стане з расісцкімі выпадамі асуджаная на 21 тыдзень турмы. Ёй таксама на 5 гадоў забаронены ўваход у лёнданскае мэтро ў п’яным стане.

42-гадовая Жаклін Вудгаўз 23 студзеня сёлета вярталася ў лёнданскім мэтро з разьвітальнай вечарыны калегі з працы, дзе яна піла шампанскае. У вагоне яна пачала абурацца тым, што бачыць вакол сябе пераважна імігрантаў з Азіі і Афрыкі, і выбухнула патокам грубай лаянкі.

«Я жыла ў Англіі, а цяпер жыву ў Аб’яднаных Нацыях. Адкуль вы прыехалі? Адкуль вы прыехалі?» Далей Вудгаўз апусьціла планку прыстойнасьці і пачала праз слова ўжываць дзеяслоў на літару F і вытворныя ад яго словы.

Адзін з пасажыраў зьняў амаль 7-хвілінны «выступ» Жаклін Вудгаўз відэакамэрай свайго мабільнага тэлефона і разьмясьціў яго на відэапартале Youtube. На гэты момант відэаролік сабраў ужо амаль 300 тысяч праглядаў.

Учора Вэстмінстэрскі суд у Лёндане асудзіў Жаклін Вудгаўз на 21 тыдзень турмы з правам датэрміновага вызваленьня праз 10 тыдняў, а таксама забараніў ёй зьяўляцца ў п'яным стане ў мэтро на працягу 5 гадоў.

Судзьдзя Вэстмінстэрскага суду Лёндану Майкл Сноў сказаў, што любы чалавек, пабачыўшы гэтае відэа, «адчуе глыбокі сорам за тое, што нехта можа так сябе паводзіць у дачыненьні да нашых грамадзянаў, і што нехта можа падумаць быццам бы такія паводзіны адлюстроўваюць погляды іншых белых людзей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG