Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кальцый — гэта добра, але толькі ў малацэ і мінэралцы



Паводле апошніх мэдычных досьледаў, апублікаваных у ЗША , прыём кальцыевых дадаткаў, то бок, кальцыю ў таблетках, значна павышае рызыку сардэчнага прыступу.

У досьледзе з 2010 году, у якім абсьледавалі 8 тысячаў пацыентаў на працягу 4 гадоў, навукоўцы прыйшлі да высновы, што ў тых, хто рэгулярна прымалі кальцыевыя дадаткі (як мінімум, 500 міліграмаў на дзень), рызыка інфаркту была на 30% большая, чым у людзей, якія такіх прэпаратаў не прымалі.

А зусім нядаўна быў апублікаваны досьлед, які ахапіў 24 тысячы людзей ва ўзросьце 35-64 гадоў на працягу 11 гадоў. У ім навукоўцы прыйшлі да высновы, што ў людзей, якія прымалі кальцыевыя дадаткі, рызыка інфаркту была ў два разы большая, чым у тых, якія такіх аптэчных прэпаратаў не прымалі.

Навукоўцы даволі асьцярожныя ў сваіх высновах. Кальцый, кажуць, наогул карысны для чалавечага арганізму, бо ён узмацняе косткі. Але стопрацэнтна карысны толькі той кальцый, які арганізм засвойвае з натуральнай ежай, то бок, зь нізкатлушчавым малаком ці іншымі малочнымі прадуктамі або мінэральнай вадою. А з кальцыевымі таблеткамі лепш быць асьцярожным.
XS
SM
MD
LG