Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытна-памежная дыскрымінацыя апазыцыі


Улады Беларусі пачалі ўжываць памежны кантроль і мытны дагляд, каб ціснуць на тых, хто ім недаспадобы.

Каля двух дзясяткаў апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў застаюцца невыязнымі за межы Беларусі, а каго яшчэ выпускаюць, за тымі ўзмацнілі мытны кантроль — здымаюць зь цягнікоў, абшукваюць, прымушаючы распрануцца.

Цягам апошніх трох месяцаў памежнікі прапускнога пункту «Гудагай», што на літоўска-беларускай мяжы, двойчы здымалі зь цягніка лідэра прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзя Фядыніча. Абодва разы нічога не знайшлі. У мінулую пятніцу ў яго забралі невялікую суму грошай — нібыта на экспэртызу.

Генадзь Фядыніч зьбіраецца абскарджваць гэтыя дзеяньні памежнікаў і мытнікаў, называе іх дыскрымінацыяй.

Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч
«Я хачу зьвярнуцца зь лістом да начальніка памежнай службы, таму што гэта яны здымаюць, а мытнікі ім падпарадкоўваюцца. Гэта не ініцыятыва мытніка, якому падалося, што рэчы ня тыя... Гэта ўсё арганізоўваў маёр памежных войскаў. На маё пытаньне, які артыкул якога закону, паводле якога вы нас здымаеце, ён нічога ня мог адказаць».

Спадар Фядыніч сваю памежную дыскрымінацыю зьвязвае з актыўнасьцю прафсаюзу РЭП і са сваім удзелам у народных сходах.

Журналістку «Народнай волі» Марыну Коктыш у суботу таксама зьнялі зь віленскага цягніка і пратрымалі на мытным даглядзе 4 гадзіны, так нічога і не знайшоўшы. Абскарджваць гэты выпадак яна не зьбіраецца:

Марына Коктыш
Марына Коктыш
«Абскарджваць я ня буду, таму што мытнікі проста выконвалі загады зьверху. І я ўпэўненая, што гэтыя загады нават паходзілі не ад старшыні Мытнага камітэту. Бо ўвесь час, пакуль я там была, нехта тэлефанаваў, яны рыхтавалі нейкія паперы».

Фармальна мытнікі закону не парушылі. Мытны кодэкс дазваляе здымаць людзей зь цягнікоў і праводзіць пільны агляд, прызнае Марына:

«Але тут зьдзек у тым, што, зьняўшы з цягніка, ніхто не тлумачыць, з-за чаго, у чым падазраюць, што хочуць знайсьці ў гэтай валізцы ці маёй сумачцы і чаму яны гэта робяць».

Прэсавы сакратар Мытнага камітэту Ігар Пяшко заявіў «Свабодзе», што нічога ня ведае пра выпадкі са зьняцьцём журналістаў і грамадзкіх дзеячаў зь цягнікоў на літоўска-беларускай мяжы:

«Штодзённа празь мяжу перамяшчаюцца некалькі тысяч чалавек. У адносінах да асобнай катэгорыі праводзяцца дадатковыя мерапрыемствы, у тым ліку даглядаецца багаж. Ёсьць вызначаны парадак абскарджваньня, і яны могуць ім скарыстацца».

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак сьцьвярджае, што ў прававой дзяржаве сваволю мытных і памежных службаў можна было б абскарджваць у судовым парадку.

«Гэта называецца дыскрымінацыяй, супраць гэтага таксама павінны прымяняцца адпаведныя сродкі, у тым ліку судовай абароны. Але гэта ўсё магчыма ў прававой дзяржаве. У нас падобныя захады маюць вельмі мала эфэкту».

Алег Гулак сам спрабуе абскардзіць забарону на выезд, якая дзейнічае ў адносінах да яго і іншых актывістаў, якія недаспадобы ўладам. Але суды проста сабатуюць разгляд скаргаў аб парушэньні правоў грамадзян на выезд за мяжу. Скаргу Алега Гулака на дзеяньні МУС і Мін’юсту, якія ўнесьлі яго ў сьпіс невыязных, прынялі ў судзе Цэнтральнага раёну, але не разглядаюць, хоць прайшло ўжо два месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG