Лінкі ўнівэрсальнага доступу

— Дык, кажаце, вам зямля патрэбная? — мажны кіроўца захляпанага гразёю грузавіка падазрона аглядзеў нас, відаць, прыняўшы за дачнікаў ці аграсядзібнікаў, якія маюць намер скупіць палову ягонага калгасу. І паслаў нас у такім пакручастым кірунку, што ў патрэбнае месца мы дабіраліся па бездарожжы хвілінаў сорак. А калі нарэшце дабраліся, то мне і насамрэч захацелася там пажыць — хаты патаналі ў расквітнелых садах, на бусьлянках клекаталі даўгадзюбыя прыгажуны, на поплаве, як у даўнія добрыя часы, пасьвіліся коні... З залітага сонцам узвышша пасярод вёскі, з якога без бінокля можна было зазірнуць у кожны двор, хацелася чытаць вершы. Дакладней, адно афарыстычнае чатырохрадкоўе Ларысы Геніюш: «Хай славіцца наш беларускі род — / душой з вясны, а воляю — са сталі, / каб з гнёздаў нам ня пеўнікі на плот, / а горда арляняты выляталі!».



Ня ведаю, адкуль вылецела вёска Арляняты, але прыляцела, бясспрэчна, у адну з самых маляўнічых мясьцінаў на Смаргоньшчыне. Відаць, яе жыхары — пераважна Станкевічы — мелі адпаведныя заслугі перад Богам. Гэткае ж прозьвішча мелі і ці ня ўсе знакамітыя выхадцы з Арлянятаў. Каб пазьбегнуць блытаніны, у міжваенны час у віленскім беларускім асяродку ім далі адмысловыя прыдомкі і называлі Станкевіч-сьвятар, Станкевіч-спадар і Станкевіч-кнігар.

Нас цікавіў сьвятар — Адам Станкевіч, уплывовы рэлігійны і грамадзкі дзеяч, дэпутат польскага Сойму, арганізатар і кіраўнік з паўтузіна беларускіх інстытуцый у міжваеннай Вільні, актыўны публіцыст і выдавец, ксёндз-патрыёт, які адным зь першых пачаў адпраўляць набажэнствы ў касьцёлах па-беларуску. Пасьля вайны саветы нават спрабавалі паставіць яго на чале кантраляванага ўладай каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі. Паўнамоцны прадстаўнік МГБ, які атрымаў ад ксяндза трапную мянушку Мэфіста, доўга спрабаваў яго завэрбаваць. «Вера ў Бога і стукацтва — рэчы несумяшчальныя. Не забывайцеся, што ў мяне ёсьць сумленьне,» — адказаў свайму апекуну Адам Станкевіч. Неўзабаве ён быў арыштаваны, зьвінавачаны па традыцыйным для беларускіх адраджэнцаў артыкуле 58 і адпраўлены ў Азёрлаг пад Тайшэтам. Дзе і скончыў свой зямны шлях. Прыбыў у лягер здаровым, а ўсяго праз паўгода ўжо мёртваму вязьню быў пастаўлены цынічны дыягназ — «атлусьценьне сэрца». Калі вывозілі цела за межы лягеру, ахоўнік на КПП жалезным прэнтам прабіў нябожчыку галаву. Як гэта ў іх называлася — кантрольны ўдар? Гулагаўская прыдумка, ад якое і сёньня ледзянее кроў...

Кенатаф — сымбалічная магіла — Адама Станкевіча знаходзіцца ў Арлянятах, а прах ягоны пахаваны паблізу чыгуначнай станцыі Тапарок, што ў паўсотні кілямэтраў ад Тайшэту. На тую адшуканую і падрыхтаваную да асьвячэньня магілу і патрэбная была жменя зямлі з прыгожай вёскі Арляняты. Як часьцінка радзімы.

Другую жменю зямлі мы цягам тае ж вандроўкі ўзялі проста на падворку роднай хаты архімандрыта Андрэя Цікоты ў фальварку Тупальшчына паблізу мястэчка Жодзішкі. Цяперашняя гаспадыня хаты Леанарда Ляшчук абсалютна нічога ня ведала пра архімандрыта, закатаванага ў тым жа Азёрлагу, у пасёлку Навачунка пад Тайшэтам. Мясцовы бард і прадпрымальнік Алег Мізула на мясцовых могілках паказаў нам яшчэ адзін кенатаф — цікотаўскі.

Для Алега навіна, што ў Рыме распачаты бэатыфікацыйны працэс Андрэя Цікоты. Віцэ-пастулятар гэтага працэсу ксёндз-марыянін Вячаслаў Пялінак і гісторык Юрась Гарбінскі 22 траўня ўсталявалі на магілах беларускіх сьвятароў памятныя крыжы. Прыляцеўшы ў Іркуцк авіярэйсам, яны яшчэ дзьве тысячы кілямэтраў мусілі праехаць па мясцовасьці, дзе нават на гэтак званых фэдэральных трасах аўтафургоны ў непагадзь ледзь ня топяцца ў гразі.

І ў Навачунцы, і ў Тапарку пад памятныя крыжы легла беларуская зямля, была адслужаная памінальная імша. Два крыжы паўсталі над беларускімі магіламі. А колькі тысячаў беларусаў у тым Азёрлагу палегла ў стандартныя плыткія магілы глыбінёй 1,5 мэтра (савецкая санітарна-гігіенічная норма)...

Пад тым самым Тайшэтам японскі ўрад паставіў мармуровы абэліск — у памяць загінулых там суайчыньнікаў. У Рэспубліцы Комі, у Інце (між іншым, месца зьняволеньня Ларысы Геніюш) літоўская дзяржава пабудавала цэлы мэмарыял, адпаведным чынам ушанавала сваіх грамадзянаў і Польшча. З боку Беларусі да касьцельнай ініцыятывы ўшанаваньнем памяці загінулых у неабсяжным Гулагу займаліся толькі прыватныя асобы. Прыкладам, валожынец Георгі Каржанеўскі штолета езьдзіць у Комі і на свае ўласныя сродкі ўсталёўвае на месцах масавых пахаваньняў беларусаў памятныя крыжы. А там на месцы былых ОЛПаў разрастаюцца гарады. І што можа зрабіць адзін прыежджы чалавек супраць мясцовай будаўнічай кампаніі, якая на былых лягерных могілках закладае падмуркі пад новыя дамы? Георгія Каржанеўскага невядомыя ўжо аднойчы спрабавалі выкінуць з начнога цягніка пасярод тайгі...

Пакіньце ў спакоі мінулае — раяць нам крэпкія дзяржаўныя мужы з ідэалягічнай вэртыкалі. Выкіньце тэму сталінскіх рэпрэсіяў са школьных падручнікаў — ня варта траўмаваць дзіцячую псыхіку... І — пакідаецца ў спакоі, і выкідаецца.

Мёртвым не баліць? Баліць. І фантомны боль таксама невыносны. Мёртвыя яшчэ больш небясьпечныя, бо з імі змагацца немагчыма. Ні ў турму пасадзіць, ні застрашыць. Пра гэта дакладна сказана ў паэта Алеся Чобата: «Нам цяпер, як раней, валіць здрада пад дых, / але мёртвыя сораму й страху ня маюць, / нашы мёртвыя помняць пра нашых жывых, / нашы мёртвыя нашых жывых узьнімаюць».

Беларускія ксяндзы Адам Станкевіч і Андрэй Цікота — з тае запасной дружыны, якая ўзьнімае і абуджае жывых. І тыя дзьве жмені радзімы, якія леглі пад іх надмагільныя крыжы — як знак пачутасьці і знак удзячнасьці за пабудку.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG