Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацак адзначае 1150-я ўгодкі


25 траўня Полацак сьвяткуе сваё 1150-годзьдзе. Цэнтральныя вуліцы ператварыліся адначасова ў канцэртныя пляцоўкі ды кавярні на адкрытым паветры.

У цэнтры Полацку абсталяваныя «падворкі» — кожны раён Віцебскай вобласьці на кавалку сваёй тэрыторыі гандлюе кулінарнымі вырабамі ды алькаголем, а побач выступаюць самадзейныя артысты.

Сьпіртовыя напоі ў разьліў прадаюцца на кожным «падворку». Гандляркі зь Бешанковічаў робяць гэта крэатыўна: апрануўшы белыя халаты з бэйджамі «Доктар Пілюлькіна» і «Медсястра Магіла», увішныя спадарыні прапануюць пакаштаваць «Конь як» або «Лікёр супакойваючы для бляндынак». І закусіць цукеркай «Пафігін» ці «Ржунемаглакін».



Цяжка сказаць, што больш падабаецца наведнікам «падворкаў» — пачастунак ці мастацкая самадзейнасьць. Нехта ідзе ў скокі, а нехта ўжо стаміўся сьвяткаваць.



Але гуляньні на «падворках» спадабаліся гледачам відавочна больш за афіцыйны канцэрт: Спачатку, пакуль чакалі выступу Аляксандра Лукашэнкі, які наведваў Полацак, на плошчу Свабоды зь вялікай сцэнай пускалі толькі па прапусках. Аднак падчас самога канцэрту «у партэры» было шмат незанятых месцаў.



Супрацоўнікі камунальных службаў былі «усюдыісныя» — людзей зь мяцёлкамі можна было ўбачыць практычна паўсюль у цэнтры Полацку

Многія палачане, атрымаўшы ў падарунак да юбілею ад гарадзкога кіраўніцтва выходны дзень, бавілі час у «Горадзе майстроў» або ў гандлёвых шэрагах мясцовых прадпрыемстваў.



Паводле пачутых у натоўпе размоваў, размах юбілейных сьвяткаваньняў, параўнальны хіба толькі са «Славянскім базарам», палачанам спадабаўся. Сьвяткаваць 1150-я ўгодкі і ганарыцца сваім старажытным горадам у Полацку будуць усе выходныя.

А потым пачнуцца будні. Выступаючы 25 траўня ў Полацку, Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ўхваляе плян разьвіцьця горада, які мусіць быць выкананы да 2015 году. Некаторыя пункты гэтага пляну выклікаюць занепакоенасьць мясцовых жыхароў. Да прыкладу, краязнаўцы занепакоеныя, што заплянаванае аднаўленьне сажалак каля Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыра і падняцьце ўзроўню вады ў рацэ Палата адмоўна адаб’ецца на стане фрэсак ХІІ стагодзьдзя ў Спаса-Прэабражэнскай царкве.

Аднак Лукашэнка заявіў, што плян разьвіцьця і мадэрнізацыі Полацка будзе выконвацца, што гэта ягонае асабістае рашэньне. А тым, хто «адкрыта ці прыхавана будзе пярэчыць мадэрнізацыі», тым, «хто спрабуе хадзіць па дварох ды зьбіраць подпісы», ён параіў пачакаць парлямэнцкіх выбараў, каб прыкласьці свой імпэт у іншай справе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG