Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганс-Георг Вік: Альтэрнатыўны ўрад Беларусі ня мае шанцаў на міжнароднае прызнаньне


Ганс-Георг Вік

Ганс-Георг Вік

Урад Беларусі ў выгнаньні ў агляднай пэрспэктыве ня мае шанцаў на міжнароднае прызнаньне, а бяз гэтага ідэя страчвае сэнс.

Такое меркаваньне выказаў на міжнароднай канфэрэнцыі «Будучыня Беларусі» 25 траўня ў Вільні Ганс-Георг Вік, старшыня аб’яднаньня «Правы чалавека ў Беларусі» (Бэрлін), перадае БелаПАН.

Разам з тым ідэя замежнага цэнтру для падтрымкі дэмакратычных пераменаў у краіне «не зусім абсурдная», мяркуе Вік, які ўзначальваў у свой час місію АБСЭ ў Менску.

У цэлым удзельнікі канфэрэнцыі вельмі крытычна ацанілі ідэю палкоўніка спэцназу ў адстаўцы Ўладзімера Барадача пра стварэньне ценявога ўраду ці пераходнай рады за мяжой.

«Ня варта пераносіць за межы Беларусі тое, што можа быць зроблена ўнутры краіны», — заявіў на канфэрэнцыі палітоляг Юры Чавусаў. Ён мяркуе, што стварэньне нават ня ўраду ў выгнаньні, а нейкага каардынацыйнага цэнтру апазыцыі можа нэгатыўна адбіцца на стане і палітычнай апазыцыі, і грамадзянскай супольнасьці ўнутры Беларусі.

«Дзіўна будзе выглядаць, калі кіраўніцтва апазыцыяй пачне весьціся з-за мяжы — бо менавіта ў гэтым улада абвінавачвае сваіх унутраных апанэнтаў ужо зараз. Гэта можа яшчэ больш аддаліць апазыцыю ад яе мэтавых груп, ад насельніцтва», — адзначыў Чавусаў.

Галоўны рэдактар часопіса «Arche» Валер Булгакаў назваў ідэю ценявога ўраду за мяжой прыкладам «блізарукага мысьленьня». Булгакаў лічыць, што важна пераадолець раскол беларускага грамадзтва, бо рэжым вырашае задачу ўтрыманьня ўлады, «сутыкаючы беларусаў ілбамі».

Паводле лідэра грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольгі Карач, перамены ў краіне забясьпечыць толькі той лідэр і тая каманда, «якія змогуць заваяваць сэрцы выбарцаў». Гэты шлях цяжкі, але іншага няма, заявіла яна падчас дыскусіі.

Канфэрэнцыя «Будучыня Беларусі», якая праходзіць у Вільні 25–26 траўня, прысьвечаная 20-годзьдзю незалежных дасьледаваньняў у Беларусі і заснаваньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG