Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Забурэньні ў Эгіпце пасьля першага туру прэзыдэнцкіх выбараў


У штаб-кватэры Ахмада Шафіка

У штаб-кватэры Ахмада Шафіка

Сёньня ў Эгіпце група пратэстоўцаў разграміла штаб кандыдата ў прэзыдэнты Ахмада Шафіка, у будынку ўзьнік пажар, які аднак не зрабіў сур’ёзных пашкоджаньняў.

Першы тур выбараў адбыўся 23-24 траўня. Паводле афіцыйных дадзеных, у другі тур, які пройдзе 16-17 чэрвеня, выйшлі кандыдат руху «Браты-мусульмане» Мухамад Мурсі і апошні прэм’ер-міністар ва ўрадзе зрынутага прэзыдэнта Мубарака Ахмад Шафік.

Сёньня сотні людзей выйшлі на вуліцы ў Каіры і Александрыі, выказваючы незадаволенасьць тым, што Шафік выйшаў у другі тур. Многія ў Эгіпце непакояцца, што абраньне Шафіка прывядзе да рэстаўрацыі былога рэжыму.

Сам экс-прэм’ер паабяцаў, што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам ён будзе спрыяць прагрэсу, абапіраючыся на дасягненьні «арабскай вясны». Прэзыдэнт Мубарак быў адхілены ад ўлады ў выніку рэвалюцыйных падзеяў зімой 2011 году.

Пакуль не вядома, якія паўнамоцтвы будуць у прэзыдэнта, бо яшчэ ня ўхваленая новая канстытуцыю Эгіпту. Таксама ёсьць перасьцярогі, што вайскоўцы, якія прыйшлі да ўлады пасьля адхіленьня Мубарака, захочуць захаваць частку сваіх паўнамоцтваў нават пасьля перадачы ўлады ў краіне цывільнаму ўраду.

Іншыя непакояцца, што абраньне прэзыдэнтам прадстаўніка памяркоўных ісламістаў будзе спрыяць умацаваньню ролі рэлігіі ў грамадзкім жыцьці, партыі ісламісцкага накірунку ўжо маюць пераканаўчую большасьць у парлямэнце краіны.
XS
SM
MD
LG