Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадок: прыборка пасьля вулічнай акцыі каштуе 830 тысячаў рублёў


Дэмакратычны актывіст Леанід Аўтухоў пацікавіўся ў мясцовай камунальнай службы, міліцыі і мэдыкаў, колькі трэба будзе заплаціць за паслугі адмыслоўцаў, каб заключыць дамову на абслугоўваньне масавай акцыі.

Камунальнікі адказалі, што толькі за іхныя паслугі трэба будзе аддаць 827 688 рублёў.

Леанід Аўтухоў, актывіст «Гавары праўду», старшыня мясцовай суполкі БНФ, хацеў правесьці шэсьце і мітынг з удзелам 50-ці чалавек 22 чэрвеня гэтага году.

«Я меркаваў, што гэта будуць мерапрыемствы антыфашыстоўскай скіраванасьці, якраз да ўгодкаў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Зьвярнуўся зь лістамі, каб мне падлічылі, колькі ж трэба будзе заплаціць, калі афармляць дамовы, як патрабуе заканадаўства. Лічбы, як кажуць, уражваюць! Гарадоцкія камунальнікі папярэдне ацэньваюць свае паслугі па доглядзе тэрыторыі пасьля шэсьця і мітынгу ў 827 688 рублёў», — паведаміў Аўтухоў. «Пры тым, што мерапрыемствы будуць працягвацца адну гадзіну і колькасьць удзельнікаў — да 50 чалавек. Эканаміст Гарадоцкага прадпрыемства цеплавых і камунальных сетак палічыў, што на плошчы амаль паўтара гектара мітынгоўцы ўтвораць сьмецця на 0,75 кубічнага мэтра, а біяпрыбіральня будзе транспартавацца дзьве гадзіны на адлегласьць 20 кілямэтраў».

Гарадоцкі актывіст адзначае, што гэта каштарыс толькі адной са службаў. Бо першы намесьнік начальніка Гарадоцкага РАУС абмежаваўся толькі паведамленьнем пра тое, што дамова на выкананьне паслугаў будзе падрыхтавана пасьля атрыманьня дазволу райвыканкаму.

«Прычым кошт паслугі будзе залежаць ад „рангу“ міліцыянтаў, задзейнічаных у ахове. Бо заробкі, прыкладам, маёра і сяржанта істотна адрозьніваюцца. Так мне патлумачылі ў РАУС», — удакладняе спадар Аўтухоў.

Пакуль актывіст яшчэ не атрымаў адказу з Гарадоцкай райбальніцы. Ён мяркуе, што паслугі мэдычнай установы могуць аказацца яшчэ даражэйшымі, чым у камунальнікаў, калі палічаць, што ўдзельнікаў шэсьця мусіць эскартаваць машына хуткай дапамогі.

Леанід Аўтухоў лічыць, што кошты на абслугоўваньне мерапрыемства завышаюцца знарок, каб незаможны шараговы грамадзянін ня меў магчымасьці арганізоўваць нейкія акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG