Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экспэрт: Дабро на чарговы транш крэдыту ЭўрАзЭС дасьць Пуцін


Беларускія ўлады прызналі адсутнасьць прагрэсу ў перамовах з Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС адносна выдзяленьня трэцяй часткі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 440 мільёнаў даляраў.

Афіцыйны Менск разьлічваў паставіць кропку ў гэтым пытаньні 24 траўня, аднак перамовы з прадстаўнікамі фонду скончыліся бязвынікова. Такім чынам, паступленьне сродкаў спынілася на суме ў 1 мільярд 240 мільёнаў даляраў з заплянаваных 3 мільярдаў. Як кажуць у Маскве, беларускі бок ня выканаў шэраг умоваў, каб атрымаць чарговую порцыю крэдыту.

Асноўнай перашкодай на шляху фінансавай дапамогі застаецца ня выкананае беларускімі ўладамі патрабаваньне больш жорсткай грашова-крэдытнай і бюджэтнай палітыкі. Прапанаваныя Антыкрызісным фондам захады прадугледжваюць карэктаваньне ключавых прагнозных дакумэнтаў на 2012 год, якія зацьвярджаюцца ўказамі Аляксандра Лукашэнкі. Аднак беларускі бок лічыць рэкамэндацыі «лішнімі страховачнымі мэханізмамі» і абмяжоўваецца дэкляратыўнымі абяцаньнямі хуткіх рэформаў.

Між тым, на думку аналітыка дасьледчай кампаніі «Business Forecast» Аляксандра Мухі, вырашыць пытаньне можа заплянаваны на 31 траўня візыт у Менск прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна:

«Я думаю, што кансэнсусу ўдасца дасягнуць, таму што, па вялікім рахунку, рознагалосьсі ў сфэры эканамічнай палітыкі носяць, хутчэй, тэхнічны характар, і рашэньне аб выдзяленьні траншаў крэдыту Антыкрызіснага фонду знаходзіцца ў палітычнай плоскасьці. То бок шмат у чым гэта залежыць ад пазыцыі кіраўніцтва Расеі. Таму, на мой погляд, сытуацыя з паступленьнем далейшых траншаў праясьніцца, хутчэй за ўсё, ужо пасьля візыту ў Беларусь прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Па ўсім відаць, што гэтае пытаньне бакі гэтаксама будуць разглядаць».

Дзяржаўныя аналітыкі пераконваюць грамадзтва, што ва ўмовах стабілізацыі фінансавага рынку Беларусь ня мае патрэбы ў замежных пазыках, як летась, таму адтэрміноўка — не крытычная. Аднак, як кажа эканаміст Васіль Шлындзікаў, адсутнасьць структурных рэформаў на тле штучнага падцягваньня заробкаў да 500-даляравай рысы можа прывесьці да таго, што абясцэньваньне нацыянальнай валюты зноў стане рэальнасьцю:
Застаецца рэсурс адзін — падзяліць гэты цяжар на ўвесь народ. А гэта можна зрабіць толькі праз інфляцыю і дэвальвацыю.

«Якія крытэрыі пагаршэньня сытуацыі? Відавочна, што каб стрымаць інфляцыю, неабходна на рынак укінуць новыя рэсурсы. Але іх няма. Фондавы рынак не працуе, акцыі народ не купляе і купляць ня будзе, таму што самі ўлады навучылі, што гэта бессэнсоўна. Адносна таго, каб зямлю ўвесьці ў абарот, таксама рашэньне не прынятае. Маёмасьць прадаць хоць бы тым прадпрымальнікам, якія яе арандуюць, таксама не адважваюцца. Таму застаецца рэсурс адзін — падзяліць гэты цяжар на ўвесь народ. А гэта можна зрабіць толькі праз інфляцыю і дэвальвацыю. Усё гэта непазьбежна».

Другое паўгодзьдзе адзначыцца пачаткам значных выплат на абслугоўваньне і вяртаньне ранейшых пазыкаў. Паколькі ўмовы атрыманьня крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС аб’ектыўна выгадныя, то, як кажа кіраўнік клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін, адмаўляцца ад такіх тылоў неразумна:

«Гэта можна змадэляваць на прыкладзе любой сям’і. Калі вы ведаеце, што ўвосень мусіце патраціць вельмі шмат грошай, то пачынаць зьбіраць гэтыя сродкі трэба загадзя — то бок шукаць крыніцы, дзе яшчэ можна пракрэдытавацца. І гэта нармальны, жыццьцёвы, бытавы падыход, ужывальны для краіны ў цэлым. Бо зразумела, што пару мільярдаў даляраў за адзін дзень дзяржава ня ў стане ні зарабіць, ні пазычыць. На ўсё гэта трэба дастаткова шмат часу».

Каб вытрымаць графік паступленьня сродкаў з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, беларускія ўлады мусілі распачаць масавую прыватызацыю аб’ектаў дзяржаўнай уласнасьці. Аднак чаканы распродаж ласых кавалкаў беларускай эканомікі так і не пачаўся. Тым ня меней, мяркуе фінансавы аналітык Аляксандар Муха, Менск усё ж угаворыць Маскву на чарговыя саступкі:
Па вялікім рахунку, менавіта прыватызацыя — галоўная перадумова праграмы Антыкрызіснага фонду.

«Хутчэй за ўсё, пытаньне ляжыць у плоскасьці прыватызацыі. То бок найважнейшае пытаньне вось гэтай стабілізацыйнай праграмы — прыватызацыя дзяржаўных актываў на суму ня меней за 2,5 мільярда даляраў штогод і 1,2 мільярда даляраў за студзень-верасень бягучага году. То бок, па вялікім рахунку, менавіта прыватызацыя — галоўная перадумова праграмы Антыкрызіснага фонду, і калі гэтая ўмова будзе выконвацца, калі ўлады здолеюць дамовіцца на палітычным узроўні з кіраўніцтвам Расеі ці пачнуць ажыцьцяўляць прыватызацыю дзяржаўных актываў, то наступныя траншы будуць выдзяляцца. Мяркую, што праграма з Антыкрызісным фондам будзе выконвацца, хай сабе і зь нейкай затрымкай».

У пасланьні беларускаму народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь адмаўляецца ад так званых прыватызацыйных сьпісаў. На думку экспэртаў, гэта зробіць працэдуру продажу дзяржаўных прадпрыемстваў зусім непразрыстай.
XS
SM
MD
LG