Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску аднавіліся «Моўныя сустрэчы» зь беларускімі мовазнаўцамі


У менскай «АРТ Сядзібе», што месьціцца над старой прахадной заводу «Гарызонт», аднавіліся штоаўторкавыя «Моўныя сустрэчы». Беларускія мовазнаўцы ды гісторыкі, аб’яднаныя ў Анамастычнай камісіі ТБМ, абмяркоўваюць з маладымі слухачамі праблемы беларускіх імёнаў, назваў і наагул беларускае мовы.

Тыдзень таму мовазнаўца, былы амбасадар Пётра Садоўскі разважаў на тэму «Імёны і назвы як складнік нацыянальнай ідэнтычнасьці». Пытаньні накшталт такога — «Як сумясьціць каталіцкія, праваслаўныя й дахрысьціянскія традыцыі ў іменаслове. Паліятывы ды кампрамісы» — выклікалі вялікую ўвагу аўдыторыі.

Сёньня, 29 траўня, гісторык Іван Сацукевіч (сябра Менскай гарадзкой камісіі па найменьні й перайменаваньні вуліцаў) распавядзе пра «Імёны старых менскіх прадмесьцяў». Нагадаем, што сп. Сацукевіч рэгулярна ладзіць для ахвочых папулярныя і небанальныя «офлайнавыя» экскурсіі па насычаных гістарычнай тапаніміяй менскіх раёнах.

У наступны аўторак у «АРТ Сядзібе» выступіць мовазнаўца, старшыня Анамастычнай камісіі Вінцук Вячорка. Ягоная тэма — «Трансьлітарацыя і беларуская лацінка ў нашых пашпартах, на мапах і наагул у жыцьці». Неўзабаве тамсама адбудзецца і майстар-кляса мэтадычных парадаў для тых, хто хоча бачыць сваё імя і прозьвішча запісанымі ў афіцыйным дакумэнце адпаведна беларускай традыцыі (у тым ліку беларускаю лацінкаю).

Сустрэчы пачынаюцца а 18:30. Адрас «Арт Сядзібы»: Куйбышава, 22, будынак гандлёвага дома «Гарызонт», 2 паверх.
XS
SM
MD
LG