Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адпачыцць у Беларусі сёлета будзе значна даражэй, чым год таму. Памеры дзяржаўнай дапамогі зьмяншаюцца, а цэны ў параўнаньні з папярэднім годам павялічваюцца амаль удвая.

Жыхарка Берасьця Алена — маці пяцёх дзяцей. Але ніводнаму зь іх у санаторыі пабываць не давядзецца.

«У мяне пяць дзяцей, і ніхто мне ні разу не прапаноўваў адправіць маіх дзяцей у санаторый альбо летнік. Ніхто гэтага ніколі не прапаноўваў. Сёлета я сама цікавілася, але ў выніку тое ж самае: і мэдыкі, і чыноўнікі кажуць, што ўсе месцы занятыя… Малодшага, Даніка, зь першай клясы я б адправіла, калі б, вядома, прапанаваў хто. Проста і тэлефон ёсьць, і сацабарону я таксама рэгулярна наведваю, але ніхто ніколі не прапаноўваў».

Спадарыня кажа, што ня верыць у сацыяльныя гарантыі. Маючы 5 дзяцей, яна так і не атрымала бясплатнай кватэры, якую абяцаюць шматдзетным сем’ям.

Спадарыня Алена зь сям’ёй жыве ў кватэры сваіх бацькоў. А адпачываць зь дзецьмі плянуе ў вёсцы ў бабулі.

А вось жыхарка Берасьця Вікторыя кажа, што скарысталася паслугамі санаторыю, але была гэтаму ня рада. У санаторыі пад Бабруйскам яна лячыла хворыя суставы:
Ногі падлячыла, а нэрвы папсавала.

«Была ў санаторыі, пуцёўка каштавала два мільёны, а прафсаюз сплаціў толькі малую частку працэнта. Карацей, ногі падлячыла, а нэрвы папсавала…»

Спадарыня працуе на будоўлі. Яе абурыла, што ні працадаўца, ні прафсаюз не пагадзіліся аплаціць яе лячэньне. Аднак кажа, што звальняцца не зьбіраецца, бо знайсьці іншую працу сёньня вельмі цяжка.


Перад пачаткам сэзону адпачынкаў у санаторыях на Гарадзеншчыне вольных месцаў практычна няма, а паехаць адпачыць за мяжу для пераважнай большасьці ахвотных практычна немагчыма.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць турыстычных паездак за мяжу з пачатку году ў Беларусі ў параўнаньні зь мінулым годам ужо зьменшылася ўдвая. Магчыма, таму на пачатку турыстычнага сэзону ўладальнікі турфірмаў без ахвоты размаўляюць пра сёлетнія пэрспэктывы.

Кіраўнік гарадзенскай турфірмы Ўладзімер Саўко кажа, што пакуль вельмі складана прагназаваць, колькі чалавек сёлета паедзе за мяжу, але, мяркуючы па ліку ўжо прададзеных пуцёвак, аптымізму няма адкуль узяцца.

Саўко: «Вядома, кошт пуцёўкі ў асноўным складаецца з валюты. І калі цяпер браць кошт пуцёўкі ў рублях, то зразумела, што ён павялічыўся ў тры разы. І натуральна, што рублёвыя кошты значна павялічыліся. Але ж усе ведаюць, што выдаткі трэба лічыць у валюце».

Я датэлефанаваўся ў санаторый «Азёрны», што ў Гарадзенскім раёне, і запытаўся — ці магу зараз набыць пуцёўку на лета. Высьветлілася, што гэта ўжо практычна немагчыма.

Адміністратарка: «На лета ўжо нічога няма. Вось толькі зараз яшчэ можна заехаць, бо засталося пару нумароў, ад якіх адмовіліся. У нас прыкладна 30 працэнтаў расейцы адпачываюць, а астатнія — беларусы».

Удакладняю, колькі каштуе адзін дзень адпачынку ў іхнім санаторыі.

«Дарослым дзень абыходзіцца ў 341 тысячу рублёў, дзіцяці — у 167 тысяч рублёў. У гэта ўключана пражываньне, харчаваньне, адна гадзіна ў басэйне і мэдыцынскія паслугі: 6 працэдур па прызначэньні лекара».

Пытаюся ў гарадзенскіх мінакоў — куды сёлета яны зьбіраюцца на адпачынак?
Цяпер за дваіх трэба аддаць восем мільёнаў — такое ў галаве ня ўкладваецца.

Дзяўчына: «Максымум магу паехаць у Крым, бо там ёсьць радня і ёсьць магчымасьць не плаціць за пражываньне. Толькі харчавацца давядзецца і за дарогу заплаціць. Раней я езьдзіла ў Турцыю і Эгіпет, калі даляр каштаваў тры тысячы і ў галаве магло ўкласьціся, што за дваіх можна было заплаціць тры мільёны. А цяпер за дваіх трэба аддаць восем мільёнаў — такое ў галаве ня ўкладваецца».

Хлопец: «Папраўдзе, далей, чым у Расею ці ва Ўкраіну, я не магу зьезьдзіць. Прычыны эканамічныя. Няма такой магчымасьці. Дый студэнту даволі цяжка працаваць. Вось я, да прыкладу, працую, і ўсе грошы ідуць на навучаньне».

Дзяўчына: «Баюся, што сёлета я нікуды не паеду. На жаль, давядзецца адкласьці да лепшых часоў свае пляны. Эканамічны крызіс — пуцёўкі дарагія. Паездка на поўдзень Украіны зараз каштуе 176 даляраў на аўтобусе без пражываньня і харчаваньня, толькі туды і назад».

Як сьцьвярджаюць турапэратары, пасьля леташняга валютнага крызісу іхнія справы троху палепшыліся. Ахвотных выехаць на адпачынак за мяжу ў параўнаньні зь мінулым годам стала болей. А што з цэнамі? — запытаўся ў супрацоўніцы аднаго з магілёўскіх агенцтваў:

«Калі цэны й падрасьлі, то нязначна. Але гэта ў даляравым эквіваленце. А вось у рублёвым, то як і прадукты ў нашых крамах. Хто даўно езьдзіць у Крым, тыя так і працягваюць езьдзіць. Апошнім часам становяцца папулярнымі эўрапейскія напрамкі. Італія, адпачынак у Гішпаніі. Карыстаюцца попытам экскурсійныя туры па Эўропе».

Карэспандэнт: «А беларускія санаторыі?»
Беларускія санаторыі дужа дарагія сёлета. Асаблівай папулярнасьцю не карыстаюцца.

Супрацоўніца: «Беларускія санаторыі дужа дарагія сёлета. Асаблівай папулярнасьцю не карыстаюцца. У параўнаньні зь мінулым годам санаторныя пуцёўкі падаражэлі ўдвая».

Паводле суразмоўніцы, беларускія санаторыі арыентуюцца найперш на расейцаў:

«Для неграмадзянаў Беларусі кошт пуцёўкі павялічваецца ў 1,5–1,7 раза. Таму, зразумела, на расейцах можна болей зарабіць».

У беларускіх санаторыях абвяргаюць сьцьверджаньні, што іхныя паслугі для беларусаў задарагія.

«Цэны мы прыпаднялі роўна настолькі, каб кампэнсаваць кошт прадуктаў, электраэнэргіі, мэдыкамэнтаў. З чэрвеня па верасень у нас адзін дзень для звычайнага грамадзяніна, ня сябра прафсаюзу, будзе 252 тысячы каштаваць. А калі ты сябар прафсаюзу, то зьніжка 20 працэнтаў — 201 600».

Тым часам апытаныя жыхары Магілёва не плянуюць ані выяжджаць на адпачынак за мяжу, ані падлечвацца ў айчынных санаторыях. Некаторыя меркаваньні:

Спадарыня: «Не хапае ў мяне грошай. Дарагавата ўсё. Раней тры разы выяжджала ў Крым. Апошні раз — тры гады таму».
На мора ў Крым не хапае грошай. Мы адпачываем на дачы. А што рабіць?
Маладая спадарыня: «На мора ў Крым не хапае грошай. Мы адпачываем на дачы. А што рабіць? У турагенцтвах самая танная пуцёўка каштуе 270 амэрыканскіх грошай».

Спадар: «Сытуацыя такая цяпер у краіне, што я не магу сабе дазволіць некуды выехаць. Сябар паехаў у Турцыю, каля 800 даляраў патраціў. У мяне няма такіх грошай. Буду працаваць і зарабляць грошы гэтым летам».

Экспэрт рынку турыстычных паслугаў, рэдактар газэты «Туризм и отдых» Лілія Кобзік:

«Цэны падняліся й на адпачынак у Беларусі. Прычым гэта нельга назваць адпачынкам у прамым сэнсе, бо гэта не адпачынак, а хутчэй лячэньне. Кажучы пра гэта, я не прыніжаю магчымасьці беларусаў і права на існаваньне гэтага спосабу, гэтага віду адпачынку — лячэньня. Гэта нават не аздараўленьне альбо SPA-працэдуры й нават не вандроўкі па бліжэйшых мясьцінах. Але гэта ёсьць, гэта — нашае…

І тут вырасьлі цэны амаль у два разы. Здарылася тое, што павінна было адбыцца. Таму што ўсё цяпер даражэе, а гэта як-ніяк усё ж такі напалову гатэльны спосаб існаваньня бізнэсу, а ён імкнецца да павышэньня сэрвісу і, адпаведна, коштаў, інтэр’ерныя зьмены, мацаваньне лячэбнай базы…»

Карэспандэнт: «Паводле сёньняшніх рэпартажаў з рэгіёнаў, санаторый для беларусаў — гэта месца не адпачынку, а перадусім лячэньня. Асабліва для жыхароў правінцыі. Тутэйшы чалавек спадзяецца атрымаць тут больш кваліфікаваную дапамогу мэдыкаў. Затое для расейцаў беларускія санаторыі — гэта месца адпачынку… Ці доўга гэта будзе спалучацца пад адным дахам?»

«Для расейцаў зараз, сапраўды, нешта зьмяняецца. Гэта адразу для іх былі шокавыя кошты. Яны па такіх нізкіх цэнах нідзе нічога ня мелі. Нідзе! Вельмі важны для расейцаў і практычны момант. Зараз яны ня супраць зрабіць з малой краіны — Беларусі, якая побач прытулілася, пэўную санаторную базу. І гэтае памкненьне адчуваецца таксама з боку Беларусі. Таму тут увесь час растуць цэны. Але, як той казаў, дурных няма, і ўжо самі расейцы пачынаюць лічыць грошы. Калі цэны будуць расьці і далей, а ўзровень адпачынку будзе заставацца ранейшы, то расейцы таксама будуць падлічваць ды выбіраць нешта для сябе лепшае…»
XS
SM
MD
LG