Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскі тэлеканал адказвае на закіды беларускай амбасады


Фільм, падрыхтаваны журналістамі TVN, быў паказаны 8 траўня ў эфіры праграмы Superwizjer гэтага тэлеканалу.

22 траўня амбасада Беларусі ў Варшаве «рашуча асудзіла» дэманстрацыю фільму. У камэнтары, разьмешчаным на афіцыйным сайце дыппрадстаўніцтва, адзначалася: пададзеная ў фільме інфармацыя зьяўляецца «катастрафічнай маніпуляцыяй» і «ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю».

У афіцыйным адказе, апублікаваным увечары 24 траўня, тэлекампанія TVN дзякуе амбасадзе Беларусі за зацікаўленасьць іх працай.

«Аднак мы ня можам пагадзіцца з выстаўленымі абвінавачваньнямі ў несумленнасьці нашай працы. Мы заўсёды кіруемся прынцыпамі праверкі любой інфармацыі, якая зьбіраецца пры падрыхтоўцы рэпартажу. У лісце пасольства Рэспублікі Беларусь не зьявілася ніякіх канкрэтных фактычных закідаў», — сказана ў заяве.

«Рэдакцыя праграмы Superwizjer пратэстуе супраць абвінавачаньня ў „катастрафічнай маніпуляцыі“ на адрас аўтара фільму „Як выглядае правасудзьдзе ў Беларусі“. Пра тое, ці быў матэрыял зманіпуляваны або заснаваны на ілжывай інфармацыі і доказах ў дэмакратычнай дзяржаве канчаткова вырашае толькі незалежны суд », - падкрэслівае тэлеканал.

Польскія тэлевізійнікі звяртаюць увагу беларускай амбасады на тое, што «ня толькі рэдакцыя Superwizjerа крытычна ацаніла нядобрасумленнасьць судовага працэсу над асобамі, абвінавачанымі ў выбуху ў менскім мэтро».

«Па гэтым пытаньні выказаліся таксама камітэт па правах чалавека ААН і Эўрапарлямэнт. Акрамя таго, міжнародная грамадзкасьць неаднаразова заклікала беларускі рэжым ўстрымацца ад выкананьня сьмяротнага прысуду і правесьці паўторны працэс. Гэтыя пратэсты абапіраліся на аналіз доказнай базы, прадстаўленай ў судзе», — гаворыцца ў заяве.

Яго аўтары адзначаюць, што «здымачная група Superwizjera прадставіла ў фільме сабраныя ёю самою доказныя і тэлевізійныя матэрыялы».

«Мы б хацелі, каб беларусы, як грамадзяне любой іншай дзяржавы, у якой пануе свабода слова, маглі ўбачыць і польскі, і беларускі фільм. Тады яны змогуць самі ацаніць, у якім зь іх прысутная маніпуляцыя. Калі ж амбасада Рэспублікі Беларусь зацікаўленая ў паказе ў Польшчы беларускага фільма „Мэтро“, мы просім даць нам яго польскамоўную вэрсію — тады мы зможам разьмясьціць гэты матэрыял на інтэрнэт-старонцы Superwizjera. Гэта дазволіць польскім гледачам сфарміраваць сваё меркаваньне на прадмет надзейнасьці і сумленнасьці працы журналістаў », - заяўляе TVN.
XS
SM
MD
LG