Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як толькі гісторык Уладзімер Мядзінскі быў прызначаны міністрам культуры, крытыкі адразу назвалі яго новым міністрам прапаганды. Гэта можа быць недалёкім ад ісьціны, піша газэта Moscow Times.

Сваёй асноўнай задачай Мядзінскі бачыць барацьбу супраць таго, што ён лічыць шырокай русафобіяй — як з боку замежнікаў, так і расіян. Ён зьяўляецца аўтарам шэрагу кніг аб самых распаўсюджаных «мітах» пра Расею — перш за ўсё, агульнапрынятых перакананьнях, што расейцы гістарычна схільныя да алькагалізму, ляноты, карупцыі і «моцнай рукі». У прадмове да кожнай кнігі ён тлумачыць, што сэрыя была напісана не для замежнікаў, большасьць зь якіх, верагодна, не адмовяцца ад гэтых глыбока ўкаранёных стэрэатыпаў, а для расейцаў, якія чыталі і чулі так шмат шкоднай антырускай прапаганды, што, бадай, на самой справе паверылі у нешта з гэтага.

Яшчэ адна патрыятычная задача, якую ставіць перад сабой Мядзінскі, заключаецца ў бітве з гісторыкамі, журналістамі і аўтарамі, якія нібыта скажаюць і ганьбуюць гісторыю Расеі. Ад 2010 па 2012 год ён зьяўляўся членам прэзыдэнцкай камісіі па барацьбе з фальсыфікацыяй гісторыі.

Тым ня менш, здаецца, што Мядзінскі паставіў свой уласны рэкорд па гістарычнай фальсыфікацыі. Напрыклад, у нядаўнім інтэрвію тэлеканалу «Дождь», ён сказаў, што агульнапрынятае ўяўленьне, што ў царскай і Савецкай Расіі існаваў сыстэмны антысэмітызм, «моцна перабольшанае». Гісторыя антысэмітызму ў краіне, паводле Мядзінскага, пераважна абмяжоўваецца чарнасоценцамі і некалькімі пагромамі больш за сто гадоў таму.

Як вядома, спансаваны дзяржавай антысэмітызм — у тым ліку, строгія квоты па габрэях на вядучыя ўнівэрсытэцкія катэдры і спэцыяльнасьці ад сталінскага пэрыяду да канца Савецкага Саюзу — быў адзінадушна асуджаны на Захадзе. У прыватнасьці, Злучаныя Штаты прынялі папраўку Джэксана-Вэніка ў 1974 годзе ў якасьці меры пакараньня ў адносінах да савецкай практыкі, якая абмяжоўвае правы габрэяў на эміграцыю.
Ляяльнасьць да Крамля і яго кіруючай партыі стала самым важным крытэрам пры прызначэньні на дзяржаўныя кіруючыя пасады

Але любімай тэмай гістарычных фальсыфікацыяў зьяўляецца ў Мядзінскага другая сусьветная вайна. Напрыклад, ён сьцьвярджае, што савецкія войскі так і не ўварваліся ў Польшчу і краіны Балтыі і не акупавалі іх, а «інкарпаравалі». Гэтыя стандартныя тлумачэньні ўзятыя з савецкіх падручнікаў гісторыі — тых жа падручнікаў, якія тлумачылі, як на працягу 40 гадоў ўсходнія эўрапейцы ахвотна выбралі камуністаў ва ўладу ў выніку свабодных і справядлівых выбараў у краінах Варшаўскай дамовы.

Іншыя сьцьвярджэньні Мядзінскага: калі савецкія ваеннапалонныя былі вернутыя ў Савецкі Саюз, толькі 10 адсоткаў зь іх былі адпраўленыя ў турмы ГУЛАГу, а астатнія 90 адсоткаў былі альбо накіраваныя назад у войска, альбо вызваленыя ад ваеннай службы. Або аб тым, што знакамітая фатаграфія на якой савецка-германскія войскі сьвяткуюць сумесную перамогу над Польшчай у Берасьці 22 верасьня 1939 году, была «фаташопам».

Тыя, хто ня згодныя зь ім у гэтых пытаньнях, паводле Мядзінскага, маюць свае ўласныя прычыны ненавідзець Расею і іх мэта — зганьбаваць рэпутацыю Расеі і лжыва прадставіць яе як адсталую, тыранічную і дзікую краіну.

Мядзінскі, аднак, у вачах Крамля мае тры важных атрыбуты, якія пераважаюць над усім астатнім: ён узорны лідэр «Адзінай Расеі», верны прыхільнік Пуціна і дэмагог высокага ўзроўню. Мядзінскі ў партыі ад самага яе пачатку, і вырас ад шараговага партыйца да сябра вышэйшай рады. У часе апошняй прэзыдэнцкай кампаніі ён быў сярод тых, каму даверылі выступаць ад імя Пуціна

Прызначэньне Мядзінскага зьяўляецца яркай ілюстрацыяй таго, як ляяльнасьць да Крамля і яго кіруючай партыі стала самым важным крытэрам пры прызначэньні на дзяржаўныя кіруючыя пасады — гэтак жа, як у савецкі пэрыяд. Аналягічным чынам Ігар Холманскіх, рабочы найбуйнейшага танкавага заводу ў Расеі, на мінулым тыдні быў прызначаны паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта ва Ўральскай фэдэральнай акрузе. Холманскіх увайшоў у палітыку пасьля свайго тэлефоннага званка, які ён зрабіў у сьнежні Пуціну ў жывым этэры, прапанаваўшы ад імя сваіх калег-рабочых дапамагчы ачысьціць Маскву ад пратэстоўцаў. Дарэчы, Пуцін таксама даў дазвол Холманскіх адкрыта гаварыць ад яго імя падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

Пытаньне цяпер заключаецца ў тым, ці будзе выкарыстоўваць Мядзінскі сваю міністэрскую пасаду для прапаганды рэтушаванай, рэвізіянісцкай вэрсіі рускай гісторыі, у той час як тых, хто кажа праўду пра агідныя моманты мінулае Расіі, будуць кляйміць як «русафобаў».

Пачынаючы ад савецкіх часоў, Крэмль заўсёды лічыў, што ён можа фармаваць і накіроўваць патрыятызм расейцаў. Як міністар культуры, Мядзінскі мае высокую кваліфікацыю, каб працягнуць гэтую традыцыю.

Michael Bohm, The Moscow Times

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG