Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад дэвальвацыі ў Беларусі Bosch зьбяднеў на 6 мільёнаў эўра


Герхард Пфайфэр

Герхард Пфайфэр

Усясьветныя вытворцы падлічваюць страты ад мінулагодняй дэвальвацыі ў Беларусі. Так, паводле афіцыйных зьвестак ад кіраўніцтва групы кампаній Bosch, у выніку макраэканамічных складанасьцяў, зь якімі краіна сутыкнулася летась, абарот канцэрну на беларускім рынку зьнізіўся на 14%.

Беларусь — адзіная краіна рэгіёну, дзе замежныя бізнэсоўцы канстатуюць спад дзелавой актыўнасьці. Як паведаміў на штогадовай прэс-канфэрэнцыі ў Маскве прэзыдэнт кампаніі «Робэрт Бош», паўнамоцны прадстаўнік групы Bosch у Расеі, Беларусі, Украіне, Сярэдняй Азіі і на Каўказе Герхард Пфайфэр, па выніках 2011 году аб’ём продажаў кампаніі на беларускім рынку склаў 38 мільёнаў эўра.

Годам раней гэты паказьнік перавышаў 44 мільёны эўра і былі спадзяваньні на дынамічнае разьвіцьцё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Аднак папулісцкая шмат у чым палітыка беларускага кіраўніцтва прывяла да трохкротнага абясцэньваньня рубля і паралічу на валютным рынку. Замест прагрэсу давялося гаварыць пра рэгрэс. Крыху ўдалося паправіць вынікі пад канец году, калі пасьля зацягнутага бязьдзеяньня ўлады ўсё ж зрабілі захады дзеля фінансавай стабілізацыі. У іншым выпадку страты былі б нашмат большыя:

«Аб’ём нашага продажу ў Беларусі па выніках 2011 году склаў 38 мільёнаў эўра, і я спадзяюся, што сёлета мы здолеем дасягнуць павелічэньня гэтай лічбы. Але, падкрэсьлю, пра гэта можна казаць у тым выпадку, калі не адбудзецца нейкіх
мы шчыльна супрацоўнічаем зь БелАЗам ...

буйных палітычных ці фінансавых узрушэньняў на рынку, аналягічных тым, якія здарыліся ў Беларусі ў сакавіку мінулага году, калі ў выніку эканамічнага спаду разьвіцьцё нашага бізнэсу пацярпела. Што да сэгмэнтаў, у якіх мы плянуем зафіксаваць рост, то гэта найперш сыстэмы аўтаматызацыі і кантролю. У гэтым сэгмэнце мы шчыльна супрацоўнічаем зь БелАЗам, і калі прадпрыемства надалей будзе пасьпяхова разьвівацца, то і наш бізнэс будзе прыносіць плён. Гэтаксама мы мяркуем дасягнуць росту ў сэгмэнтах бытавой тэхнікі, электраінструмэнтаў, іншых сфэрах. Я думаю, што мы ўсё ж здолеем выйсьці на дакрызісны ўзровень фінансавых паказьнікаў», — падкрэсьлівае Герхард Пфайфэр.

Па іншых краінах рэгіёну Bosch падае зусім іншыя лічбы. Самы стратэгічна важны рынак для ўсіх сэктараў бізнэсу — расейскі — даў летась 50-працэнтны прырост, давёўшы аб’ём продажаў да 1 мільярду эўра. Ва Ўкраіне продажы групы кампаній Bosch вырасьлі ў 2011 годзе на 20%, рэкордныя паказьнікі дэманструюць Сярэдняя Азія і краіны Каўказу, дзе рост аб’ёму продажаў зафіксаваўся на адзнаках 86% і 150% адпаведна. Як кажа Герхард Пфайфэр, справа гонару — аднавіць маштабы дзейнасьці ў Беларусі, якая пакуль што рэзка выпадае з пасьпяховай кампаніі блізкіх і далёкіх суседзяў:

«Наша галоўная мэта — рабіць бізнэс, а не палітыку. Чым мы і займаемся праз нашае прадстаўніцтва ў Беларусі. Нашы фінансавыя вынікі ў Беларусі цягам цэлага шэрагу гадоў былі дастаткова высокія. Гэта калі не акцэнтавацца на мінулым годзе, калі ў сілу розных прычын адбыўся спад. На шчасьце, да канца 2011-га нам удалося вярнуцца да паказьнікаў росту, мы заклалі станоўчую тэндэнцыю, і я ўпэўнены, што гэта спрычыніцца да посьпеху ў дасягненьні неабходных фінансавых паказьнікаў. Апроч таго, варта памятаць, што Беларусь — сябра Мытнага саюзу, што дае нам яшчэ шырэйшыя пэрспэктывы для разьвіцьця бізнэсу ў Расеі і Беларусі — як у дзьвюх суседніх дзяржавах. Як прыклад, гэта адкрывае добрыя пэрспэктывы ў галіне лягістыкі. І, вядома ж, мы б вельмі хацелі, каб Беларусь як найхутчэй перайшла на стандарт „Эўра-4“. Неўзабаве ён будзе ўведзены ў Расеі, і Беларусі трэба будзе толькі ўзяць і скапіяваць расейскі досьвед».

Нягледзячы на рэпутацыю Беларусі як краіны зь непрадказальным бізнэс-кліматам, нямецкія бізнэсоўцы працягваюць распачатыя праекты. Ідуць пастаўкі гідраўлічнага абсталяваньня на жодзінскі БелАЗ і Менскі трактарны завод (дарэчы, падобнай тэхнікай падчас маштабнага рамонту быў абсталяваны і сталічны цырк).

Пастаўляюцца аўтамабільныя кампанэнты для ўсіх стандартных рухавікоў Менскага аўтазаводу. У прыватнасьці, супрацоўніцтва з МАЗам уключае ў сябе адаптацыю і тэставаньне рухавікоў новага пакаленьня стандартаў «Эўра-4» і «Эўра-5» і навучаньне пэрсаналу дыягностыцы і рамонту аўтамабіляў. Пашыраецца сетка аўтарызаваных станцыяў тэхнічнага абслугоўваньня — іх колькасьць наблізілася да трох дзясяткаў.

Асобным пунктам стаяць бытавыя прыборы і тэхніка, а таксама электраінструмэнт маркі Bosch. На іх у Беларусі попыт стабільны нават у крызіс.



Пра буйныя страты ў зьвязку з валютным крызісам у Беларусі заяўлялі і іншыя замежныя бізнэс-структуры. Так, аўстрыйская Telekom Austria — уладальніца беларускага апэратара мабільнай сувязі Velcom — падлічыла, што выручка па выніках 2011 году скарацілася на 24% — да 260 мільёнаў эўра з 343 мільёнаў эўра ў 2010 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG