Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб схуднець і ня піць, трэба страўнік ушыць


Некаторыя людзі, каб схуднець, паддаюцца хірургічнай апэрацыі, якая памяншае памеры страўніка.

Адзін зь відаў такой апэрацыі — які называюць «страўнікавым шунтам» — палягае на перашываньні страўніка хірургічнымі клямарамі. Большую частку страўніка робяць недаступнай для ежы, а меншую частку спалучаюць з тонкай кішкай. Такім чынам ежа абмінае большую частку страўніка і нейкую частку кішак. Гэта значна абмяжоўвае колькасьць ежы, якую можа спажыць чалавек пасьля «страўнікавага шунту», ды колькасьць спажыўных рэчываў, якія засвойвае арганізм.

Паводле нядаўняга досьледу, аб якім распавядае амэрыканскі часопіс «New Scientist», людзі, якія прайшлі такую апэрацыю, спажываюць менш алькаголю, чым перад апэрацыяй. Было прааналізавана 80 тысяч розных апэрацый памяншэньня страўніка, але меншае спажываньне алькаголю адзначана толькі ў выпадку «гастрычнага шунту».

Каб дасьледаваць гэты фэномэн глыбей, «гастрычны шунт» рабілі і пацукам, якіх раней прывучылі да спажываньня алькаголю. Пасьля апэрацыі аказалася, што і пацукі, так бы мовіць, кінулі выпіваць.

Дасьледнікі падазраюць, што адказным за такія нечаканыя наступствы «гастрычнага шунту» зьяўляецца гармон пад назвай GLP-1, які пачынае інтэнсіўна выдзяляцца ў тонкай кішцы пацыента пасьля апэрацыі. Гэты гармон, кажуць навукоўцы, вандруе ў крыві да мозгу, дзе выклікае рэфлекс агіды да ежы. Яны падазраюць, што GLP-1 адначасова выклікае і агіду да алькаголю.

Цяпер дасьледнікі ўзяліся за мышэй — ім падаюць лякарства ад дыябэту, якое павышае ўзровень GLP-1 у арганізьме. Навукоўцы спадзяюцца, што ім удасца знайсьці лек, які дапаможа алькаголікам пазбавіцца ад алькагалізму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG