Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь чакае канкрэтных крокаў ад Захаду, якія будуць спрыяць нармалізацыі адносін», — заявіў 24 траўня Аляксандар Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. Ці можна сказаць, што адносіны афіцыйнага Менску з Эўразьвязам застылі на стадыі «халоднага міру» і станоўчага прарыву чакаць не выпадае? Чым можна патлумачыць сыстэматычныя рэпрэсіі супраць моладзевых актывістаў, якія актывізаваліся апошнія тыдні?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кіраўнік інтэрнэт-праекту «Мы» Кірыл Пазьняк і публіцыст Вадзім Казначэеў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.


«Напярэдадні візыту Пуціна не выпадала рабіць нейкія рэвэрансы ў бок Эўропы»

Цыганкоў: «Падчас сустрэчы зь Сяргеем Мартынавым Аляксандар Лукашэнка заявіў: „Мы чакаем канкрэтных крокаў ад Захаду, Эўрапейскага Зьвязу. Мяч на іхнім баку. Гэта маё цьвёрдае перакананьне“. Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама даў зразумець, што не зьбіраецца вяртацца да тэмы вызваленьня палітвязьняў. Ці сапраўды Лукашэнка чакае ад Эўропы нейкіх дзеяньняў, або гэта былі больш прапагандысцкія заявы?»

Пазьняк: «Лукашэнка трымаецца сваёй пазыцыі ў тым, што ў палітыцы для яго галоўны крытэр — гэта выгаднасьць, найперш эканамічная. Зразумела, што пакуль з боку Захаду не даводзіцца чакаць нейкіх хуткіх фінансавых уліваньняў у беларускую эканоміку, а якраз Расея можа падкінуць (іншая справа, на якіх умовах). Пры гэтым можа падкінуць ужо сёньня, а Эўразьвяз — толькі заўтра, і тое невядома.

Лукашэнку зараз няма чаго „прадаць“ Захаду за нейкія дывідэнды ...

Да таго ж напярэдадні візыту Пуціна не выпадала рабіць нейкія рэвэрансы ў бок Эўропы. Дыялёг з Захадам мог бы быць, калі б былі нейкія пэрспэктывы і мэтазгоднасьці — тут і цяпер. То бок Лукашэнку зараз няма чаго „прадаць“ Захаду за нейкія дывідэнды. Таму Менск дэкляруе, што на дыялёг гатовы. Лукашэнка дае зразумець, што не баіцца, што будуць ужытыя сур’ёзныя санкцыі.

Больш за тое, ён падціскае Захад, каб нейкія прапановы прагучалі. У прыватнасьці, падкрэсьліваючы транзытную значнасьць Беларусі. Апошнім часам пачасьціліся паведамленьні з праваахоўных органаў пра нейкія дробныя выбухі, пра затрыманьні нелегальных мігрантаў. Гэта такі сыгнал Эўропе, што мы тут вельмі значныя, і таму саступкі скончаныя. А палітзьняволеныя застаюцца ў кішэні як козыры на крайні выпадак».

«Лукашэнка разумее палітыку як бойку каля калгаснага клюбу»

Цыганкоў: «Ці можна сказаць, што афіцыйны Менск перад візытам Пуціна зноў робіць рэвэранс у бок Масквы?»

Казначэеў: «Мне даводзілася пісаць у свой час, што Аляксандар Лукашэнка разумее палітыку як бойку каля калгаснага клюбу — узяў большы кол і даў па галаве. Можна нагадаць тое яго выказваньне, што ў эўрапейскіх палітыкаў няма яец. І ў сваіх дзеяньнях Лукашэнка зыходзіць менавіта з гэтага — „вы нічога са мной ня здольныя зрабіць“. І ўсе апошнія выказваньні і дзеяньні — менавіта ў гэтым рэчышчы: Лукашэнка правярае, ці зробяць яму нешта альбо не. Калі зробіце — ну, выпушчу я гэтых вязьняў. Калі не — дык давайце паспрабуем гуляць на гэтым полі.

Але асаблівасьць цяперашняй сытуацыі ў тым, што Эўропа ўпершыню заняла дастаткова цьвёрдую пазыцыю. Вызваленьне палітвязьняў — гэта толькі папярэдняя ўмова пачатку нейкіх перамоваў. Будзем спадзявацца, што Эўропа вытрымае менавіта гэтую ўмову».

Цыганкоў: «На гэтым фоне ўнутры Беларусі адбываецца чарговае ўзмацненьне рэпрэсіяў. Амаль штодня мы маем паведамленьні, што таго ці іншага моладзевага актывіста затрымліваюць, садзяць на 15 сутак, і нават калі яны выходзяць, некаторых зноў адпраўляюць за краты. Якія матывы ў такіх дзеяньнях праваахоўных органаў? На пачатку вясны, калі даволі спакойна прайшоў Дзень Волі, здавалася, што пачалася калі не адліга, то хаця б нейкая раўнавага. А цяпер зноў сапраўднае паляваньне. Чым гэта можна патлумачыць?»

«Магчыма, мы ўжо не дачакаемся лявіраваньня Менску ў бок Захаду»

Пазьняк: «Судовы канвэер — гэта элемэнтарная інэрцыя рэпрэсіўнай сыстэмы супраць таго, што варушыцца. І калі казаць пра нейкія матывы, то я б казаў пра матыў — „не рабіць нейкай лібэралізацыі“. Бо мы прызвычаіліся, што перад выбарчымі кампаніямі нейкая касмэтычная, дазаваная лібэралізацыя адбываецца. Што тычыцца надыходзячых парлямэнцкіх выбараў, то Захаду іх як праведзеныя паводле „дэмакратычных стандартаў“ ужо не „прадасі“. Тут і апазыцыя абрала адносны ўдзел, і сам Лукашэнка ўжо анансуе палітычную рэформу, пераход да мажарытарна-прапарцыйнай сыстэмы на нейкі далёкі час. Так што ніякага інтарэсу для ўлады ў лібэралізацыі няма.

Я б таксама адзначыў новы момант. Магчыма, мы ўжо не дачакаемся лявіраваньня ў бок Захаду, як гэта было раней. Бо ня выключана, што гэтыя працэсы інтэграцыі ў расейскую сфэру інтарэсаў ужо практычна незваротныя. Сёньня Лукашэнка заяўляў, што місія Беларусі — быць зьвяном у „інтэграцыі інтэграцыяў“ паміж Эўразьвязам і Эўразійскім зьвязам. Калі гэтак будзе працягвацца, то ня выключана, што больш лявіраваньня мы не дачакаемся, бо Лукашэнка давёў краіну і сябе да такога стану, што ён ня здольны будзе да павароту».

Цыганкоў: «Няўжо ён не разумее, што ў такім лявіраваньні — ягоная палітычная страхоўка?»

Пазьняк: «Так яно і ёсьць. Таму я так і кажу — з прагнознай рызыкай. Ня выключана, што працэсы ўцягваньня Беларусі ў праекты Масквы ўжо незваротныя».

Цыганкоў: «Вадзім, ці бачыце вы нейкі палітычны сэнс у апошняй актывізацыі рэпрэсіўнай машыны? Або проста аўтаматычна працуе мэханізм, які прыпыняе працу толькі тады, калі яму загадваюць спыніцца?»

Казначэеў: «Безумоўна, апошняе. Насамрэч, я ня бачыў ніякай „адлігі“
Машына як запрацавала пасьля 19 сьнежня, гэтак і працуе ...

ці „раўнавагі“. Машына як запрацавала пасьля 19 сьнежня, гэтак і працуе. Здарыўся крызіс, магчымыя нейкія выступы, і іх трэба прадухіляць. І рэч ня ў тым. што тут менавіта „Малады фронт“ — проста трэба душыць усё тое, што варушыцца. І гэта робіцца дастаткова пасьлядоўна. У краіне ўсе павінны стаць па стойцы „зважай“.

Што тычыцца свабоды манэўру для Лукашэнкі, то я згодны — ён сваімі дзеяньнямі яе для сябе значна звузіў. Але за кошт лібэралізацыі пакуль не гатовы яе пашырыць».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG