Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зачыняюцца яшчэ 114 школ, у пераважнай большасьці — беларускамоўныя, у сельскай мясцовасьці. Такім чынам, для многіх вясковых дзяцей узьнікнуць дадатковыя перашкоды ў атрыманьні адукацыі.


Гарадзеншчына

«Дзяржаўнай падтрымкі пры фармаваньні беларускіх клясаў на Гарадзеншчыне няма...»

У двух адміністрацыйных раёнах Горадні прызначаныя толькі дзьве школы, куды бацькам рэкамэндуюць падаваць заявы, калі яны хочуць, каб іх дзеці займаліся на беларускай мове.

Завуч пачатковых клясаў школы № 32 Валянціна Багдановіч кажа, што 26 траўня ў іх школе адбыўся сход бацькоў, дзеці якіх сёлета пойдуць у першую клясу.

Паводле Багдановіч, яна распавяла на сходзе, што ў іх школе ёсьць клясы зь беларускай мовай навучаньня: адна другая кляса, у якой навучаюцца дзьве дзяўчынкі, і першую клясу скончыў сёлета адзін хлопчык. Зь яе слоў, яна падрабязна распавяла пра працэс навучаньня ў беларускіх клясах. Я запытаўся — ці зацікавіла гэтая інфармацыя бацькоў?

Багдановіч: «Ведаеце, сёлета дадатковых пытаньняў наагул не было. Хоць часта бацькі пытаюцца, на якой мове будзе адукацыя пасьля пачатковай школы. Магчыма, гэтыя канкрэтныя пытаньні паўстануць у жніўні, калі насамрэч будуць створаныя канкрэтныя клясы і на сход прыйдуць канкрэтныя бацькі».

Ці праводзіць школа агітацыйную працу, рэклямныя кампаніі, каб заахвоціць бацькоў вучыць дзяцей па-беларуску? Паводле спадарыні Багдановіч, школа дае бацькам толькі інфармацыю, а агітацыйнай справай, маўляў, павінны займацца аддзелы гарвыканкаму. Але сёлета ў Горадні пра такую працу аддзелу адукацыі нічога невядома.

У гарадзенца Алеся Астроўскага дачка і сын навучаюцца ў беларускіх клясах. Ён вельмі задаволены, бо дзеці, на яго думку, у прывілеяваным становішчы і маюць добрую пасьпяховасьць.

Ён таксама ходзіць на бацькоўскія сходы, каб агітаваць бацькоў пісаць заявы ў беларускамоўныя клясы. Уражаньні ад сустрэчаў добрыя, бацькі з разуменьнем ставяцца да такой агітацыі. Але праблема тут у іншым, лічыць Алесь Астроўскі:

Астроўскі: «Масы чакаюць агульнадзяржаўнай адмашкі, каб нехта сказаў: разам робім, дамаўляемся, гэта дзяржаўная палітыка ад імя ўладаў. Але гэтага ж няма. І таму атрымліваецца, што яны трапляюць у такі прамежкавы стан: стратэгічна гэта адно, а прыняць канкрэтнае рашэньне ў гэтым кірунку — гэта абсалютна іншае».

Магілеўшчына

На Магілёўшчыне школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, у пяць разоў менш, чым тых, якія вучацца па-расейску

У магілёўскай школе № 1 другі год адвучылася па-беларуску Ялінка Салаўёва. Сёлета другое паўгодзьдзе ў клясе яна вучылася адна. Двое аднаклясьнікаў перайшлі ў іншую школу.

«Вялікая перашкода, што няма беларускамоўнага навучаньня. Бацька аднаго хлопчыка зьвярнуўся, ён хацеў вучыцца, але мама была супраць. Я размаўляла з мамай. І яна мне сказала: а што будзе далей? Бо працягу ж няма. Нейкая ў людзей пасіўнасьць. Ня хочацца ім нічога мяняць. Няхай ён ходзіць у тую клясу, у якую ходзіць. Будзем аб’явы вешаць, каб людзі ведалі, што ёсьць такая кляса», — распавядае маці беларускамоўнай школьніцы Надзея Салаўёва.

У райцэнтры Горкі ў мясцовай школе № 4 таксама ёсьць адна беларускамоўная кляса. Супрацоўніца адміністрацыі школы паведаміла:

«У нас у гэтай клясе — пяць вучняў. Пяройдуць яны ў дзявяты. Яны ў нас ад пятай клясы. Гэта было рашэньне бацькоў».

Карэспандэнт: «А ці будзеце набіраць дзетак у першыя беларускамоўныя клясы?»

Супрацоўніца: «Заяваў ад бацькоў у нас пакуль няма. Мы праводзілі бацькоўскія сходы і тлумачылі сытуацыю, але ахвотных пакуль няма».

Найбуйнейшы асяродак беларускамоўнага школьніцтва — у райцэнтры Асіповічы. Як паведаміла супрацоўніца раённага аддзелу адукацыі, у мясцовай гімназіі ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску:

«Яна цалкам беларускамоўная гімназія. Яна ў нас адзіная ў вобласьці. Там больш за 600 вучняў. Яны цудоўна ведаюць і беларускую мову, і расейскую. І замежныя мовы ў нас цудоўна выкладаюць. Сама назва „Гімназія“ прадугледжвае элітнасьць»

Карэспандэнт: «А праблемаў з наборам дзетак няма?»

Супрацоўніца: «Няма. Ідуць у гімназію з задавальненьнем».

Летась на Магілёўшчыне былі зачыненыя шэсьць малакамплектных школ у сельскай мясцовасьці. Усе беларускамоўныя. Паводле дадзеных за 2010–11 навучальны год, крыху болей за 18 тысяч школьнікаў вучылася па беларуску. Па-расейску — больш за 92 з паловай тысячы. Практыка паказвае, што адкрыцьцё беларускамоўных школ залежыць ад ініцыятывы бацькоў.
Гомельшчына

У гомельскай гімназіі № 36 імя Івана Мележа абвешчаны набор у першыя клясы, у тым ліку й зь беларускай мовай навучаньня

Тацяна Гарбачова, завуч пачатковых клясаў гімназіі, расказала, што сёньня яны з настаўнікамі пойдуць у дзіцячыя садкі з агітацыяй: «Па тэлебачаньні ролік наш круцілі тыдзень. У газэце „Гомельскія ведамасьці“ мы давалі аб’яву. У школе № 67 была бацькоўская канфэрэнцыя. Сёньня ў 72-й школе будзем — запросім старэйшыя клясы».

Сёлетні навучальны год заканчваюць 19 першаклясьнікаў, якія ўсе прадметы вывучалі па-беларуску. Тым ня менш завуч кажа, што апошнім часам колькасьць бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску, у горадзе зьмяншаецца:

«Самі бацькі кажуць: ведаеце, у побыце, на вуліцы мы размаўляем толькі на рускай мове. Мы працуем — на працы таксама размаўляем на рускай мове. Ёсьць бацькі розныя, хачу вам сказаць. Але тэндэнцыя — толькі на рускай мове».

«Мова — гэта вынік палітыкі, якая існуе ў дзяржаве»

У карэннага гамельчука спадара Алеся і дачка, і сын навучаліся ў гімназіі № 36 па-беларуску. Дачка пасьля гімназіі паступіла ва Ўнівэрсытэт транспарту, сын — у тэхнічны каледж. Беларуская мова, як лічыць бацька, зусім не перашкода для працягу навучаньня нават на тэхнічных спэцыяльнасьцях, хутчэй наадварот:

«Вырасьлі людзьмі больш духоўна насычанымі. Калі размова ідзе пра культуру, духоўныя аспэкты, то бачная розьніца, як разважаюць іхнія аднагодкі, якія віртуальна ўспрымаюць Беларусь як асноўную частку сьвету, дзе яны жывуць, увасабляюць сябе як асобы. Духоўна ўзбагачаны чалавек больш сумленны ў любой справе — няхай ён вуліцу мяце ці заняты высокімі тэхналёгіямі. Гэта вынік палітыкі, якая існуе ў нашай дзяржаве. Мы ж ведаем, якія бойкі ідуць ва Ўкраіне ў парлямэнце сярод дэпутатаў. Яны ж бачаць, што ў Беларусі сталася з двухмоўя».

Асяродкі беларускамоўнага навучаньня — вясковыя школы

Зараз у рэгіёне толькі 14,6 адсотка школьнікаў навучаюцца па-беларуску. Асяродкамі беларускамоўнага навучаньня застаюцца вясковыя школы. У Ельскім раёне, у прыватнасьці, 44 адсоткі школьнікаў навучаюцца на беларускай мове, у Лельчыцкім — 55 адсоткаў.

У гарадах навучаньня па-беларуску няма, за выключэньнем адмысловых прадметаў — беларускай мовы й літаратуры. У Мазыры нават у гімназіі імя Янкі Купалы няма беларускамоўных клясаў.

«Здаецца, у пазамінулым годзе было некалькі бацькоў, якія пажадалі, каб іх дзеці навучаліся на беларускай мове, — расказала прадстаўніца гімназіі. — Але не набралася адпаведнай колькасьці вучняў, каб была адкрыта кляса. Таму такую клясу мы не адкрывалі».

У Мазырскім раёне толькі 7,7 адсотка школьнікаў навучаюцца па-беларуску, 9 адсоткаў — у Сьветлагорскім раёне.

Былы кіраўнік закрытай уладамі Сьветлагорскай філіі менскага ліцэю імя Коласа Тэльман Масьлюкоў лічыць, што цяперашняй сыстэме адукацыі самой не з рукі арганізоўваць навучаньне па-беларуску:

«Сыстэме адукацыі сучаснай проста нязручна арганізоўваць навучаньне на рускай і беларускай мовах: трэба забясьпечваць той жа горад праграмамі, навучальнымі матэрыяламі, падручнікамі, каб весьці навучаньне на той і на той мове. Таму яны ўсяляк упіраюцца. І нават калі хтосьці з бацькоў падае заявы, то ўсяляк перашкаджаюць стварэньню беларускамоўных клясаў. Прасьцей заказаць адзін варыянт падручнікаў і зь ім працаваць».

Пракамэнтаваць некаторыя лічбы й факты цяперашняй сытуацыі зь беларускамоўным навучаньнем дзяцей у школах Беларусі «Свабода» папрасіла старшыню грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства беларускай школы» дацэнта Алеся Лозку.

Алесь Лозка: Скарачэньне школ у Беларусі, сапраўды, стала сумнай сацыяльнай зьявай. Фактычна штогод у сярэднім 100 школ зачыняецца. Прычым большасьць гэтых школ — беларускамоўныя. І калі ў самім далучэньні малакамплектных школ да больш буйных нібыта няма праблемы для дзяцей, то яна выяўляецца ў іншым. Справа ў тым, што дзеці зь беларускамоўных школ пераводзяцца ў рускамоўныя школы й страчваюць навучаньне па-беларуску. Страчваецца пераемнасьць.

Алесь Лозка

Алесь Лозка

Мала таго, Беларусь страчвае нават тое, што было выпраўлена цягам апошніх гадоў пры былым міністру Аляксандру Радзькову. А менавіта: былі выдадзены рэкамэндацыі, каб раённыя аддзелы адукацыі адчынялі беларускія клясы. Але зараз зноў гэтыя рэкамэндацыі дрэнна рэалізуюцца... Неахвотна ў выканкамах і аддзелах адукацыі пагаджаюцца на стварэньне беларускіх клясаў, да прыкладу, з трох вучняў.

Свабода: Колькасьць скарочаных школ у Беларусі перасягне сёлета лічбу 600. У выніку больш як 230 тысяч вучняў адлучаныя ад навучаньня па-беларуску. А паводле прагнозаў Мінадукацыі, да магчымага закрыцьця рыхтуюцца яшчэ чатыры сотні школ...

Алесь Лозка: Улады зноў-такі спасылаюцца, што ў галіне адукацыі бракуе грошай. Сапраўды, галіна адукацыі страціла цяпер прыярытэтнае значэньне. Акрамя таго, у беларускіх ВНУ зараз скарачаецца гэтая плынь. Значыць, павінны быць новыя настойлівыя ініцыятывы, больш важкія й рашучыя дзеяньні...

Свабода: Яшчэ ў мінулым годзе ў СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што ў Беларусі сярэдняя адукацыя будзе часткова пераведзена на родную мову. Гутарка была пра выкладаньне геаграфіі і гісторыі на беларускай мове. Аднак 17 траўня намесьнік міністра Казімір Фарыно заявіў, што няма грошай на выданьне неабходных падручнікаў на беларускай мове...

Алесь Лозка: Гэты адказ выглядае абсурдным, бо такія ж грошы давядзецца патраціць на падручнікі на рускай мове... Словам, у адукацыі на сёньня наламана дроў нямала. Асабліва з рэформай школы. Я ўпэўнены, што давядзецца вяртацца назад.

Ужо давялося вяртацца да ранейшага ў навучаньні замежнай мовы. Зараз абмяркоўваецца пытаньне, чаму няма вывучэньня айчыннай і ўсясьветнай культуры. А чаму скарочаныя школьныя ўрокі па сьпевах? Будуць зьмены і ў вывучэньні беларускай мовы. Мы таксама спадзяемся на актыўную ролю бацькоў, пра што сёньня таксама паведаміла Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG