Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сайце Свабоды зьявіліся зьвесткі нацыянальнага апытаньня: толькі тры адсоткі (3,9%) беларусаў стала гавораць па-беларуску.

Камэнтатары пасьпяшаліся зьвінаваціць «прадажных» сацыёлягаў, паставіць пад сумнеў вынікі дасьледаваньня, прычым засумняваліся ў абодва бакі: што мала і што многа; упасьці ў роспач і прыгразіць ворагам; зьвінаваціць улады, апазыцыю і народ; мужна ўцерці скупую сьлязу...

Трыццаць гадоў таму тры адсоткі сапраўды выглядалі б падазрона, бо гаварыла вёска, бо гаварэньне па-беларуску не лічылася апазыцыйнай дзейнасьцю, а самае галоўнае – было «дзейнасьцю» ў абсалютнай бальшыні выпадкаў несьвядомай. Людзі гаварылі як умелі, як трава расла. А тых, хто гаварыў сьвядома, калі мы ня ведалі асабіста, дык нашы сябры ведалі. Агульны лік ішоў на дзясяткі чалавек. Так было трыццаць гадоў таму.

Цяпер усё роўна наадварот. Вёска не гаворыць, а калі яшчэ дзе што якое, дык асьцеражэцца сказаць пра тое незнаёмым людзям.

Тры адсоткі – гэта менш-больш 300 тысяч. Ня верыцца, што так шмат? Добра, давайце дапусьцім, што вёска ўсё ж дзе-нідзе не асьцераглася. Няхай будзе ня трыста, а трыццаць тысяч. Для чысьціні дасьледаваньня.

Што тут самае галоўнае? Якасьць гэтай публікі. Гаварыць па-беларуску – штодзённа супрацьстаяць прыдзіркам, насьмешкам, абразам і падазрэньням, рызыкаваць рэпутацыяй і працоўным месцам, быць у вачах многіх апазыцыяй, «пятай калёнай» ці нават, як кажа адзін таварыш, «ворагам народу». Уяўляеце, наколькі трэба верыць у сваю зорку, у сваю культуру, у сваю краіну, каб штодня пераадольваць усё гэта?

Вас уражвае дынаміка (лічба скарацілася з 5,8 да 3,9%)? А вы не заўважылі, што прызнавацца ў сваёй беларускамоўнасьці робіцца ўсё больш небясьпечна? Вось роўна настолькі і вырасла небясьпека.

Дарэмна нехта з камэнтатараў прыплёў сюды апазыцыю, маўляў, робяць стаўку на нацыянальнае (на гэтыя ўсяго толькі тры адсоткі), вось і прайграюць. Але гэта няпраўда.

Апошні раз апазыцыя ставіла на нацыянальную ідэю, калі дамаглася незалежнасьці краіны, дваццаць гадоў таму. Больш ніколі, а цяпер і пагатоў, апазыцыя на нацыянальнае ня ставіла і роднай мовай у масе сваёй не карыстаецца. Апазыцыя калі на што і ставіць (а цяпер ужо, мабыць, і ўвогуле ні на што), дык на траву. Паўстане трава і скіне ненавіснага дыктатара. Што будзе далей, гэтага ня ведае ніхто (бо ніякай няма ідэі). Ніхто, апроч тых трыццаці тысяч сьвядомых грамадзян, у якіх ёсьць супольная візія разьвіцьця краіны, якой Беларусь быць павінна. І якія ў большасьці да апазыцыі не належаць. Хоць і нясуць па жыцьці гэтае ня надта прывабнае сёньня таўро.

Рускамоўным у прынцыпе нічога ня трэба, апроч стабільнай сацыяльнай падкормкі і добрага слова ад «бацькі» з экрана. Ім нават ня трэба думаць пра тое, што ім трэба – пра гэта лепей ведаюць наверсе. Таму ў іх ніхто й не пытаецца, таму няма выбараў, таму яны іх і не патрабуюць.

Беларускамоўныя ўвесь час упіраюцца ў вузкія рамкі гета, ім усяго трэба дамагацца самім (тых жа школ для дзяцей), яны ўвесь час адчуваюць хранічны голад. Іх музыкі забароненыя, іх газэты, часопісы, кнігі ня могуць выйсьці за лімітаваныя наклады, хоць па ідэі ніжняя планка накладу іхных газэт, часопісаў і кніг – 30 000. Нарэшце, у іх няма ані радыё свайго, ані тэлевізіі ў Беларусі, забаронена ім іх мець.

Я ўжо не кажу пра маральныя і эстэтычныя траўмы, якія яны зазнаюць штодня празь цяперашнюю ўладу, калі чытаюць загалоўкі кшталту «Белоруссия – последний палач в Европе»... Гэта пра іхную дарагую Радзіму.

30 тысяч у параўнаньні зь дзясяткамі 30 гадоў таму – лічбы непараўнальныя. Асабліва калі ўлічваць характар гэтых людзей, якая настолькі загартаваныя неспрыяльным асяродзьдзем і зьяднаная ідэяй, што – як адзін чалавек. Памятаеце, Караткевіч казаў пра такіх: ня трэба двух, каб пачаць.

30 тысяч – гэта армія. Не партызаны, не падпольшчыкі, не тэрарысты. Бо армія адрозьніваецца ад трох апошніх тым, што мае форму і адкрыта яе носіць. Законная дзяржаўная сіла. Павінны толькі сасьпець абставіны, і гэтыя людзі будуць ведаць, як і чым распарадзіцца. Наўрад ці іх будзе станавіцца меней, бо яны гадуюць дзяцей.

Я ведаю асабіста ці завочна тысячы дзьве такіх людзей, можа быць, крыху болей. Абсалютная большасьць іх маладзейшыя за мяне. Апроч мовы, яны вылучаюцца тым, што жывуць ва ўсіх сэнсах больш чыста і зьмястоўна за іншых, як правіла, Бог не абдзяліў іх талентам. А калі сабраць усе характарыстыкі ў адну, я б назваў іх людзьмі праўды. Незалежна ад прафэсіі.

Магчыма, гэта суб'ектыўнае, але ў Польшчы палякі, у Расеі расейцы, у Літве літоўцы, у Беларусі беларусы – паводле мовы найперш – і ў гэтым самая простая праўда.

Можна было б прыняць аргумэнты пра «асаблівы шлях» Беларусі, дзе «як у Швэйцарыі» ці дзе яшчэ – гістарычна склалася «дзьвюхмоўе». Можна было б прыняць пры адной умове: калі б беларускамоўных не душылі штодзённа, на кожным кроку і на ўсіх узроўнях, каб у дробным і малым не заміналі па-беларуску жыць.

Ды ў тым і штука, што варта хоць трохі аслабіць гэты прэсінг русіфікацыі, як развагі пра Швэйцарыю сканчаюцца. І быць людзьмі праўды (калі «можна») захочваюць ня 30 тысяч, а ўсе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG