Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звальненьне грузінскай «кепскай маці»


Мая Мімінашвілі
Мая Мімінашвілі

Гучнай падзеяй апошняга часу ў Грузіі стала звальненьне Маі Мімінашвілі, дырэктара нацыянальнага цэнтру іспытаў. Пра дэталі справы распавядае кіраўнік грузінскай службы нашага радыё Давід Какабадзэ. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Какабадзэ: Спадарыня Мімінашвілі была дырэктарам цэнтру з дня яго заснаваньня ў 2004 годзе. Можна сказаць, што яна была ініцыятарам рэформаў у гэтай сфэры, якая была адной з самых карупцыйных, асабліва ў Грузіі. Яна здолела вызваліць цалкам гэтую сфэру ад карупцыі, што адзначалі ўсе. Іспыты праходзяць на вельмі высокім узроўні. Людзей, якіх прымаюць па блату, няма.

Учора яе нечакана звольнілі з працы з фармулёўкай «за несумяшчальнасьць яе асабістай пазыцыі з пазыцыяй міністэрства адукацыі». Прычына сфармулявана даволі абстрактна. Усе падазравалі палітычную подбіўку. Днямі сын Маі Мімінашвілі браў удзел у апазыцыйнай акцыі. Ня выключана, што гэта і стала прычынай.

Яна сама гэтага пэўна не сьцьвярджае, але кажа, што яе сын — дарослы чалавек і яна ніколі ня ўмешвалася ў яго рашэньні.

Дракахруст: А наколькі ў сучаснай Грузіі распаўсюджаная практыка, калі чыноўнікі страчваюць свае пасады з прычыны недастатковай ляяльнасьці іх сваякоў?

Какабадзэ: Мы часта атрымліваем такую інфармацыю, хоць яе даволі цяжка спраўдзіць. Самі ахвяры такіх звальненьняў часьцяком адмаўляюць палітычную подбіўку, на што апанэнты ўлады кажуць, што яны проста запалоханыя.

Але справа Маі Мімінашвілі — самая гучная. Яна вядомы ў краіне чалавек, часта выступала па тэлебачаньні. Больш таго, некалькі гадоў таму сам прэзыдэнт Саакашвілі хваліў яе за прынцыповасьць. Тады яе сын — той самы, які днямі быў на мітынгу апазыцыі — не дабраў балаў для паступленьня ў магістратуру. Уяўляеце сябе — сын дырэктара цэнтру іспытаў праваліўся на іспыце ў магістратуру! Тады Саакашвілі выклікаў яе і публічна сказаў з доляй іроніі: «Вы — кепская маці, бо нічога не зрабілі, каб Ваш сын паступіў, але Вы — прыклад чыноўніка, зь якога ўсе павінны браць прыклад». І вось такога ўзорнага чыноўніка зараз звольнілі па незразумелых прычынах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG