Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму гішпанскія трускалкі таньней, чым беларускія


На харчовых рынках у Беларусі ня надта багаты выбар айчыннай гародніны й садавіны. На паліцах пераважаюць завезеныя з-за мяжы трускалкі, бананы, гуркі, памідоры, а таксама яблыкі й перцы. Пры гэтым імпартная садавіна і гародніна часта больш танная, чым вырашчаная ў Беларусі. Часам гандляры выдаюць заморскія ягады й памідоры за беларускія — тады іх больш ахвотна купляюць.


У Гомелі імпартныя трускалкі каштуюць 35–40 тысяч рублёў за кіляграм, а беларускія — 50–55 тысяч. Чаму?

На Цэнтральным рынку Гомеля ўжо дзён дзесяць прадаюць сьвежыя трускалкі — беларускія ды замежныя. Беларускія — найбольш з агракамбінату «Ждановічы», замежныя — з Гішпаніі ды Турцыі. І калі замежныя каштуюць 40 тысяч рублёў за кіляграм, то беларускія — 55 тысяч. Пра гэта апавядае прадавачка гародніны на рынку спадарыня Наташа:

«Імпартныя — 35–40 тысяч за кіляграм. Беларускія — дарагія. Мясцовыя, у прыватнасьці, 50–55 тысяч. Імпартны тавар таньнейшы, чым наш».

Гандляры таксама паведамілі: імпартныя трускалкі апошнімі днямі перасталі паступаць на рынак з-за таго, што чатыры аўтафургоны ўжо тыдзень стаяць на беларускай мытні. А беларускія трускалкі з прычыны дарагоўлі гараджане купляюць неахвотна.

Спадарыня Вольга тлумачыць дарагоўлю беларускіх ягад мноствам розных пасярэднікаў, кожны зь якіх хоча мець сваю «накрутку» — хто за ўгнаеньні, хто за перавозку, хто за перапродаж:

«Шмат хочуць мець накрутак, калі свае прадаюць. Калі можна так сказаць, дармаедаў шмат».
Вулічны гандаль у Гомелі.
Вулічны гандаль у Гомелі.

Сёньня на рынку прыватнікі з Украіны прадавалі й свае трускалкі, а таксама тамтэйшыя чарэшні новага ўраджаю:

Гараджанка: «Чарэшні колькі каштуюць?»

Гандляр: «Пяцьдзясят тысяч за кіляграм».

Гараджанін: «А клубніцы?»

Гандляр: «Сорак тысяч — з Адэсы».


Памідоры з Херсону таньнейшыя, чымсьці з прыгараднай «Бярозкі»

Багата на рынку й памідораў з Украіны. Іх вязуць пераважна з Херсонскай вобласьці. І каштуюць яны 23 тысячы за кіляграм — на 2 тысячы менш, чымся са Ждановічаў альбо з прыгараднай гомельскай гаспадаркі «Бярозкі».

Прадавачка Ірына: «Бачыце, цана пазначана. Тут канкрэтна напісана — 25 тысяч. Вытворцы нашы. Я — прадавачка, ад мяне гэта не залежыць. Нам даюць цэны, і мы гандлюем. Такое наша жыцьцё».

Спадарыня Алена заўважае, што ўкраінская гародніна ў прынцыпе таньнейшая: «Украінскі тавар заўсёды менш каштуе».

Прадаюць на рынку й раньнюю бульбу, але не беларускую, а завезеную з Азэрбайджану. І каштуе яна 10 тысяч рублёў за кіляграм.



Гарадзенскі рынак «Цэнтральны», дзе заўсёды такой парой году не было як прайсьці, цяпер напаўпусты. Перадусім з-за таго, што гандляроў гароднінай і садавіной вельмі мала, а цэны дагэтуль трымаюцца высокія.

Дагэтуль гуркі каштуюць ад 10 да 15 тысяч за кіляграм, а памідоры — пачынаючы ад 20 тысяч і вышэй, пучок радыскі — 5 тысяч, гішпанскі перац — 38 тысяч за кіляграм. Сталы чалавек доўга прыглядаецца да коштаў. Пытаюся, што ён думае пра цэны.

Спадар: «Вельмі завышаныя цэны. Такі час цяпер, што трэба, каб таньнейшыя былі. Яны павінны ўжо апускацца самым натуральным чынам, бо ўраджай ужо пайшоў. І куды ты потым яго падзенеш? Згніе. Аддай людзям таньней, то хутчэй раскупяць і вітаміны паядуць…»

У сытуацыі нам дапамагае разабрацца спадарыня:

Спадарыня: «Ой, ды вядома, цэны кусаюцца, але надвор’е стаяла дрэннае. Я сама вырошчваю на лецішчы, і калі ўжо ў гэты час мы свае гуркі зь цяпліцы елі, то ў гэтым годзе яшчэ няма».

Яшчэ адзін спадар зьвяртае ўвагу на тое, што прадукцыя на рынку нясмачная:

«Каб гэта яшчэ было нашае прадукцыі болей, а то невядома чаго і адкуль панавозілі. А ўсе кажуць, што гэта наша, але ж я на смак адчуваю, што гэта ня наша — бяз водару і смаку».
А ўсе кажуць, што гэта наша, але ж я на смак адчуваю, што гэта ня наша — бяз водару і смаку.

Цікаўлюся ў людзей — чаму на рынку сёлета дагэтуль не відаць трускалак?

Спадар: «Дык яшчэ і зарана. У нас на лецішчы яшчэ праз тыдні два зьявіцца. А завозныя, відаць, нявыгадна прывозіць, ніхто ня купіць па такіх цэнах. Дый хто іх будзе браць, як праз тыдзень пачнуць свае прадаваць?»

Ягоная жонка: «Усе зараз пачнуць свае прадаваць».

Спадарыня: «Завозныя ягады — нейкія шкляныя, бяз смаку. Іх і завозіць баяцца з-за цэнаў. А можа, і на граніцы санітарны кантроль не ўпускае, такое таксама можа быць».

Яшчэ адзін спадар зьвяртае ўвагу на тое, што на рынку няма канкурэнцыі. Таму, маўляў, і цэны высокія. Прыгадвае, як у ранейшыя гады тут было не прабіцца. Паказвае, што толькі адзінкі фэрмэраў гандлююць, а людзі, якія прывозяць зь вёсак гародніну, стаяць на ходніках і прадаюць, бо на рынку дорага плаціць за месца.

Спадар: «Гэта яшчэ добра, што я на пэнсіі і працую, то хоць калі-нікалі можна ўзяць нешта і пасмакаваць, але не паесьці, а толькі пасмакаваць».


Пракамэнтаваць цяперашнюю сытуацыю ў рэгіёнах на рынках садавіны й гародніны пагадзіўся беларускі эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка.

Леанід Заіка
Леанід Заіка
Перадусім экспэрт кажа, што «беларусам трэба нагадваць па дваццаць разоў на дзень, што мы цяпер жывем у Мытным саюзе!» Гэта значыць, тлумачыць Леанід Заіка, што сумы мытных плацяжоў уздымаюць увозны кошт ягад, пладоў ды гародніны.

«Людзі проста не задумваюцца, што сытуацыя зьмянілася і цяпер мы жывем у адным Мытным саюзе, які абараняецца ад імпарту садавіны й гародніны. Да прыкладу, яблыкі ў краінах Эўразьвязу каштуюць па 40 цэнтаў за кіляграм, а ў нас — 1,5 даляра.

Гэтымі днямі я быў у Кіеве і бачыў, што там прадаюць маладую бульбу з Эгіпту. У Беларусі таксама прадаюць такую бульбу, прычым вешаюць на імпартныя прадукты надпіс „Зроблена ў Беларусі“. Гэта робіцца знарок, бо нашаму пакупніку прэзыдэнт і падначаленыя яму чыноўнікі ад раніцы да вечара тлумачыць, што „беларускае — самае лепшае“, нават калі і з Чарнобыльскай зоны…»

Разам зь Леанідам Заікам зьвяртаемся да сытуацыі з трускалкамі на беларускім рынку. Чаму яны цяпер даражэйшыя, чым нават завезеныя з Гішпаніі? Леанід Заіка тлумачыць:

«Гэта таксама праява вялікай эканамічнай прасторы. Спачатку — вываз на поўнач Расеі. Найперш туды накіроўваюць, бо там — даражэй. У Беларусі застаецца толькі нейкая частка, а пасьля — рэшткі ўраджаю.
Скончаць расейцы вывозіць трускалкі, надыдзе пара на агуркі.

Ужо скончыўся той час, калі вясковец сам асобна вывозіў свой ураджай на продаж. Зноў жа дзейнічае адзіная мытная прастора. Прыяжджаюць расейцы з тоўстымі пачкамі грошай, асабліва цяпер, калі яны ў тры разы зарабляюць больш, чым беларусы.

Скончаць расейцы вывозіць трускалкі, надыдзе час на агуркі. Зноў пацягнуцца сюды расейскія грузавікі…

Стварылі Мытны саюз, і пайшоў падзел працы — міжнародны, рэгіянальны, унутрынацыянальны… Дарма што Аляксандар Лукашэнка нешта забараняе ці пагражае адасобіцца. Цяпер варта запытацца ў яго: „А што ты рабіў дваццаць гадоў, куды глядзеў?“»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG