Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошты навучаньня паднялі задняй датай чацьвёрты раз за год


Белдзяржунівэрсытэт, Унівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт паднялі кошт навучаньня задняй датай на 5%.

А з новага навучальнага году Міністэрства адукацыі плянуе ў два разы павысіць плату на тых спэцыяльнасьцях, дзе назіраецца лішак спэцыялістаў — у прыватнасьці, на вельмі папулярныя эканамічныя, юрыдычныя профілі.

У гэтым навучальным годзе беларускія ВНУ ўздымаюць кошты ўжо чацьвёрты раз. Прычым задняй датай — з 10 траўня. Перад гэтым плата за навучаньне падвышалася з 1 лютага — на 30%. Гэтым разам падаражэньне ў параўнаньні зь лютаўскім невялікае, кажа бухгальтарка БДУ Натальля Рыгораўна:

«Тарыфная стаўка паднялася на 5%, а мы кошты навучаньня паднялі толькі на 3,5%».

На сайце БДУ кошты пакуль старыя — на прэстыжных спэцыяльнасьцях навучаньне каштуе 12.067.700 рублёў. А на пачатку навучальнага году, у верасьні, плата за навучаньне была 7.483.500 рублёў. То бок за год адукацыя падаражэла больш як на 40%.

Экспэрт «Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў» у галіне адукацыі Сьвятлана Мацкевіч, што да чацьвёртага за год павышэньня коштаў адукацыі, выказала такое меркаваньне:

«Вядома, гэта не нармальна. Звычайна дамова, якая заключаецца на навучаньне, прадугледжвае, што аплата цягам году павінна заставацца нязьменнай. Але ва ўмовах такіх крызісных сытуацыяў часова адмяняюцца ўсе раней заключаныя дамовы. І такія частыя зьмены ў аплаце навучаньня якраз сьведчаць пра фінансавы крызіс у сыстэме адукацыі».

Маці другакурсьніцы эканамічнага факультэту БДУ спадарыня Галіна абураецца:

«Правільна кажуць: сквапны плаціць двойчы. Мая знаёмая раіла адправіць дзяцей вучыцца ў Польшчу. Я палічыла, што гэта дорага. Дык колькі мы плацім зараз, і колькі разоў яшчэ плата будзе павышацца, пакуль маё дзіця скончыць ВНУ (а яно толькі на другім курсе), — гэта аднаму богу вядома. Дык лепш бы я паслала яе вучыцца туды, таму што там аплата фіксаваная, і плацяць яны ўжо менш, чым мы плацім у нашай роднай краіне».

У бальшыні краінаў, і ў той самай Польшчы таксама, студэнты-платнікі падпісваюць дамову на ўвесь тэрмін навучаньня, працягвае спадарыня Галіна:
Нашы дзеці літаральна кожны месяц прыходзяць і кажуць: «Зноў усё падаражэла. Рыхтуй, матуля, грошы».

«І за ўсе 5 гадоў табе не паднімуць ні на адну капейку плату за навучаньне. А нашы дзеці літаральна кожны месяц прыходзяць і кажуць: «Зноў усё падаражэла. Рыхтуй, матуля, грошы».

Але гэта яшчэ кветачкі. Кошт навучаньня ў наступным навучальным годзе можа вырасьці зь цяперашніх 12 мільёнаў рублёў да 24 мільёнаў. «У асноўным гэта закране юрыдычныя і эканамічныя спэцыяльнасьці, якія зараз не запатрабаваныя», — заявіў у сакавіку міністар адукацыі Сяргей Маскевіч. Бухгальтарка БДУ Натальля Рыгораўна пакуль дакладных лічбаў, колькі будзе каштаваць вывучыцца на эканаміста ці юрыста, не назвала:

«Разумееце, гэта пакуль толькі міністар ведае, колькі будзе каштаваць. Мы пакуль разьлікаў яшчэ не рабілі наконт эканамістаў і юрыстаў».

Экспэрт «Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў» у галіне адукацыі Сьвятлана Мацкевіч тлумачыць няспыннае павышэньне коштаў навучаньня недасканаласьцю фінансаваньня сыстэмы адукацыі ў Беларусі:

«За мяжой такіх захадаў не ўжываюць. За мяжой гэтая праблема вырашаецца па-іншаму: калі навучальная ўстанова можа атрымліваць вялікія крэдыты ва ўмовах крызісу, калі яны пасьпяваюць сфармаваць нейкія рэзэрвовыя фонды. То бок пытаньні фінансаваньня сыстэмы адукацыі ў нас вельмі недасканалыя. Гэта відавочна».
XS
SM
MD
LG