Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Георгій Лепін дамагаецца вяртаньня дакумэнтаў і рукапісаў пра ядзерную энэргетыку, адабраных падчас затрыманьня амапаўцамі ў нядзелю.

У выніку затрыманьня менскай міліцыяй у прафэсара Георгія Лепіна зьніклі дакумэнты і матэрыялы, якія тычацца праблемаў бясьпекі ядзернай энэргетыкі. 27 траўня Георгія Лепіна затрымалі каля стадыёну «Трактар» разам зь ня менш як 20 маладымі людзьмі, якія сабраліся, каб паслухаць ягоную лекцыю:

«Калі ўсе юнакі сабраліся, з аўтобуса высыпала велізарная група амапаўцаў і пачалі ўсіх хапаць і запіхваць у аўтобус. На пытаньні, чаму нас хапаюць, за што — ніякіх адказаў не было. Проста хапалі і закідвалі ў аўтобус. Калі забралі мяне, адабралі партфэль з матэрыяламі, якія тычыліся ядзернай энэргетыкі, экалёгіі, прамысловасьці, якія я зьбіраўся паказаць гэтым маладым людзям. Усе дакумэнты забралі, як забралі і маю кнігу пад назвай „Атамная энэргетыка — мірны забойца“, якая нядаўна выйшла з друку ў Расеі. Яе таксама забралі».

Учорашні інцыдэнт Георгій Лепін тлумачыць барацьбой беларускіх уладаў з тымі, хто супраць пабудовы ў краіне атамнай станцыі. Навуковец лічыць такую будоўлю вялікай памылкай і ставіць у прыклад Нямеччыну ды Японію, якія вырашылі адмовіцца ад ядзернай энэргетыкі ці істотна зьнізіць колькасьць дзейных станцыяў. Таксама Георгій Лепін адзначае, што беларускія ўлады не дазваляюць людзям зьбірацца і размаўляць на тэмы, якія ім цікавыя:

«Гэта ўсё можна патлумачыць толькі вялікім страхам: вось зьбяруцца людзі
хіба ня ведаеце пра тое, што больш за тры чалавекі нельга зьбірацца? ...

і пачнуць нешта абмяркоўваць! Ну і што? Калі ў міліцыі я спытаў у амапаўцаў, за што нас затрымалі, мне адзін адказаў: „А вы хіба ня ведаеце пра тое, што больш за тры чалавекі нельга зьбірацца?“ Але я ж ведаю, дзе гэта было ўведзена. Гэта было ўведзена ў фашыстоўскай Нямеччыне! Дык мы да гэтага дакаціліся? У нас, калі людзі сабраліся, на іх можна нападаць, затрымліваць, звозіць? Дык што гэта за краіна, у якой мы жывем?»

Мянчанка Алеся была сярод 20 юнакоў і дзяўчат, якіх затрымалі 27 траўня каля стадыёну «Трактар». Дзяўчына папрасіла не называць яе прозьвішча. Пры затрыманьні і па дарозе ў Заводзкі РАУС міліцыянты не называлі сябе, кажа Алеся. Вось што Алеся згадвае пра 3 гадзіны, праведзеныя ў РАУС:

«Нас разьмясьцілі ў актавай залі і паставілі тварам да сьцяны, як злачынцаў. А потым пачалі перапісваць нашы дадзеныя. Здымалі на відэа і на фота, а таксама ва ўсіх узялі адбіткі пальцаў. Прычым калі дзяўчаты спачатку адмовіліся ад гэтай працэдуры, нам сказалі, што паклічуць трох амапаўцаў і гвалтам прымусяць».

Паводле Алесі, некаторыя маладыя хлопцы, якіх затрымалі, былі зьбітыя. «Амапаўцы схапілі нават тых, хто прыехаў на сустрэчу на роварах», — згадвае Алеся.

Брутальныя разгоны сходаў грамадзка актыўнай моладзі адбываюцца ў Менску не ўпершыню. 24 сакавіка ў менскім ДК МТЗ амапаўцы затрымалі больш за сто ўдзельнікаў панк-канцэрту ў падтрымку руху «Ежа замест бомбаў». Большасьць з затрыманых адпусьцілі, некалькі чалавек на наступны дзень пакаралі штрафамі ці адміністрацыйнымі арыштамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG