Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая фірма звальняе беларускую дэмакратычную актывістку


Юлія Сьцяпанава, фота: Facebook
Юлія Сьцяпанава, фота: Facebook

Лідэр праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла назваў «непрымальным» звальненьне зь фірмы Scandinavian & UK Machines беларускай супрацоўніцы кампаніі Юліі Сьцяпанавай, бо падставай для гэтага стала грамадзянская пазыцыя дзяўчыны.

Паводле Марціна Углы пры цяперашнім стаўленьні ЭЗ да беларускай сытуацыі, тое, «што робяць швэдзкія бізнэсоўцы ўнікальна і цалкам непрымальна».

23-гадовая Юлія Сьцяпанава, паводле кантракту, які заканчваецца сёлета 31 сьнежня, была мэнэджэрам аддзелу маркетынгу фірмы Scandinavian & UK Machines у Беларусі. Фірма базуецца ў Мальмё, займаецца продажам бэтонных заводаў і будаўнічага абсталяваньня і набірае супрацоўнікаў у Беларусі і ва Ўкраіне для рэклямы заводаў.

Кіраўнік Scandinavian & UK Machines Сямён Шапкін, які паходзіць з былога СССР, а апошнім часам стала пражывае ў Швэцыі, ажыцьцяўляў каардынацыю зь беларускай супрацоўніцай дыстанцыйна. Гэтак быў падпісаны кантракт зь Сьцяпанавай, таксама дыстанцыйна — праз скайп ёй было паведамлена пра звальненьне з працы.

Паводле Юліных словаў, кіраўнік даў ёй зразумець, што фірме «шкодзіць тое, чым яна займаецца», то бок пазапрацоўная дзейнасьць.

Сямён Шапкін пракамэнтаваў Радыё Свабода сытуацыю зь Юліяй Сьцяпанавай:

Шапкін: Свае тлумачэньні сп. Сьцяпанава можа зьвязваць з чым заўгодна, у тым ліку з палітыкай, але яна найперш не выконвала свае прамыя абавязкі. У нас ёсьць кантракт зь ёй, таксама дадатак да кантракту, дзе названыя яе прамыя абавязкі. І іх яна не выконвала працяглы час.

РС: Але ж сёлета на пачатку студзеня вы працягнулі зь ёй кантракт да 31 сьнежня....

Шапкін: Калі яна памятае свой кантракт, дык там абгавораная ўся канкрэтыка, тое, што яна мусіць выконваць, і тое, што яна не выконвала... За два тыдні мы папярэдзілі яе, што незадаволеныя і што вымушаныя звольніць.

РС: Аднак раней вы сваіх прэтэнзіяў ёй ніяк не выказвалі?

Шапкін: Прабачце, аднак гэта ўнутранае пытаньне нашай кампаніі, а таму я не ўпаўнаважаны гэта з кім-небудзь абмяркоўваць. Калі ёй хочацца штосьці заяўляць у гэтай сувязі, то гэта яе асабістае права. Калі што, мы можам падаць у суд і міжнародны швэдзкі суд разгледзіць яе прэтэнзіі.

Сытуацыю тлумачыць Юля Сьцяпанава:

«Гэткая заява сп. Шапкіна прадказальная. Акрамя пляну, які я нібыта не выконвала, я яшчэ рабіла ўсялякай працы дадатковай, якая, паводле ўмоваў кантракту, мелася аплачвацца дадаткова, але не аплачвалася. За час маёй працы ніякіх нараканьняў у мой бок з боку кіраўніцтва не было.

Некалькі тыдняў таму дырэктар падтрымаў маё жаданьне ісьці на маркетынгавыя курсы і сказаў, што кампанія іх аплаціць. Сытуацыя рэзка зьмянілася цягам літаральна аднаго дня. Пачаліся пастаянныя прыдзіркі і затрымка заработнай платы. Я выдатна разумею, што гэта велізарная кампанія - хто я і хто яны. Нават калі ў сельскай краме, да прыкладу, з вамі будуць размаўляць па-хамску, 10 разоў падумаеш, ці пісаць штосьці ў кнігу скаргаў.

Да цяперашняй сытуацыі стаўлюся абсалютна спакойна. Нейкую цяганіну лічу бессэнсоўнай. Што да палітычнага моманту, ад якого ўсяляк адхрышчваецца мой кіраўнік, то пры той відэаразмове акрамя мяне былі яшчэ сьведкі. Пасьля ўсяго працаваць я там ня буду пры любых абставінах. Працу я сабе знайду, а астатняе хай будзе на сумленьні шэфа».

Юля Сьцяпанава — актывістка руху «Эўрапейская Беларусь», падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 была сябрам каманды Андрэя Саньнікава, была адміністрацыйна асуджаная ў сувязі з удзелам у акцыях у падтрымку беларускіх палітвязьняў. Пра стаўленьне да падзеяў у Беларусі выказваецца на ўласных старонках у сацыяльных сетках, нядаўна ў Інтэрнэце быў выстаўлены фільм «Катавальня Акрэсьцiна» зь яе ўдзелам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG