Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымуляцыя пад нацыянальнай шыльдай


Нядобразычлівы мы народ. Ня ўмеем цешыцца з посьпехаў нашых землякоў.

Вось узнагарода FIPRESCI ў Канах для фільму Сяргея Лазьніцы «Ў тумане» паводле Васіля Быкава — самы апошні таго прыклад. Пачытайце камэнтары пад матэрыяламі пра гэты фільм на нашым сайце або на сайце «Нашай Нівы» і вы зразумееце, пра што я.

Паводле шмат каго з камэнтатараў, Лазьніца толькі фармальны беларус, у яго насамрэч 16 нацыянальнасьцяў, фільм зьняты на расейскай мове, акторы нейкія ўкраінскія, а прадукцыя дык увогуле касмапалітычная. Нават здымкі рабілі не ў Беларусі, а ў Латвіі. Карацей, фільм да беларускага кіно ніякага дачыненьня ня мае, а зь Беларусьсю яго злучае ўсяго аповесьць Быкава, паводле якой пісалі сцэнар...

Усё тут, пэўна, неяк так, але адначасова і глыбока няправільна. Якое значэньне гэтыя прэтэнзіі маюць ў параўнаньні з фактам, што ўпершыню фільм паводле выдатнай беларускай літаратуры, у прадукцыі якога ўдзельнічаў (хай сабе і сымбалічна) «Беларусьфільм», дапусьцілі да галоўнага конкурсу ў Канах, і што гэты фільм атрымаў прэстыжную ў сусьветным кінэматографе ўзнагароду міжнароднай крытыкі FIPRESCI? Гэта, што ні сказаць, гістарычная падзея. Канечне, шкада, што ў Канах над чырвонай дарожкай не луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, а падчас прэс-канфэрэнцыі Лазьніца не выгукнуў «Жыве Беларусь!», але гэта ж насамрэч дробязі... Ад гэтага гістарычнасьць падзеі не губляецца.

Учора я паглядзеў у тэлевізары фільм Лярса фон Трыера «Мэлянхолія» з 2011 году. Фільм паставілі за грошы прадуцэнтаў з Даніі, Нямеччыны, Швэцыі, Францыі і Італіі. Здымкі рабілі ў Швэцыі. Акторы ў фільме былі з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Скандынавіі. Ну а сам фільм агучылі на ангельскай мове. Як шмат папярэдніх, і гэты фільм фон Трыера паказвалі ў Канах, акторка ў галоўнай ролі атрымала там узнагароду. Я не сачыў за рэакцыяй дацкай крытыкі і публікі на гэты фільм, але мне цяжка дапусьціць, што датчане маглі палічыць гэты фільм «касмапалітычным», які мае толькі ўскоснае дачыненьне да іхнай краіны і кінэматаграфіі...

А ў Беларусі ёсьць людзі, якія неяк так думаюць. Лазьніца, хоць і нарадзіўся ў Баранавічах — гэта хутчэй нейкі маскаль, бо здымае фільмы на расейскай мове, Значыць, ён ня наш...

Мікалай Халезін дык дакладна маскаль, а значыць, ён дакладна ня наш. І ня мае значэньня, што ягоны «Свабодны тэатар» выступіў у шэксьпіраўскім «The Globe» у Лёндане як першы зь беларускіх тэатраў, дый да таго на беларускай мове...

Сьвятлана Алексіевіч гэта нейкая прышываная беларуска, і для Беларусі ня мае насамрэч значэньня, што яна там піша і чаму ёй за мяжой даюць розныя прэміі...

Канешне, я разумею, што ў сытуацыі, калі народ не гаворыць па-беларуску, нам хацелася б, каб людзі культуры гаварылі і пісалі па-беларуску... То бок, каб увесь час і паўсюды, у дадатак да мастацтва, яны служылі яшчэ ідэі нацыянальнага абуджэньня...

А што, калі чалавек займаецца найперш або выключна мастацтвам?

Як ні глядзець, усё ўрэшце ўпіраецца у пытаньне, якое мне ўжо даводзілася ставіць на сайце нашага радыё: ці магчымая беларуская нацыянальная культура на расейскай мове? Ці трэба мастаку рабіць этнічныя дэклярацыі, каб быць залічаным да беларускіх творцаў?

Паводле мяне, беларуская культура на расейскай мове магчымая. І не абавязкова трэба мастаку быць «стоадсоткавым» этнічным беларусам, каб паслужыць беларускай культуры. Мабыць, самае важнае ў гэтым пытаньні тое, ці чалавек займаецца сапраўдным мастацтвам, а ня нейкай сымуляцыяй пад беларускай нацыянальнай шыльдай...

Я вось чытаю ўсю гэтую інтэрнэтную дыскусію пра пакаленьні «лузэраў», «last», «zero», «пераможцаў», і дзіву даюся — наколькі радыкальна рознымі могуць быць погляды беларусаў на па сутнасьці адну і тую самую праблему: што значыць быць беларусам у ХХІ стагодзьдзі? Інакш кажучы, на праблему: ці мы прайгралі Беларусь, ці выйгралі яе? Або яшчэ іначай: ці мы апошняе пакаленьне беларусаў ці, насамрэч, першае ў новых абставінах?

У якіх новых абставінах, запытаеце, калі ў Беларусі ўжо мінае 18 гадоў, як абставіны не зьмяняюцца?

Канешне, палітычныя абставіны не зьмяняюцца. Але зьмяняюцца псыхалягічныя абставіны нашага жыцьця. Як мне здаецца, чым далей, тым мацней мы пачынаем разумець, што беларускасьць насамрэч — значна больш складаная рэч за тую простую мантру, якую мы маглі прачытаць, напрыклад, у праграме дзеяньня БНФ «Адраджэньне» ўзору 1989 году.

У беларускасьці, якая прыйшла да нас разам з ХХІ стагодзьдзем, павінна знайсьціся месца і для Лазьніцы, і для Халезіна, і для Алексіевіч... Я аптыміст, і лічу, што яно знойдзецца. І мы зноў станем добразычлівымі людзьмі, як наогул пра нас думаюць у сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG