Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД распачынае Год памяці


95 гадоў таму, 25 траўня 1917 году ў менскім Катэдральным касьцёле адбыўся сход каталіцкіх сьвятароў, які паклаў пачатак Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, паведаміла на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі адна зь лідэраў цяперашняй БХД Валерыя Чарнаморцава:

«У гістарычнай памяці беларусаў склалася такое, што адраджэнцамі былі ў асноўным сацыялісты і камуністы. І амаль што забыты такі альтэрнатыўны шлях беларускага адраджэньня, як хрысьціянская дэмакратыя».

Сярод айцоў-заснавальнікаў і ідэолягаў БХД былі такія вядомыя хрысьціянскія дзеячы, як Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі, якога фашысты расстралялі на каталіцкі Вялікдзень у 1942 годзе. Адам Станкевіч загінуў ад рук бальшавікоў у ГУЛАГу. На ўшанаваньне іх памяці, а таксама ўсіх дзеячоў хрысьціянскага адраджэньня, актывісты БХД распачынаюць Год памяці, які будзе праходзіць у выглядзе вандровак і экскурсій, мастацкіх выставаў, навуковых канфэрэнцыяў. Пра галоўную акцыю паведамляе адзін зь лідэраў БХД Дзяніс Садоўскі:

«Гэта акцыя перайменаваньня вуліц. Многія вуліцы ў розных гарадах, нават такія, дзе стаяць касьцёлы, маюць савецкія назвы: Камуністычная, Ленінская, Савецкая і гэтак далей. Мы хацелі б такую сытуацыю зьмяніць, і ў Віцебску такая акцыя ўжо распачалася – збор подпісаў за перайменаваньне вуліцы. Таксама гэтая праца будзе праводзіцца ў Глыбокім, Слоніме, Гародні – усяго ў 10 гарадах. Спадзяемся, што дзесьці яны стануць выніковымі. І дзеля гэтага будзем працаваць зь вернікамі, мясцовымі сьвятарамі, каб яны таксама ўплывалі на мясцовыя ўлады».

Актывісты БХД спадзяюцца, што да акцыі ўшанаваньня памяці хрысьціянскіх дэмакратаў-адраджэнцаў далучацца палітычныя партыі і рухі, шырокая грамадзкасьць, а таксама каталіцкі касьцёл. Гаворыць Валерыя Чарнаморцава:

«Гэта ня справа партыі – мы ініцыюем гэтую кампанію і хацелі, каб да яе далучылася грамадзкасьць, і найперш каталіцкі касьцёл. Бо ўсё ж заснавальнікамі БХД былі найперш каталіцкія ксяндзы. І мы вельмі парадаваліся, што быў усталяваны крыж і адбылася малітва на месцы гібелі Адама Станкевіча ў Тайшэце. Спадзяёмся, што менавіта касьцёл зоймецца такой справай, як арганізацыя навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай ксяндзам-заснавальнікам БХД».

Сёньня лідэры БХД перадалі адмысловы зварот кіраўніцтву каталіцкага касьцёла ў Беларусі, а таксама ўсклалі кветкі да крыжа ў Катэдральным касьцёле ў гонар 95-й гадавіны БХД і ў памяць яе заснавальнікаў (на здымку).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG