Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шцястны: Шкада, што Фазэль стаў на іншы бок


Ініцыятар пераносу чэмпіянату сьвету-2014 зь Менску былы хакеіст, а цяпер эўрапарлямэнтар Пэтэр Шцястны камэнтуе рашэньне хакейнай фэдэрацыі.

Шэф міжнароднага хакею Рэнэ Фазэль нядаўна пацьвердзіў рашэньне пакінуць чэмпіянат Беларусі, спаслаўшыся на тое, што нельга мяшаць спорт і палітыку. У шырокім інтэрвію, якое сёньня зьмяшчае чэская газэта Lidove noviny, Шцястны паўтарае сваё меркаваньне: спорт ня можа служыць прапагандзе дыктатуры. Паводле Шцястнага, Рэнэ Фазэль зусім не зразумеў, што сытуацыя ў Беларусі драматычна зьмянілася. Рашэньне праводзіць чэмпіянат у Менску было прынятае ў 2009 годзе, але пасьля гэтага былі брутальныя «выбары» 2010-га. Людзей па-ранейшаму арыштоўваюць, лінчуюць на вуліцах, катуюць у вязьніцах... Калі ў такіх умовах правесьці чэмпіянат, то гэта будзе сыгналам сьвету, што «ўсе ў парадку», кажа эўрадэпутат.

Пэтэр Шцястны
Пэтэр Шцястны
​Шцястны таксама зьвяртае ўвагу, што ў сваёй прамове Рэнэ Фазэль ня быў дакладны. У прыватнасьці, ён ужыў выраз «байкатаваць чэмпіянат», але насамрэч гэтага ніхто ня хоча. Гаворка пра тое, кажа былы хакеіст, ці будзе чэмпіянат служыць дэмакратыі і грамадзянам або дыктатару Беларусі. Шцястны выказвае шкадаваньне, што Фазэль выбраў другі бок.

У адказ на пытаньне карэспандэнта, ці не было б лягічным усьлед за пераносам чэмпіянату зь Менску перанесьці і алімпійскія гульні з Сочы, Шцястны згадвае, як сам трэсься ў 1980-м, каб не было байкоту алімпійскіх гульняў у Лэйк Плэсідзе. Шцястны падкрэсьлівае, што спорт ня можа служыць інструмэнтам заганнаму дыктатарскаму рэжыму. Паводле яго, да менскай падзеі яшчэ два гады, і пытаньне зусім не закрытае. Ініцыятар кампаніі пераносу чэмпіянату таксама нагадвае, што ў гісторыі быў не адзін, а тры выпадкі падобных рашэньняў. Два разы чэмпіянат пераносіўся з Прагі – першы раз у сувязі з акупацыяй 1968-га, другі з-за недабудаванага стадыёну. Шцястны лічыць, што «адабраны чэмпіянат» мог бы і вярнуцца ў Менск, але пры ўмове хуткіх і выразных крокаў з боку Лукашэнкі.

Газэта Lidove noviny таксама зьмяшчае анкету на тэму, як вы ставіцеся да правядзеньня хакейнага чэмпіянату ў Беларусі. «Не задумваўся яшчэ пра гэта, – адказвае Томаш Крал, кіраўнік чэскай хакейнай фэдэрацыі. – Але мы нядаўна ад іншых краін атрымалі ў сувязі з гэтым нейкія матэрыялы. Прытрымліваюся думкі, што спорт павінен аб’ядноўваць людзей, а ня быць інструмэнтам палітыкі. Спартовыя сьвяты збліжаюць людзей і прыносяць прагрэсіўныя думкі, што можа таксама мець уплыў і на перамены рэжымаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG