Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ кажа, што ў іх няма запісаў Уладзіслава Кавалёва


Уладзіслаў Кавалёў
Уладзіслаў Кавалёў

Начальнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Аляксандар Антановіч заявіў, што ні ў турме КДБ, ні ў самім ведамстве няма запісаў Уладзіслава Кавалёва, расстралянага за тэракт у менскім мэтро.

Антонавіч таксама сказаў, што ў КДБ няма даверанасьцяў, якія, па словах Кавалёвай, Уладзіслаў разам з адвакатам складалі для таго, каб маці магла дзейнічаць ад імя сына.

Такія даверанасьці, як паведамлялася раней, складаліся двойчы. Ніводнай зь іх Кавалёва не атрымала.

Любоў Кавалёва ўжо некалькі месяцаў дамагаецца, каб КДБ аддаў запісы яе сына.

Пасьля таго як Уладзіслава Кавалёва расстралялі, маці атрымала па пошце з турмы КДБ пакунак зь ягонымі асабістымі рэчамі. Аднак жоўтая тэчка, зь якой Уладзіслаў хадзіў на паседжаньні суду, аказалася пустая.

«З гэтай тэчкай ён быў на судзе, там знаходзіліся запісы, зробленыя ім падчас суду і пасьля, калі яны з адвакатам знаёміліся з судовай справай для напісаньня касацыйнай скаргі. Улад вельмі прасіў, каб гэтыя запісы захавалі», — заявіла Любоў Кавалёва два месяцы таму.

Яна мяркуе, што сын мог занатаваць нейкія парушэньні ўтрыманьня ў турме.

«Але я не атрымала ніякіх дакумэнтаў пра тое, што, напрыклад, запісы сына былі зьнішчаныя ў законным парадку», — заявіла Любоў Кавалёва БелаПАН.

Даведка «Свабоды»

Выбух у менскім мэтро, справа Кавалёва-Канавалава

17 сакавіка стала вядома, што расстралялі абодвух меркаваных выканаўцаў выбуху ў менскім мэтро — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

14 сакавіка зьявілася афіцыйная інфармацыя, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызьме і прысудзіў яму сьмяротнае пакараньне. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

Дзьмітры Канавалаў, таксама асуджаны на сьмяротнае пакараньне паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме па гэтай крымінальнай справе, прашэньне аб памілаваньні падаваць адмовіўся.

11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Агулам пацярпела больш за 300 чалавек.

Міжнародныя грамадзкія і праваабарончыя арганізацыі заклікалі не караць Кавалёва і Канавалава сьмерцю, а таксама правесьці новае расьсьледаваньне акалічнасьцяў выбуху ў менскім мэтро.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG