Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў у Полацку, што чалавек мае права сам выбіраць, на якой дзяржаўнай мове яму навучацца — расейскай або беларускай.

«Навошта ўздымаць пытаньні, калі яны даўно вырашаныя або спакойна вырашаюцца самі па сабе», — заявіў Лукашэнка, наведваючы ў пятніцу Полацкі дзяржаўны унівэрсытэт.

Гэтае пытаньне ўзьнікла падчас наведваньня прэзыдэнтам бібліятэкі гістарычнага факультэту ўнівэрсытэту, калі ён убачыў падручнікі па гісторыі на расейскай мове.

«Чаго вы вырашылі перайсьці на адну мову?», — спытаў Ааляксандар Лукашэнка ў чыноўнікаў, якія яго суправаджалі. «Навошта лезьці ў гэтыя пытаньні? Хоча Косінец (старшыня Віцебскага аблвыканкаму) вывучаць на беларускай мове гісторыю сярэдніх стагодзьдзяў — хай вывучае. Хоча Радзькоў (першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта) вывучаць на расейскай мове — хай вывучае», - сказаў кіраўнік Беларусі.

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, камэнтуючы «Свабодзе» моўныя выказваньні Лукашэнкі ў Полацку, заявіла:

Алена Анісім

Алена Анісім

«Цяжка сказаць, чаму менавіта на ўзроўні прэзыдэнта павінны вырашацца такія пытаньні аб мове падручнікаў гісторыі. Можа, таму, што ён гісторык паводле адукацыі? Праблема ж палягае ў тым, што ТБМ зьвярталася ў Міністэрства адукацыі з тым, каб геаграфія і гісторыя Беларусі выкладаліся ў школах на беларускай мове незалежна ад асноўнай мовы выкладаньня. На гэта нам быў дадзены адказ аб іх плянах выданьня беларускамоўных падручнікаў, а намесьнік міністра Казімір Фарыно адказаў, што ў 2012 годзе гэтага рабіць ня будуць. Відаць, у сувязі з гэтым і выказаўся кіраўнік краіны. Па сутнасьці сваёй гэта дэмакратычнае выказваньне: хто на якой мове жадае вывучаць прадметы, можа гэта рабіць у межах Канстытуцыі».

Спадарыня Анісім зазначыла, што прынцыповая пазыцыя ТБМ у гэтым пытаньні засталася нязьменнай: арганізацыя за тое, каб гісторыя Беларусі выкладалася па-беларуску.

Алена Анісім прызнала, што навучаньне на беларускай мове ў Беларусі рэалізаваць нашмат складаней, чым калі хто жадае вучыцца па-расейску:

«Правы беларускамоўнага грамадзяніна забясьпечваюцца нашмат горш, чым расейскамоўнага».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG