Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэрцыйныя банкі дапамогуць выкупіць Статут ВКЛ?


Архівіст Зміцер Яцкевіч. Статут 1588. Фота nn.by

Архівіст Зміцер Яцкевіч. Статут 1588. Фота nn.by

Нацыянальны банк Беларусі накіраваў камэрцыйным банкам краіны прапанову паўдзельнічаць у зборы сродкаў, каб набыць арыгінальнае выданьне Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. Гэта «Свабодзе» пацьвердзілі ў прэсавай службе Нацбанку.

Унікальны старадрук знаходзіцца ў прыватнага калекцыянэра з Масквы. Ён выстаўлены на электронны аўкцыён. Як ужо паведамляла «Свабода», грошы на заклад — чатыры з паловай тысячы даляраў — унёс прадпрымальнік з Магілёва, які ня хоча, каб яго прозьвішча называлася. Але гэта толькі 10% ад неабходнай сумы.

Прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Беларусі Аляксандар Цімашэнка сказаў «Свабодзе», што адпаведны ліст накіраваны ня толькі ў камэрцыйныя банкам краіны, але і супрацоўнікам Нацыянальнага банку: «Асабіста я разьлічваю на тое, што да гэтай акцыі далучацца ня толькі камэрцыйныя банкі, але і супрацоўнікі гэтых устаноў. Такая ж просьба была накіраваная на адрас супрацоўнікаў Нацыянальнага банку. Я думаю, што яны таксама адгукнуцца на гэту прапанову».

Цяпер на тэрыторыі Беларусі няма ніводнага асобніка арыгінальнага выданьня Статуту ВКЛ на старабеларускай мове. Менавіта таму ў лісьце з Нацбанку падкрэсьліваецца, што «для беларусаў гэта рэальная магчымасьць вярнуць у краіну важную гісторыка-культурную каштоўнасьць».

Па падтрымку ў справе збору сродкаў на выкуп Статуту да старшыні праўленьня Нацбанку Надзеі Ермаковай зьвярнуўся Музэй гісторыі Магілёва.

У Маскву ўжо езьдзілі дырэктар магілёўскага музэю Аляксей Бацюкоў, калекцыянэр Андрэй Радкоў, які адшукаў інфармацыю пра аўкцыён са Статутам, і спэцыяліст з Нацыянальнага гістарычнага архіву Зьміцер Яцкевіч. Апошні агледзеў рэліквію і пацьвердзіў: гэта сапраўды арыгінал XVI стагодзьдзя.

Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў:

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

«Тое, што Нацыянальны і камэрцыйныя банкі далучаюцца да гэтай справы, у маім уяўленьні сьведчыць — у нашым грамадзтве існуе і мацнее разуменьне таго, што наша дзяржаўнасьць пачалася не ў 1917 і не ў 1919 годзе, як нас вучылі пры савецкай уладзе, як і цяпер сьцьвярджаюць некаторыя гісторыкі старой савецкай загартоўкі.

Гэтая падзея, гэты збор сродкаў, гэты розгалас сьведчаць пра тое, што ў нашым грамадзтве мацнее ўсьведамленьне таго, што нашай дзяржаўнасьці тысяча гадоў. Што яна пачалася з Полацкага княства і працягвалася ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе якраз і скансалідаваўся беларускі этнас».


Алесь Краўцэвіч

Алесь Краўцэвіч

Дасьледчык гісторыі ВКЛ доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч у размове са «Свабодай» падкрэсьлівае асаблівую значнасьць Статуту для беларусаў:

«Гэта сапраўды ўнікальны помнік права. Ня толькі беларускага, а і права эўрапейскага. Я думаю, што яго зьяўленьне, яго дасканалая кадыфікацыя, якая была ўзорам і для Польшчы, і для іншых краінаў, зьвязаная з нашым памежным становішчам. Славяне ўжываліся з балтамі, праваслаўныя — з каталікамі, пратэстантамі, юдэямі, мусульманамі. І каб усе этнасы аб’яднаць, было выпрацавана дасканалае права.

Таму Статут — гэта праява нашай талерантнасьці. Гэта таксама наша мэнтальнасьць. Зьвярніце ўвагу — беларусы шануюць закон. Калі, напрыклад, у Расеі пакараньне ў турме ўспрымаецца як бяда, то ў нас турма ўспрымаецца як справядлівае пакараньне. Бо беларусы некалькі стагодзьдзяў выхоўваліся на самым дасканалым кодэксе права».



Спэцыялісты налічваюць у сьвеце каля 60 асобнікаў усіх трох выданьняў Статуту, зь іх 29 — выданьня 1594–1595 гадоў. Яны ёсьць у Вялікабрытаніі (1), Літве (6), Польшчы (6), Расеі (11), Украіне (5), а ў Беларусі няма ніводнага. І прыватныя асобы, і дзяржаўныя інстытуты краіны ўжо рабілі спробы выкупіць асобнік Статуту, аднак беспасьпяхова.

Статут 1588 году быў распрацаваны падканцлерам ВКЛ і старастам магілёўскім Львом Сапегам і выдадзены за ягоныя асабістыя сродкі ў друкарні, заснаванай у Вільні Пятром Мсьціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG