Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Барадач стварыў аргкамітэт рады нацыянальнага адраджэньня Беларусі


Уладзімер Барадач
Уладзімер Барадач

Палітычны эмігрант, палкоўнік спэцназу ў адстаўцы Ўладзімір Барадач заявіў аб стварэньні за мяжой аргкамітэту рады нацыянальнага адраджэньня Беларусі.

Потым у яе склад мае ўвайсьці часовы пераходны ўрад.

Барадач распавёў карэспандэнту «Свабоды», што ў красавіку-траўні прайшлі арганізацыйныя сходы ў Расеі, Украіне, Польшчы і Літве. У іх удзельнічалі 28 беларускіх эмігрантаў і 53 прадстаўнікі зь Беларусі. Сярод іх — афіцэры арміі, МУС, КДБ, сябры грамадзкіх арганізацый. Кіраўнік аргкамітэту Ўладзімір Барадач паведаміў, што прозьвішчы тых, хто зь Беларусі ўвайшоў у склад аргкамітэту, агучвацца ня будуць дзеля бясьпекі гэтых людзей. Паводле Барадача, выпрацавана агульная пазыцыя і бліжэйшымі днямі будзе агучана адмысловая заява.

«Спачатку ацэнка сытуацыі, а потым — на чым грунтуецца наш аптымізм. Нашы меркаваныя задачы палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя, зьнешняя палітыка, бліжэйшыя і далейшыя задачы. Мы патлумачым, што мы хочам, як мы прапануем людзям ісьці і аднавіць у краіне канстытуцыйны парадак. Пасьля мэмарандуму мы пачнём ствараць уласныя структуры. Будзе рада нацыянальнага адраджэньня, куды ўвойдзе камітэт нацыянальнага адраджэньня, пераходны ўрад, рада старэйшын. Фармаваньне пераходнага ўраду — гэта будзе канчатковая мэта нашай арганізацыі».

Спадар Барадач таксама выказаўся адносна дыскусіі, якая ўзьнікла на нядаўняй канфэрэнцыі «Будучыня Беларусі» 25 траўня ў Вільні, у якой браў удзел Ганс-Георг Вік, адносна ягонай ініцыятывы:

«Яны абмяркоўвалі нашу тэму, прычым яе скажаючы, і ня вынесьлі ніякіх рашэньняў. Уявіце, безь мяне мяне ажанілі. І гэтыя людзі замест таго, каб аднаго з нашых прадстаўнікоў запрасіць туды і выслухаць, што мы прапануем, яны пачалі скажаць нашу ідэю. І ў той жа час прапаноўваць яе. Так, насьпела стварэньне цэнтру дэмакратычных сілаў. Яны кажуць, патрэбны цэнтар, толькі без Барадача».



Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч пра ініцыятыву Барадача:

​«У мяне так мала інфармацыі, што я не магу выказаць сваё стаўленьне да гэтага. Проста яго асабіста я ведаю як прыстойнага, высокасьвядомага і вельмі дасьведчанага чалавека. Ня думаю, што ён будзе рабіць нешта непатрэбнае. Пакуль я ня ведаю ні мэты, ні хто туды ўваходзіць, ні як ставіцца гэтая структура да Рады БНР. Зразумела. што ў нас нешта павінна быць па-за Беларусьсю, бо тут рэжым азьвярэў, ахамеў і ніякая апазыцыя ня можа існаваць. Бо рэжым непрыстойны і хоча каб апазыцыя была непрыстойная. Гэта несумяшчальна, таму я не выключаю, што гэта цікавы захад. Але пакуль што не магу выказацца дэталёва».


Былы кіраўнік ураду Беларусі Міхаіл Чыгір так выказаўся адносна створанай рады:

«Ужо такія спробы калісьці былі. Яны нічога не далі. Я думаю, што і цяпер ніякіх вынікаў ня будзе. Чаму? Ёсьць выбары, ёсьць камісіі, бюлетэні, галасы. А што ўрад там за мяжой можа зрабіць? Я ў гэтым сэнсу ня бачу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG