Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смалявічы: першы крок да мясцовага рэфэрэндуму


Сьмелай хадою да ўлады
Сьмелай хадою да ўлады

Сёньня жыхары й дачнікі Смалявіцкага раёну перадалі мясцовай уладзе подпісы, сабраныя дзеля стварэньня ініцыятыўнай групы, якая будзе рыхтаваць мясцовы рэфэрэндум.

Пытаньне, на якое прапануецца адказаць людзям: ці пагаджаюцца яны на будаўніцтва на сваёй зямлі кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

Ля будынку Смалявіцкага райвыканкаму раніцай гуртаваліся тутэйшыя жыхары, дачнікі й актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Кампанія паводле дамовы забясьпечвае партнэрскую дапамогу людзям й арганізацыям, якія пратэстуюць супраць плянаванага будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парку на тэрыторыі 80 квадратных кілямэтраў.

Раней «Свабода» паведаміла, што ініцыяваць мясцовы рэфэрэндум дачнікі й жыхары Смалявіцкага раёну калектыўна вырашылі на агульным сходзе яшчэ 10 сакавіка. За прамінулы час сабралі неабходную колькасьць подпісаў у падтрымку ініцыятыўнай групы й вызначылі фармулёўку пытаньня. Яно гучыць так: «Ці згодныя вы з рашэньнем улады стварыць кітайска-беларускі індустрыяльны парк на тэрыторыі Смалявіцкага раёну?»

Подпісы ў райвыканкам даставілі тутэйшыя жыхары. І вось што паведаміла «Свабодзе» спадарыня Яніна:

«Я дастаткова сур’ёзна перачытала ўсе заканадаўчыя акты, якія існуюць на гэтую тэму ў Беларусі, і, вядома, Закон аб мясцовым самакіраваньні. І на сёньняшні дзень я перакананая, што ўся наша вёска Быкачына супраць будоўлі гэтага парку. Людзі заяўляюць, што гэта іх радзіма і яны будуць да канца стаяць і змагацца за гэтую радзіму.

Вы зразумейце, што гэта вельмі сур’ёзна! У людзей жа зараз нічога няма, акрамя ўласнай хаты... Таму думка наша не зьмянілася».

Карэспандэнт: «Аднак людзі скардзяцца, што ім не хапае афіцыйнай інфармацыі...»

Спадарыня Яніна: «Вядома ж! Усё, што тут адбывалася ад лютага — былі толькі размовы. І гэта найбольш турбуе. Бо дзе мы ні былі — у райвыканкаме, Міністэрстве эканомікі і ў аддзеле па інвэстыцыях, сустракаліся зь віцэ-прэм’ерам Анатолем Тозікам — гэта ўсё былі размовы і ні-чо-га іншага, ніякіх дакумэнтаў... І што з гэтым рабіць? Гэта ж як барацьба зь нейкім прывідам».

Імянныя подпісы жыхароў і дачнікаў Смалявіцкага раёну
Імянныя подпісы жыхароў і дачнікаў Смалявіцкага раёну


Да размовы далучаецца спадарыня Ірына — жыхарка смалявіцкай вёскі Заямнае:

«У нас людзі не супакоіліся. Зараз яны патрабуюць ад улады гарантыі на абяцаньні, што «мы вас не кранем». Але мы гэтаму ня верым. На сёньня гэта толькі фраза, кшталту «баба Маня сказала на рынку». І таму ў Менск зь вёскі накіравана 800 подпісаў з просьбамі: «Дайце гарантыі, што цяпер нас не зачэпіце, а ў будучым ня створыце такія ўмовы, якія змусяць нас пакінуць гэтыя мясьціны...»

Яшчэ адна наша суразмоўніца Тацьцяна прызнаецца, што запалоханая магчымым будаўніцтвам кітайскага індустрыяльнага парку і зьвязанай з гэтым пагрозай страціць маёмасьць, на якую пайшлі лепшыя гады жыцьця. Спадарыня Тацьцяна кажа:

«Я — пэнсіянэрка. Некалі ў мяне была магчымасьць пабудаваць лецішча. Гэта — драўляны домік. Другога такога я ўжо не пабудую. Гэта для мяне вельмі цяжкая праца. Тым больш, што і грошай ужо няма.

Акрамя таго, у мяне добры сад. Яму 30 гадоў! То хаця б нам улады паабяцалі, што будзе пэўная кампэнсацыя. Але нічога! Проста пагражаюць выгнаць. І куды нам пасьля гэтага дзецца?!»

Міхась Пашкевіч
Міхась Пашкевіч
Падсумоўваем вынікі дня ў Смалявічах зь Міхаілам Пашкевічам. Ён — актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якая аказвае партнэрскую дапамогу дачнікам і мясцовым жыхарам. Сёньня Міхаіл Пашкевіч, у прыватнасьці, дапамагаў перадаць у Смалявіцкі райвыканкам подпісы.

Перадусім ён зьвяртае ўвагу на тое, што сёньня чыноўнікі й міліцыянты аніяк не перашкодзілі наведаць райвыканкам і перадаць подпісы:

«Мне падаецца, што ўсё ж такі чыноўнікі навучыліся на сваіх памылках, што кожны крок, якія яны робяць супраць нас, кожная іх сілавая рэпрэсія ці нават дробнае хамства насамрэч трапляе да нас у актыў, а ня ім.

Кожны крок любога зь міліцыянтаў са Смалявічаў, які імкнецца нас затрымліваць і чыніць перашкоды — гэта насамрэч на карысьць жыхароў Смалявіцкага раёну й грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“. Бо людзі цудоўна ўсьведамляюць: як толькі здараюцца перашкоды з боку ўлады, значыць, гэтая ідэя чагосьці вартая.

Мы зьбіралі подпісы, мы выбілі гэтыя гарантыі, пра якія цяпер кажа Анатоль Тозік. Мы дамагліся таго, што і Лукашэнка зараз дае даручэньні кіраўніку Меншчыны Барысу Батуру займацца гэтай праблемай з павагай да людзей.

Што будзе далей? Шмат людзей сумняваюцца, што ўлада дазволіць правесьці плянаваны намі рэфэрэндум. Але як на мяне, то давайце дачакаемся. Нам у лютым і сакавіку казалі: „Ну куды вы лезеце? Тут нікога гэта не хвалюе“. Хвалюе!

А калі мы паглядзім, колькі яшчэ такіх праектаў ладзіцца за кошт грамадзянаў Беларусі, то я мяркую, што мы ствараем вельмі добры прэцэдэнт. Так што дачакаемся пераменаў!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG