Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нагляд — гэта магчымасьць хутка адправіць зноў за краты»


Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

Усё больш грамадзкіх актывістаў апынаюцца пад прафіляктычным наглядам міліцыі, які значна абмяжоўвае іх грамадзкае і асабістае жыцьцё. Ці ўсім удаецца пазьбегнуць заўваг і папярэджаньняў?

Намесьнік старшыні моладзевай арганізацыі «Зьмена» Павал Вінаградаў пад прафіляктычным наглядам крыху болей за месяц. Шточацьвер ён мусіць адзначацца ў міліцыі, да таго ж кожны дзень пасьля 8 вечара да яго могуць прыйсьці з праверкаю. Пакуль ніводзін візыт да яго міліцыянтаў ня скончыўся пратаколам аб парушэньні — Павал заўсёды быў дома. Кажа, што наведваюць яго прыкладна раз на 5 дзён. Могуць прыйсьці і ў 5:30 раніцы, як было аднойчы. Але збольшага, кажа Павал Вінаградаў, прафіляктычны нагляд ягонай грамадзкай актыўнасьці не спыняе:

«Зь мяне сьмяюцца людзі, калі я ім кажу, што мне трэба да 8 гадзіны дадому, і ўсе пачынаюць мне падказваць: „Паша, табе пара дамоў“. Вось гэта мяне напружвае крыху. А так, шчыра кажучы, жыць можна. У 21 стагодзьдзі, калі ёсьць інтэрнэт, можна вырашаць нейкія справы і з дому».

Яшчэ кожны чацьвер Павал мусіць адзначацца ў міліцыі. Аднаго разу ўжо забыўся гэта зрабіць, дык міліцыянты склалі на гэты конт пратакол. Якраз заўтра, 30 траўня, ягонае неадзначэньне будуць разглядаць у судзе. Павал мяркуе, што дадуць штраф. Тры такія парушэньні — і ягоныя 2 гады пад прафіляктычным наглядам могуць ператварыцца ў рэальны тэрмін. Павал мяркуе, што такога павароту лёсу яму ўдасца пазьбегнуць. А вось наконт паездак за межы Менску актывісту ўжо зараз сказалі ў міліцыі, што цягам паўгода і зьвяртацца па дазвол ня варта — не дадуць.

Уладзь Яроменак

Уладзь Яроменак

Маладафронтавец Уладзь Яроменак ня мае ніводнага парушэньня за час адбыцьця прафіляктычнага нагляду, але гэта не ўратавала яго ад пяці запар адміністрацыйных арыштаў толькі сёлета. Пасьля кожнай гучнай акцыі актывіста проста хапаюць, судзяць нібыта за брыдкаслоўе і садзяць у ізалятар. Кася Галіцкая з «Маладога фронту» чарговым разам аднесла Ўладзю на Акрэсьціна перадачу:

«Як звычайна, носім перадачы. Усё, што можна перадаваць: ваду, туалетныя прылады, кнігі і газэты. А больш дакладна пра яго нічога не вядома. Адбывае „суткі“, вось і ўся інфармацыя».

Адміністрацыйны арышт ня лічыцца парушэньнем правілаў прафіляктычнага нагляду, таму на гэтай падставе зрабіць рэжым адбыцьця пакараньня для Ўладзя Яроменкі больш жорсткім суд ня можа, кажуць праваабаронцы.

Ірына Халіп

Ірына Халіп

Журналістка Ірына Халіп пакараная за Плошчу 2 гадамі зьняволеньня з адтэрміноўкай у 2 гады і фактычна знаходзіцца пад такім жа прафіляктычным наглядам: кожны вечар мусіць быць дома, кожны панядзелак — адзначацца ў міліцыі. «Парушэньняў у мяне няма, але на паслабленьні рэжыму разьлічваць не даводзіцца», — кажа Ірына Халіп:

«Нядаўна з уласнай цікавасьці я прагартала той журнал, у якім я кожны тыдзень адзначаюся. І была зьдзіўленая, што толькі я адзначаюся кожны тыдзень. Усе іншыя — ці 2 разы на месяц, ці нават раз на месяц. Пытаюся ў міліцыянтаў: а чаму ж мне гэткі «прывілей»? Яны адказваюць: «Вы ж самі ўсё разумееце». Божа! Колькі разоў я чула за апошнія паўтара года гэтую фразу — «Вы самі ўсё разумееце!»

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Два гады з адтэрміноўкай мае і экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў. Сёньня Ўладзімер Някляеў адмыслова прыйшоў у Першамайскі раённы суд, каб падтрымаць Васіля Парфянкова:

«Што такое нагляд, як у выпадку з Парфянковым, са мной ці з кім іншым? Гэта інструмэнт, каб вярнуць чалавека ў турму. Да мяне міліцыянты прыходзяць часта з праверкамі, прычым пралічыць, калі яны прыйдуць, немагчыма. Ноччу таксама прыходзяць. Гэта, да ўсяго, такі псыхалягічны ціск — што да цябе ў любы момант могуць прыйсьці незнаёмыя ўзброеныя людзі».
XS
SM
MD
LG