Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькоў расстралянага Канавалава перасталі ахоўваць


Дзьмітры Канавалаў
Дзьмітры Канавалаў

Суседзі кажуць, што бацькоў абвінавачанага і расстралянага за тэрарызм Дзьмітрыя Канавалава бачылі некалькі разоў без суправаджэньня «людзей у цывільным».

Ахову да Канавалавых прыставілі адразу пасьля выбуху ў менскім мэтро, і больш за год яны нікуды не выходзілі адны.

«Я бачыла, што бацькі Дзімы ішлі ўдваіх па вуліцы. І, як мне падалося, за імі не ішлі людзі ў цывільным», — апавяла Любоў Кавалёва, маці другога расстралянага паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме, Уладзіслава Кавалёва.

Кавалёвы і Канавалавы жывуць у суседніх дамох па вуліцы Рэпіна і нярэдка сустракаюцца. Але неўзабаве пасьля падзеяў 11 красавіка 2011 году Канавалавы адмовіліся кантактаваць з Кавалёвымі: некалькі разоў Любоў Кавалёва спрабавала распачынаць гаворку, але безвынікова.

Ці сапраўды зьнялі ахову, ці яна наладжана нейкім іншым чынам — безь відавочнага суправаджэньня — дакладна ня могуць сказаць і суседзі Канавалавых па пад’езьдзе.

Спадар, які прасіў не называць ягонага імя, падзяліўся такімі назіраньнямі:

«У першыя месяцы пасьля выбуху ў менскім мэтро каля тарца нашага дома ўвесь час дзяжурыла машына. Мяняліся машыны, мяняліся людзі, але ахова была. Потым, як мне здаецца, ахоўнікі з Канавалавымі неяк дамаўляліся: калі Канавалавы былі дома і нікуды не зьбіраліся выходзіць, машына ад’яжджала. А калі Канавалавы некуды ішлі, то за імі хадзілі. Можа, і цяпер ахоўнікі часам падаюцца па нейкіх сваіх справах, а Канавалавы выходзяць самі. Яны ні з кім тут у нас асабліва не кантактавалі, жылі неяк асобна. Мы толькі павітаемся — і ўсё. Адно што магу сказаць: неяк даўнавата я ня бачыў іхнага старэйшага сына. Ён жыве асобна і раней часта заходзіў да бацькоў. А цяпер нешта не відаць».

У дадзены момант машыны пад вокнамі Канавалавых няма — паркоўка пустая. Але так бывала і раней, калі яны абое сыходзілі на працу, а кватэра заставалася на ахоўнай сыгналізацыі.

Даведка «Свабоды»

Выбух у менскім мэтро, справа Кавалёва-Канавалава

17 сакавіка стала вядома, што расстралялі абодвух меркаваных выканаўцаў выбуху ў менскім мэтро — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

14 сакавіка зьявілася афіцыйная інфармацыя, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызьме і прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Дзьмітры Канавалаў, таксама асуджаны на сьмяротнае пакараньне паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме па гэтай крымінальнай справе, прашэньне аб памілаваньні падаваць адмовіўся.

11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Агулам пацярпела больш за 300 чалавек.

Міжнародныя грамадзкія і праваабарончыя арганізацыі заклікалі не караць Кавалёва і Канавалава сьмерцю, а таксама правесьці новае расьсьледаваньне акалічнасьцяў выбуху ў менскім мэтро.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG