Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вус хоча зьмяніць Выбарчы кодэкс


Дзьмітры Вус
Дзьмітры Вус

Сёньня былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, а цяпер кіраўнік ініцыятыўнай групы ў справе зьменаў выбарчага заканадаўства Дзьмітры Вус накіраваў дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі групы, у Цэнтральную выбарчую камісію.

Вус і яго прыхільнікі хочуць скарыстацца правам заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў і зьмяніць некаторыя нормы Выбарчага кодэксу.

Дзейнае заканадаўства прадугледжвае зьмены выбарчых правілаў з ініцыятывы грамадзян. Для гэтага трэба сабраць ня меней за 50 тысяч подпісаў выбарцаў. Гэтым і зоймецца ініцыятыўная група, якую спадар Вус ужо стварыў. Але безь яе рэгістрацыі ў ЦВК і адпаведнага дазволу пачынаць працу нельга.

Дзьмітры Вус сказаў «Свабодзе», што паспрабуе выканаць усе працэдуры, якія прадугледжаныя законам:

«Гэта трэба зрабіць. Я ўпэўнены, што і Эўропа, і ЗША, і Расея, у тым ліку, схільныя да таго, каб улада ў Беларусі была легітымная. Ніхто не зацікаўлены, каб улада была ўзурпаваная адным чалавекам, каб адбывалася запалохваньне людзей. Таму ўладу трэба абіраць дэмакратычным шляхам».

У ініцыятыўнай групе Вуса — 300 чалавек.

«Якія палітычныя сілы вас падтрымліваюць?»

«На словах ці справай? Калі па справе, то атрымліваецца, што толькі звычайныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Больш ніхто».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прызнае, што Дзьмітры Вус запрашаў яго асабіста ўвайсьці ў склад рабочай групы:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Я падзякаваў. Але ёсьць іншыя функцыі і задачы, якія павінен вырашаць лідэр. А што да ўваходжаньня сяброў нашай партыі, то мы гэта толькі віталі. Бо гэта перасякаецца з нашай партыйнай кампаніяй — „За сумленныя выбары без Лукашэнкі“. Таму тым, хто асабіста пажадаў падтрымаць Вуса, не было ніякіх перашкодаў.

Да таго ж на пачатку было агучана, што ёсьць тысяча чалавек, якія жадаюць увайсьці ў групу. Гэта болей чым дастаткова, каб рэалізоўваць гэтую ідэю на практыцы».

«Канечне, зьмяняць выбарчае заканадаўства неабходна, — сказаў „Свабодзе“ спэцыяліст у гэтай галіне права Сяргей Альфер. — Аднак найперш трэба мяняць практыку яго ўжываньня»:

Сяргей Альфер
Сяргей Альфер
«Пытаньне ў тым, як зрабіць, каб выконваўся закон. Чаму ў той жа Вэнэсуэле пры ўсім пры тым праходзяць свабодныя і справядлівыя выбары? І ніхто ня кажа, што там вынікі фальсыфікуюць. У той жа М’янме апазыцыя выйграла 30 зь лішнім мандатаў. І нават у хунты ў мазгах не было фальсыфікаваць вынікі. А ў Беларусі ў мазгах няма зрабіць выбары свабоднымі і справядлівымі.

Вус, канечне, прыстойны, добры чалавек. Але — ідэаліст. І тым ня менш ягоная ініцыятыва — гэта яшчэ адзін маленькі крок да таго, каб у Беларусі існавала вяршэнства закону. Хай працуе».


Асноўныя зьмены, якія прапануе ініцыятыўная група:

— кандыдаты ў прэзыдэнты і дэпутаты павінны атрымаць права ўключэньня сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі;

— павінен быць асобны падлік галасоў па кожным кандыдаце, бюлетэні павінны раскладацца па асобных стосах, а перад гэтым паказвацца ўсім сябрам камісіі і назіральнікам;

— сябры камісій ад кандыдатаў маюць права паставіць на адваротным баку бюлетэня свае подпісы, каб улады не маглі ўкідаць у скрыні дадатковыя бюлетэні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG